Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нясьвіж, Салігорск, Баранавічы: тры партрэты падсудных маладафронтаўцаў


Севярын Квяткоўскі, Нясьвіж — Салігорск — Баранавічы Наста Азарка адна змагаецца за тое, каб яе пачулі ў родным Нясьвіжы. Іван Шыла — лідэр дзясяткаў школьнікаў. Яраслаў Грышчэня верыць, што жыхароў Баранавічаў можна зьмяніць празь дзесяць гадоў.

26-гадовая працаўніца льнозаводу, школьнік і малады музыкант. Тры гарады, тры лёсы — адно памкненьне да свабоды, і адна судовая справа з фармулёўкай “удзел у незарэгістравнай арганізацыі”.



Дамаўляюся з Настай Азаркай сустрэцца на ейнай вуліцы — на самым ускрайку Нясьвіжу. Тут нічога не нагадвае пра існаваньне Радзівілаўскага палацу, старадаўняга парку, ратушы ды іншых гістарычных прыкметнасьцяў, якімі слаўны Нясьвіж.

Прыватны сэктар, нешматлікія блёчныя дамы, індустрыяльныя агароджы. Нумароў на дамах няма.

Спадар, у якога я запытаўся патрэбны адрас, глядзіць зь недаверам, нават са спалохам. Высьвятляецца, што гэта бацька Насты — Міхаіл, электрык па прафэсіі. Ён западозрыў, што я прывез Насьце ўлёткі ці якую іншую “падпольную прадукцыю”. Дазнаўшыся, што размаўляе з журналістам, тлумачыць:

Міхаіл: “Я вельмі не люблю, калі прыходзяць да мяне ў хату, трасуць міліцыянты, КДБ. Вельмі непрыемна. Хоць, на мой розум, нічога проціпраўнага яна не зрабіла. Канфлікт у мяне не з дачкою”.

Наста Азарка два гады не магла адшукаць працу: “Мяне паўсюль баяцца”.

У часе нашай размовы зьяўляецца Наста, якая вяртаецца са зьмены на льнозаводзе. Летась 26-гадовая дзяўчына ўладкавалася на малапрэстыжную і цяжкую працу, бо перад тым два гады не магла знайсьці ніякай.

Азарка: “Я вельмі хацела паехаць у Менск, хацела там застацца. Каб там жыць і працаваць. Але, акрамя мяне, тут нікога няма. Калі я зьеду, тут нікога не застанецца. Калі гулец пакідае поле бою, ён прайграе — і гульня заканчваецца. Мая гульня яшчэ ня скончылася”.

Наста нарадзілася ў вёсцы Квачы Нясьвіскага раёну. Мае малодшага брата, які працуе ў Менску, і старэйшую сястру, якая жыве ў Баранавічах. Скончыла пэдагагічную вучэльню ў Нясьвіжы, працавала ў вясковай пачатковай школе, але лічыць, што пэдагог — ня ейнае. Хоць у дзяцінстве марыла стаць настаўніцай, гуляла ў дочкі-маці.



Наста паказвае свой пакой, дзе на паліцах любімыя кніжкі: прыгоды, фантастыка, гісторыя Беларусі, кніжкі Ўладзімера Арлова і Паўла Севярынца. Тут жа касэты і дыскі зь беларускім і расейскім рокам, клясыкай і этнамузыкай.

Над усім — абраз Божай Маці, вышыты крыжыкам самой гаспадыняй пакою. Асьцярожна пытаюся пра асабістае жыцьцё:

Азарка: “Усе ведаюць, што калі я выходжу на вуліцу, я выходжу ня проста так пашпацыраваць ці раслабіцца ў якой-небудзь кавярні альбо на дыскатэцы. Усе ведаюць, што я іду з чымсьці. І праз гэта, магчыма, ніякіх такіх дачыненьняў папросту не атрымліваецца”.

І дадае: “Калі я выходжу на вуліцу, а ў торбе нічога няма, адчуваю сябе ніякавата”. Тут жа маці спадарыня Зоя, якая працуе мэдсястрой, дадае:

“Фарбаваць сьценкі — гэта апошняе. Я гэтага нават разумець не хачу. Табе хочуць прышпіліць бытавуху. Сама ведаеш — у нас у краіне палітыкі няма. А ты сама на гэта нарываесься. А ты нават слухаць мяне ня хочаш. Нейкія ўлёткі, нейкая пісаніна…”

З маці Зояй Аляксандраўнай

З маці Зояй Аляксандраўнай

Наста: “А як працаваць зь людзьмі? Без улётак, безь нічога… Ім ня трэба голае слова”.

У цэнтры Нясьвіжу заходзім перакусіць, і я пытаюся ў афіцыянткі:

Карэспандэнт: “Вы ведаеце, што такое “Малады фронт”?

Афіцыянтка: “Не. Калі браць асацыяцыю са словамі “малады фронт”, мяркую, гэта нейкая спэцыяльная падрыхтоўка маладых людзей”.

Карэспандэнт: “ Вы ведаеце, што 4 верасьня ў Нясьвіжы будзе суд над адной маладафронтаўкай?”

Афіцыянтка: “Не”.

Наста Азарка практычна нічога ня ведае пра грамадзкае жыцьцё Беларусі. Доступу да інтэрнэту няма, незалежнага друку не выпісвае, а дзяржаўныя СМІ не чытае, ня слухае і не глядзіць, бо ня верыць.

Маці апавядае, што ў родзе Азаркаў былі рэпрэсаваныя сваякі. Дык дзед у савецкі час слухаў толькі Радыё Свабода, і да канца дзён кляў камуністаў. “Відаць, наслухалася Наста, пакуль малая была”, — уздыхае Зоя Аляксандраўна.

Толькі напрыканцы сустрэчы Наста Азарка апавядае пра свой самы галоўны занятак па-за грамадзкімі акцыямі.

Дзяўчына піша вершы:

…Я ўчора буду ціха паміраць. І толькі сёньня мы гаворым “ёсьць”. Нам дадзена з табою, дружа, гэта — Убачыць сьвет вачыма сініх кветак, Таму што сёньня мы гаворым “ёсьць”.



Іван Шыла, 16 гадоў, вучань апошняй клясы адной з салігорскіх сярэдніх школаў. Бацька Ўладзімер — прадпрымальнік, маці Сьвятлана — інжынэр. Малодшы брат Ільля — школьнік.

За апошнія два гады Іван Шыла стаўся лідэрам нацыянальна-дэмакратычнага руху салігорскай моладзі. Мае сотні затрыманьняў міліцыяй, ініцыятар і ачольнік дзевяцідзённай галадоўкі ў падтрымку палітзьняволеных у 2006 годзе.

Любіць футбол і гістарычныя кніжкі. Большасьць вольнага часу аддае грамадзкаму жыцьцю.

Пятрашка: “Хлопчык ён такі. Вучыцца нармальна, дысцыпліны не парушае, пясочыць яго няма за што. Гэта я вам кажу адказна. Аніякіх прэтэнзіяў мы да яго ня маем. Шыла — гэта чалавек, якому заплацілі для таго, каб ён узбуджаў сытуацыю праз сваю асобу”.

Гэта меркаваньне Галіны Пятрашкі, якая сёлета сышла з пасады намесьніка старшыні Салігорскага выканкаму ў ідэалягічнай працы.

Іван кпіць зь некаторых спосабаў працы салігорскай міліцыі.

Перад будынкам салігорскай міліцыі

Перад будынкам салігорскай міліцыі

Шыла: “Мяне затрымліваюць у асноўным для высьвятленьня асобы. Але якая дзіўная рэч атрымліваецца. Сяджу ў пастарунку. Кожны міліцыянт падыходзіць: “О, глядзіце, Іван сядзіць”. Усе мяне ведаюць”.

Ня ўсе сваякі сяброў Івана Шылы ставяцца да маладога актывіста прыхільна:

Спадарыня: “Вы нічога не даможацеся! Вас маленькая купка. Унук патрапіў пад уплыў, і ўсё — што хачу, тое раблю! Ён на сутках быў, баставаў там у Менску. Ён прапаў, у яго будучыні аніякай няма!”

Штопраўда, Іван адзначае, што суседзі па пляцоўцы зьмянілі да яго стаўленьне і пачалі вітацца.

Салігорцы ўспрымаюць асобу маладафронтаўца па-рознаму:

Дзяўчына: “...Але я іх падтрымліваю”.

Спадар: “Там разумных людзей дакладна няма”.

Бацька Івана: “Я не магу забараніць сыну думаць”.

Уладзімер і Іван Шылы слухаюць прысуд

Уладзімер і Іван Шылы слухаюць прысуд

Бацька Ўладзімер адзначае ўпартасьць сына і вельмі рупіцца, каб сын атрымаў добрую адукацыю і стаўся прафэсіяналам у справе, якую абярэ:

“Я не магу забараніць свайму сыну думаць. Маці, напэўна, цяжэй за ўсіх даводзіцца. Але мы зыходзім з таго, што гэта наш сын. Наш сьвяты абавязак — абараняць нашага сына”.

Маці Сьвятлана разумее сына, але ўсімі сіламі просіць, каб хлопец не рызыкаваў:

Маці Сьвятлана: “Я ганаруся сынамі, але вельмі за іх хвалююся. Мяркую, што ў будучыні гэта ўсё ацэніцца. Але не цяпер. Яны б такія ня вырасьлі, калі б у нас былі іншыя погляды. Свабодалюбівыя яны”.

Перад прысудам

Перад прысудам

Яраслаў Грышчэня, 18 гадоў. Нарадзіўся ў беларускай рабочай сям’і ў горадзе Савецкая Гавань Хабараўскага краю Расейскай Фэдэрацыі. Большую частку жыцьця правёў у Баранавічах. Мае братоў — старэйшага і малодшага.

Прасякнуўся ідэяй беларушчыны ў часе аднаго з рыцарскіх фэстаў у Лідзкім замку, дзе большасьць публікі гаварыла па-беларуску. Яраслаў пра пачатак сваёй грамадзкай дзейнасьці:

“Як толькі мне споўнілася 14 гадоў, мяне ўжо загрэблі ў апарняк — за першую налепленую мною налепку. 2004-ты — я малы быў зусім”.

Бабуля Марыя Сямёнаўна:

“Як унук ён харошы. Дзіцё наагул выдатнае. Проці слова ня скажа... Я супраць таго, што ён туды пайшоў. Сваруся за гэта. Але... У кожнага сваё. Мы хацелі, канечне, каб ён пайшоў у які інстытут. Ды быў чалавекам!”

Пасьля дзявятай клясы пайшоў у ПТВ на сталяра-цесьляра. Але за ўдзел у кіеўскім Майдане выключылі. Перавёўся ў Мірскую рэстаўрацыйную мастацкую вучэльню. За ўдзел у намётавым лягеры на пляцы Каліноўскага выключаны і адтуль.

Скончыў сярэднюю адукацыю экстэрнам у найбліжэйшай да дому школе.

У перапынку судовага працэсу з маці Сьвятланай Грышчэняй

У перапынку судовага працэсу з маці Сьвятланай Грышчэняй

Яраслаў: “Бацькі спачатку круцілі пальцам ля скроні, а пасьля звыкліся і згадзіліся насамрэч”.

Бацька Сяргей Міхайлавіч:

“Ну, мы зь ім размаўляем нармальна. Пакуль. Раней былі канфлікты. Але цяпер, нібыта, усё наладжваецца. Калі шчыра. Нармальны хлопец. З мазгамі. Зь нейкай мэтай”.

Любімыя прадметы Яраслава — літаратура, гісторыя, матэматыка. Сваю будучыню зьвязвае альбо з рэстаўрацыяй, альбо з журналістыкай. Грае на бубнах. Быў гурт трэш-гардкору.

У вольны ад грамадзкай дзейнасьці час любіць гуляць у більярд і агучваць культавыя ў моладзі мультфільмы. Напрыклад, цяпер займаецца зь сябрам агучкай адзінаццатага сэзону “Саўт Парку”. Вельмі любіць падарожнічаць аўтаспынам.

Яраслаў Грышчэня лічыць, што працэнтаў дзесяць-пятнаццаць баранавіцкай моладзі задумваюцца пра жыцьцё.

Хлопец мяркуе, што для зьменаў у грамадзкай сьвядомасьці патрэбна ня менш за дзесяць гадоў.

Прысуд: штраф замест няволі

Прысуд: штраф замест няволі
XS
SM
MD
LG