Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускага арцыбіскупа заменіць італьянец


Любоў Лунёва, Менск Агляд недзяржаўнага друку за 13 верасьня

Газэта “Наша Ніва” са спасылкай на сайт газэты “Giornale” паведамляе, што новым арцыбіскупам сабору Божай Маці ў Маскве замест Тадэвуша Кандрусевіча стане італьянец дон Паола Пэцы. Сьвятар польска-беларускага паходжаньня будзе перасунуты арцыбіскупам Менску.

На думку ватыканолягаў, такі крок Бэнэдкта XVI паспрыяе паляпшэньню адносін між праваслаўнымі і каталікамі Расеі. Да ксяндзоў-непалякаў у Расеі адносяцца больш цярпіма. Палякаў вінавацяць у празелітызьме. Некалькіх сьвятароў нават дэпартавалі з Расеі.

“Наша Ніва” прапануе нататкі Яўгена Ліцьвіна, які здымаецца ў масоўках у фільме вядомага галівудзкага рэжысэра Эдварда Цьвіка непадалёк ад Вільні, пра партызанскую барацьбу ў Беларусі.

Асуджаная ў выніку сьледчага экспэрымэнту на чатыры гады пазбаўленьня волі за набыцьцё наркотыкаў студэнтка Гарадзенскага ўнівэрсытэту Маргарыта Царан знаходзіцца дома. 3 верасьня Маргарыце замянілі 4 гады зьняволеньня на 3 гады абмежаваньня волі. Чытачам прапануюць інтэрвію з маці дзяўчыны і праваахоўнікамі, якія спрычыніліся да яе арышту.

Газэта “Ганцавіцкі час” спрабуе высьветліць, чаму толькі ў іх раёне ў выходныя дні кошты на квіткі ў прыгарадных аўтобусах падвышаюцца. У Ганцавіцкім раёне больш за палову насельніцтва – жыхары сельскай мясцовасьці. У газэту зьвярнуліся чытачы з просьбай высьветліць, чаму ім адзін і той жа аўтобус у выходныя дні каштуе даражэй.

Гаворыць рэдактар “Ганцавіцкага часу” Пётр Гузаеўскі:

“Мы накіравалі запыт у аўтапарк №7 і атрымалі нейкі дзіўны адказ. Яны назвалі іх дадатковымі рэйсамі. У звычайныя дні гэта рэгулярныя маршруты і адзін кілямэтар каштуе 80 рублёў, а ў выходныя – 108. У мясцовых чыноўнікаў мы спыталі, колькі за першае паўгодзьдзе накіравана з раённага бюджэту грошай на пасажырскія перавозкі. Яны нам адказалі, што ў сувязі з адсутнасьцю статыстычнай справаздачы не прадстаўляецца магчымым інфармаваць пра гэтыя датацыі”.

“Народная Воля” паведамляе пра тое, што ў Беларусь прыехаў новы амбасадар Польшчы. Польская амбасада ня мела амбасадара ад 3 лістапада 2005 году. Падрабязнасьці чытайце ў сёньняшнім нумары “Народнай Волі”.

“Комсомольская правда” пад загалоўкам “Часьцей за іншых у аварыі трапляюць “Хонды” высьвятляе, уладальнікі якіх машын больш за іншых рызыкуюць на дарогах Беларусі.
XS
SM
MD
LG