Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Gazetа Wyborczа: Адстаўка Канаплёва – эфэкт барацьбы бульдогаў Лукашэнкі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Сын Лукашэнкі ўгару” – такі загаловак мае артыкул у сёньяншнім нумары “Gazety Wyborczej”, у якім польскі штодзёньнік піша, што адпраўляючы ў адстаўку сярод іншых Уладзіміра Канаплёва, Аляксандар Лукашэнка рыхтуе месца для свайго сына.

“Чаму кіраўнік палаты прадстаўнікоў Уладзімір Канаплёў сыйшоў учора ў адстаўку? Гэта эфэкт барацьбы бульдогаў Лукашэнкі”, - піша газэта.

Штодзёньнік падкрэсьлівае, што Канаплёў быў бліжэйшым паплечнікам Лукашэнкі пачынаючы ад часу, калі апошні стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету, і ад тых гадоў Канаплёў меў “неабмежаваны доступ да кіраўніка дзяржавы”.

Паводле “Gazety Wyborczej”, Канаплёў выкарыстаў гэта для таго, каб рабіць бізнэс і менавіта ягоныя “цьмяныя кантакты” зь бізнэсоўцамі былі выкарыстаныя дзеля таго, каб дыскрэдытаваць Канаплёва ў вачах Лукашэнкі.

Газэта піша, што “гэта мэханізм, добра вядомы з савецкіх часоў”, а цяпер ў атачэньні Лукашэнкі адбываецца “зьмена пакаленьняў”.

“Надыходзіць пакаленьне Віктара Лукашэнкі, людзі пакаленьня Уладзіміра Канаплёва ўжо непатрэбныя”, - адзначае польскі штодзёньнік.

Паводле “Выборчэй”, Віктара Лукашэнку ўжо “амаль адкрыта” называюць наступнікам Аляксандра Лукашэнкі, а месца Канаплёва ўжо прэтэндуе Сяргей Гайдукевіч, які ў размове з газэтай “высока ацаніў свае шансы на гэтую пасаду”.
XS
SM
MD
LG