Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская філярмонія шукае тэнара


Юлія Шарова, Менск 14 верасьня Беларуская дзяржаўная філярмонія пачынае свой юбілейны 70-ты канцэртны сэзон. Адкрые яго канцэрт Дзяржаўнага сымфанічнага аркестру пад кіраваньнем Аляксандра Анісімава.

Сёньня ў Белдзяржфілярмоніі працуюць 19 музычных і харэаграфічных калектываў, якія налічваюць больш за 700 супрацоўнікаў. Апроч таго, тут арандуюць памяшканьні некаторыя іншыя прафэсійныя музычныя калектывы. Трапіць на сцэнічныя пляцоўкі (іх тры) вельмі няпроста, гаворыць генэральны дырэктар Белдзяржфілярмоніі Аляксандар Гарбар.

Гарбар: “Мы сёлета вызначыліся, што на нашай сцэне будуць праходзіць толькі элітныя канцэрты. Вельмі шмат у нас было канцэртаў дзіцячых музычных школаў і таму былі некаторыя праблемы. Усё ж такі нашая сцэна можа быць толькі для элітных калектываў”.

Разам з тым філярмонія цалкам захоўвае сыстэму абанэмэнтных канцэртаў для дзяцей і юнакоў і такім чынам ад выхаваўчай функцыі не адмаўляецца.

У юбілейны 70-ы сэзон на базе філярмоніі пройдуць традыцыйныя фэстывалі “Беларуская музычная восень”, “Менская вясна”, а таксама міжнародны конкурс скрыпачоў імя Міхаіла Ельскага. Абяцаюць, што ў сьнежні з канцэртам выступіць вядомы беларускі піяніст Андрэй Паначэўны, які цяпер вучыцца ў Злучаных Штатах і рэдка грае на радзіме.

Амбітныя пляны на гэты сэзон

Што тычыцца замежных знакамітасьцяў, то дакладна пакуль могуць назваць толькі расейскага піяніста Міхаіла Лідзкага, які пагадзіўся ў гэтым сэзоне сыграць у Менску і ў Маладэчне ўсе фартэпіянныя санаты Бэтховэна – за невысокі ганарар. Працягвае мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філярмоніі Юры Гільдзюк:

Гільдзюк: “Я ня буду пералічваць усіх арганістаў, якія да нас прыедуць. Што вам скажуць гэтыя імёны? Піяністы? Апроч Лідзкага будзе Аркадзь Сявідаў, будзе Міхаіл Васкрасенскі. Зь іншых Гутман і Версаладзэ таксама павінны быць тут, яны далі згоду на канцэрт памяці Юрыя Цырука”.

Пэўныя амбітныя пляны маюць на гэты сэзон і асобныя філярманічныя калектывы. Мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага камэрнага аркестру Пётар Вандзілоўскі.

Вандзілоўскі: “Будзе ў нас “Мэсія” Гендэля. Грандыёзны твор, які, на жаль, у нас гучыць ня так часта, а можа нават рэдка. А гэта твор такога ж узроўню, як рэквіем Моцарта ці Вэрдзі. Гэта музыка, якая ўвесь час гучыць у Эўропе. Мы яе будзем выконваць у поўным складзе. Будуць салісты нашай опэры, будзе дзяржаўны камэрны хор, зь якім мы вельмі сябруем”.

30 лістапада, уласна ў дзень нараджэньня Беларускай філярмоніі заплянаванае выкананьне Дзявятай сымфоніі Бэтховэна. На пытаньне, хто будзе граць і сьпяваць гэты твор, пэўнага адказу пакуль няма. У дырэкцыі філярмоніі кажуць адно: “Шукаем тэнара”.

• Ва Ўроцлаве завяршыўся Фэстываль беларускай культуры, 11.06.2007 • Арганныя канцэрты ў гарадзенскім касьцёле, 5.05.2006 • Адкрыцьцё Беларускай дзяржаўнай філярмоніі пераносіцца на лістапад, 4.10.2004
XS
SM
MD
LG