Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі перакананы “ў беспэрспэктыўнасьці любых санкцыяў”


Уладзімер Глод, Менск Сёньня прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў на брыфінгу адрэагаваў на заяву прадстаўніка Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Шона Макормака “Рэпрэсіі ў Беларусі”.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі акцэнтаваў увагу на тым, што беларускі бок не здымае сваіх прапановаў аб супрацоўніцтве са Злучанымі Штатамі:

“Мы па-ранейшаму адкрытыя і гатовыя для разьвіцьця ўзаемавыгаднага, прадуктыўнага і ўзаемна паважлівага супрацоўніцтва з ЗША. Нашы прапановы аб разьвіцьці такога супрацоўніцтва амэрыканскаму боку вядомыя. Яны па-ранейшаму захоўваюць сілу.

Што ж тычыцца заўвагаў, так бы мовіць, пагрозьлівага характару, якія прагучалі ад нашых амэрыканскіх партнэраў, дык хочам яшчэ раз падкрэсьліць: мы па-ранейшаму перакананыя ў абсалютнай контрапрадуктыўнасьці й беспэрспэктыўнасьці любых санкцыяў.

Нашы амэрыканскія калегі маглі неаднаразова пераканацца, што яны не прыносяць ніякага пазытыўнага імпульсу ў беларуска-амэрыканскія дачыненьні.

Мы лічым, што пазыцыя нашых амэрыканскіх калегаў тым больш неабгрунтаваная, паколькі тыя рэчы, пра якія гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Дзярждэпу, упэўнены, атрымалі б адпаведную прававую ацэнку і ў саміх Злучаных Штатах, якія лічаць сябе прававой дзяржавай”.

У заяве Вашынгтону канстатуецца, што “беларускія ўлады ўзмацнілі кампанію запалохваньня сваіх грамадзянаў”. Таксама адзначаецца, што “рэжым Лукашэнкі выказваў жаданьне палепшыць свае дачыненьні з ЗША ды іншымі дэмакратычнымі краінамі.

Аднак пакуль беларускія ўлады не гатовыя датрымлівацца дэмакратычных нормаў, Злучаныя Штаты будуць працягваць ужываць і пашыраць санкцыі супраць адказных у парушэньнях”.

Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Аляксандар Дабравольскі параўноўвае выказваньні Вашынгтону і Менску:

“Мне здаецца, з аднаго боку (Дзярждэпартамэнт), ідзе адкрытая размова. А зь беларускага боку, гэта — хітрыкі. І яны выдаюцца за адкрытасьць. Якая ж гэта адкрытасьць, калі ёсьць канкрэтныя праблемы, якіх беларускі бок вырашаць ня хоча?!

І што яшчэ вельмі важна — падобныя дыялёгі ідуць ня толькі з ЗША, але і з Эўразьвязам. Дванаццаць умоваў Эўразьвязу для Беларусі вельмі лёгка выканаць. Яны амаль што нічога не каштуюць у фінансавым пляне для краіны. Але яны, калі іх выканаць, могуць даць людзям магчымасьць шчыра выбіраць сабе ўладу. А гэтага якраз і баіцца цяперашняе беларускае кіраўніцтва”.

• Дзярждэпартамэнт ЗША асудзіў апошнія рэпрэсіі ў Беларусі, 11.09.2007
XS
SM
MD
LG