Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 12 верасьня


Севярын Квяткоўскі, Менск На сайце блогаў “Жывы Журнал” камэнтуюць выказваньне палітыка Аляксандра Мілінкевіча з нагоды прызначэньня новым расейскім прэ’ерам Віктара Зубкова: “Для нас было б вельмі важным, каб гэты чалавек ведаў, што тут сур’ёзных антырасейскіх сілаў няма”.

Камэнтары ў дзёньніку nicolaev:

“Канфарміст”;

“Мілінкевіч трапіў у няёмкае становішча, бо якая розьніца, што будзе думаць там 66-гадовы марыянэтачны прэм''ер?”;

“Мілінкевіч робіць дэзінфармацыю. Каб Пуцін думаў, што антырасейцаў тут няма, прыйшоў, а яны тут як тут”.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць інфармацыю пра двух беларускіх грамадзянаў, якіх у Расеі асудзілі на 14 гадоў. Мужчыны прывезьлі зь Беларусі ў Маскву на заказ адной з аптэк легальны ў Беларусі прэпарат “Тусал”. Гандляры ня ведалі, што па расейскім заканадаўстве прэпарат падпадае пад паняцьце “псыхатропных рэчываў”. А па эўрапейскіх і беларускіх нормах нормах таблеткі дазволеныя для лячэньня нават дзяцей. Камэнтары:

“І што гэта за саюз з Расеяй. У іх сваё вясельле, у нас – сваё. Паспрабуй разьбярыся што можна, а што нельга. Нідзе ж не гавораць”;

“Змагары з наркотыкамі” знайшлі лаз для зарабляньня зорачак на пагонах – шукаць празь інтэрнэт разявакаў”;

“Як звычайна беларускім уладам пляваць на сваіх грамадзянаў, якія трапілі ў бяду за мяжой”.

Kryviec разважае ў сваім блогу пра “ліцьвінізм” і “русінскасьць” беларускага нацыянальнага праекту: “Формула "ліцьвінскасці" на мой погляд: балтскасць -- паганства -- арыстакратызм -- лацінская цывілізацыя (у аснове таксама дахрысьціянская, але гістарычна выяўленая ў каталіцкай, пратэстанцкай або ўніяцкай форме). Формула "русінскасьці": славяншчына -- праваслаўе -- заходнерусізм (як варыянт лукашызм) -- бізантыйская цывілізацыя”. Камэнтары:

“Сакралізаваная манархічная ідэя ёсьць адзіным выйсьцем ў гэтае сытуацыі: цалкам арганічнае спалучэньне ўсіх бакоў традыцыяналіскага руху”;

“Аднак задачка - стварыць новую рэлігію, больш прывабную за ўсе існыя!”

У блогу fox_unexisted абмяркоўваюць інфармацыю пра магчымы дэфіцыт беларускага алькагольнага напою пад маркай “шампанскае”. Напой вырабляецца зь яблыкаў, а сёлета не ўраджай гэтай садавіны. Камэнтары:

“Смак напою нагадвае водар зьгнілых яблыкаў, таптаных гумовымі ботамі”;

“Яны б яго яшчэ з бульбы паспрабавалі рабіць”;

“З лыжаў!”;

“Будзем зь вэнэсуэльскіх бананаў рабіць шампанскае. Яны таньнейшыя”.

damavik разважае пра аматараў камунікацыі ў блогах, у прыватнасьці на сайце “Жывы Журнал”: “Больш за ўсё 19-ці гадовых і жанчынаў. Прычым жанчынаў у два разы больш за мужчын. Такім чынам цалкам цьвердзіцца думка пра тэрапеўтычны эфэкт ЖЖ. Практычна, большасць складаюць "неабароненыя групы усясьветнага насельніцтва". Праз ЖЖ будуюцца сацыяльныя сувязі, якія не магчыма збудаваць у рэчаіснасці. Вось толькі адна праблема. Дзе ў гэтым усім сэкс? Да праўды, надзвычай сумна разумець, што сэкс і не такая ўжо важная справа ў стасунку да сацыяльных сувязяў. Нават прыкра ад таго, што без сэксу людзі могуць пражыць, а без сацыяльных сувязяў зусім не!”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG