Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХК не выключае, што ўрад захоча памірыцца


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе Беларусі пачнецца папярэдні разгляд скаргі Беларускага Хэльсынскага камітэту да Савету міністраў Беларусі і міністэрства фінансаў. Праваабаронцы спрабуюць зноў даказаць, што гэта ня зь іхнай віны арганізацыя не сплаціла дзяржаве падаткі, з-за чаго дзейнасьць праваабаронцаў была амаль паралізаваная.

З пачатку 2004-га году цягнецца спрэчка Беларускага Хэльсынскага камітэту з рознымі дзяржаўнымі ўстановамі адносна таго, ці мусяць праваабаронцы плаціць падаткі з грантаў па ліні праграмы замежнай дапамогі ТАСІС. Падатковая служба налічыла доўг БХК памерам у некалькі дзясяткаў тысячаў даляраў. Паколькі праваабаронцы гэтыя грошы не сплацілі, на іх рахунак наклалі штраф, а маёмасьць канфіскавалі. Маёмасьці той ўсяго на 250 тысяч рублёў – з офісу БХК забралі старыя шафы і крэслы. Але якраз прызнаньня незаконнасьці гэтай канфіскацыі дамагаецца зараз БХК ад Вышэйшага гаспадарчага суду. Бо гэта будзе азначаць, што і прэтэнзіі адносна падаткаў – незаконныя, кажа Алег Гулак, які прадстаўляе БХК.

Чаму вінаватым праваабаронца лічыць ўрад? Алег Гулак згадаў: калі беларускі ўрад дамаўляўся пра тое, што з гуманітарнай дапамогі ня будуць браць падаткі, дзейнічала адно заканадаўства. Потым выйшаў указ прэзыдэнта, які становішча зьмяніў, але ўрад спазьніўся выправіць супярэчлівасьці.
”Калі Саўмін прызнае нашу правату, разыдземся мірна, без суду.”
“Гэта супярэчнасьць была вырашаная толькі праз паўтара года, а за гэты час нас як раз і пакаралі. А мы ўсё рабілі паводле таго закону, які быў”, – кажа Алег Гулак.

Ці насамрэч бязьдзейнасьць ураду ў гэтай галіне нанесла шкоду праваабаронцам? У прэсавай службе Савету міністраў Беларусі ад камэнтару адмовіліся, але пацьвердзілі: сёньня прадстаўнік Саўміну выкладзе сваю пазыцыю. У Вышэйшым гаспадарчым судзе не выключаюць, што пасьля папярэдняй размовы з удзелам бакоў пачнецца судовае разьбіральніцтва. Беларускі Хэльсынскі камітэт ад сваіх прэтэнзій адмаўляцца не зьбіраецца. Але там не выключаюць, што ўрад на міравую ўсё ж пойдзе.

“У краіне такое становішча, што магчыма і адно, і другое, і трэцяе. Калі Саўмін прызнае нашу правату, разыдземся мірна, без суду,” – кажа вядомы праваабаронца Гары Паганяйла.

Паводле зьвестак БХК, у выніку санкцыяў супроць гэтай грамадзкай арганізацыі яе дзейнасьць фактычна паралізаваная. “Праваабаронцы не атрымліваюць заробкаў і ня могуць аплачваць арэнду памяшканьняў, дзе раней вялі прыём грамадзян, якім патрэбна юрыдычная дапамога”, – гаворыць Гары Паганяйла.

• Беларускі Хэльсынскі камітэт будзе судзіцца з урадам, 4.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG