Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альтэрнатыва беларускага чыноўніка: бізнэс, краты, забыцьцё?


Ігар Карней, Менск Учора падаў у адстаўку старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімер Канаплёў. Сваё рашэньне ён патлумачыў станам здароўя. Тэма начных досьледаў: дзе цяпер працуюць былыя высокія дзяржаўныя чыноўнікі, чым яны займаюцца пасьля адстаўкі?

Першы кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанід Сініцын, які пазьней працаваў на пасадзе віцэ-прэм’ера, цяпер працуе старшынём расейска-беларускага фонду “Сацыяльна-эканамічнае партнэрства”. Спадар Сініцын кажа: рашэньне пра далейшы лёс чыноўніка, якога адпраўляюць у адстаўку, прымае асабіста Аляксандар Лукашэнка:

“Як шахматыст, чыноўнік мусіць глядзець наперад і разумець, што гэта агульная для краіны праблема, асабліва для нашай. Можа, яшчэ гэтак жа абыходзяцца з чыноўнікамі ў якім-небудзь Таджыкістане, Туркмэніі. І гэта ня тое, што рыса аўтарытарнай улады. Гэта прыкмета улады аўтарытэта, з усімі выцякаючымі адсюль наступствамі. Бо аўтарытэт пэўным чынам кіруе натоўпам. Ён лідэр натоўпу і таму будзе заўсёды адзін. Таму і паводзіны ў яго адпаведныя”.

Ці мае Канаплёў патрэбу ў “пад’ёмных”?

Cёлета дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі законапраект, паводле якога самі дэпутаты, кіраўнікі міністэрстваў і стратэгічных ведамстваў будуць атрымліваць падвышаную пэнсію. Як кажуць былыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, пэнсія у пераразьліку на беларускія рублі будзе складаць да 1000 даляраў ЗША.

Генэрал Юрый Сівакоў займаў пасаду міністра ўнутраных справаў, пазьней кіраваў Міністэрствам спорту і турызму. Цяпер Сівакоў працуе прарэктарам у арганізацыйнай і выхаваўчай працы Менскага інстытуту кіраваньня. Кажа, што да чалавека ў пагонах нават пасьля адстаўкі ставяцца нядрэнна. Але і пра астатніх чыноўнікаў кажа, што яны дзяржавай “не пакрыўджаныя”:

“Тое, што тычыцца ваенных, з пагонамі, як і я сыходзіў, то прадугледжваецца шэсьць акладаў, то бок, вельмі адчувальныя пад’ёмныя для іншага рытму жыцьця. Што тычыцца дэпутацкага корпусу, то я тут некампэтэнтны. Але мяркую, што яны не пакрыўджаныя. І не думаю, каб Уладзімер Мікалаевіч (Канаплёў) меў патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе і ў пад’ёмных на чарговы этап жыцьця. Як вы мяркуеце? Калі з дзяржслужбы сыходзяць, пэўная выходная і адначасовая дапамога ёсьць. Але яна невысокая. І гэта аднаразовая выплата. А далей чалавек сам уладкоўваецца і усё залежыць ад асобы кожнага чалавека. Адзін можа ад такіх уладаў лёсу не аправіцца, а іншы як добры жывы калок: яго убілі зямлю, ці то галявой, ці то нагамі, ён усё роўна карані пусьціў, а потым і крона сфармавалася, даў плады. Гэта залежыць ад асобы чалавека”.

Ці ўсе чыноўнікі пасьпяховыя бізнэсоўцы?

На Захадзе, а цяпер ужо і ў Беларусі звыклая справа, калі былы чыноўнік падаецца ў бізнэс.

Бізнэсам у галіне аўтаперавозак займаецца былы міністар транспарту Міхаіл Баравы.

Былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Урал Латыпаў уваходзіць у Раду дырэктараў прадпрыемства "Амкадор".

Колішні міністра замежных справаў прафэсар Іван Антановіч выкладае ў маскоўскіх ВНУ

Былы начальнік Беларускай чыгункі Віктар Рахманько цяпер кіруе Упраўленьнем транспарту канцэрну “Газпром”.

У Расеі свой бізнэс мае колішні першы намесьнік старшыні КДБ Валерый Кез. Былы дэпутат генэрал Валерый Паўлаў працуе ў расейскай фірме "Дзіяніс", якая вырабляе сьпіртовыя напоі.

У Маскве працуюць і былы кіраўнік справамі Адміністрацыі прэзыдэнта Іван Ціцянкоў і колішні кіраўнік ураду Міхал Чыгір.

Колішні старшыня КДБ Леанід Ерын працуе памочнікам Уладзімера Якуніна, кіраўніка Расейскай чыгункі.

Былыя чыноўнікі, якія цяпер займаюцца бізнэсам, лічаць за лепшае не давай інтэрвію. Вельмі часта яны спасылаюцца на тое, што гэтая умова замацаваная ў іхным цяперашнім працоўных кантракце.

З міністэрскіх кабінэтаў – на турэмныя нары

Некаторыя дзяржаўныя чыноўнікі, якія пасьля адстаўкі пачалі займацца палітычнай і грамадзкай дзейнасьцю.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў зьяўляцца міжнародным каардынатарам грамадзкай ініцыятывы "Хартыя-97".

Былы начальнік Упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Фядута займаецца правядзеньнем выбарчай кампаніі ва Украіне.

Старшыня Вярхоўнага савету 12-га скліканьня Мечыслаў Грыб зьяўляецца сябрам Сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксандра Казуліна. А былы міністра абароны Павал Казлоўскі – сябрам АГП.

Цэлы шэраг былых чыноўнікаў, якія пасьля сыходу з пасадаў, зрабіліся публічнымі апанэнтамі ўлады, апынуліся пад сьледзтвам, а пасьля – у няволі. Іх аб''ядноўвае тое, што ўсе яны незадоўга да арышту спрабавалі вылучацца на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

Былы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а пазьней кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін асуджаны на 5 з паловай гадоў пазбаўленьня волі.

За кратамі пабываў і амбасадар Беларусі у Латвіі, колішні міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч, які ў 2001 годзе таксама зьбіраў подпісы за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты.

Дырэктар заводу халадзільнікаў "Атлянт" Леанід Калугін, яшчэ займаючы сваю пасаду, паспрабаваў удзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году. Праз два месяцы пасьля выбараў яго зьнялі з пасады і арыштавалі паводле эканамічных абвінавачваньня. Пасьля вызваленьня Калугін пастрыгся ў манахі.

А былога прэм''ер-міністра Міхаіла Чыгіра арыштавалі падчас кампаніі альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў, якую ладзіла апазыцыя ў 1999 годзе. Абвінавачваньні супраць Чыгіра тычыліся яшчэ таго часу, калі ён быў прэм''ерам, хоць з гэтай пасады ён сышоў яшчэ перад рэфэрэндумам 1996 году.
XS
SM
MD
LG