Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: “У Беларусі няма сур’ёзных антырасейскіх сілаў”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Адстаўку расейскага прэм’ера Міхаіла Фрадкова камэнтуюць лідэры беларускай апазыцыі. Наш карэспандэнт цікавіўся ў іх: ці варта пасьля гэтай адстаўкі чакаць зьменаў у беларуска-расейскіх дачыненьнях?

“Цалкам прадказальнай” назваў адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч адстаўку расейскага прэм’ера Міхаіла Фрадкова.

Мікалай Статкевіч не выключае зьяўленьня нечаканай кандыдатуры ў ролі пераемніка, паколькі, паводле яго, “Пуцін любіць нестандартныя крокі”.

Вядомы беларускі апазыцыянэр не чакае зьмены палітыкі адносна Беларусі пры новым старшыню расейскага ўраду:

“Ніякіх пазытыўных зьменаў што да дачыненьняў зь Беларусьсю ня будзе. Ня трэба думаць, што ў выніку расейскіх выбараў сыдзе кепскі Пуцін і прыйдзе нехта новы, добры. Палітыка паглынаньня кавалкамі, ціхага эканамічнага здушэньня будзе працягвацца.

Быў іншы плян: што Лукашэнка саступіць, і Пуцін стане прэзыдэнтам аб’яднанай дзяржавы, але Лукашэнка ўзяў столькі дзясяткаў мільярдаў даляраў, а слова не стрымаў. Таму ня варта чакаць паслабленьня. Хай прывучаецца жыць паводле сродкаў і будзе пільным, бо “кантора” ў Расеі мае на яго зуб”.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька згодны з тым, што адстаўка Міхаіла Фрадкова азначае старт прэзыдэнцкай гонкі ў Расеі.

Паводле Анатоля Лябедзькі, перамогу ў гэтай кампаніі атрымае чалавек з каманды Ўладзімера Пуціна. “Гэта можа быць Іваноў, Мядзьведзеў, Нарышкін ці хто іншы — неістотна”, — кажа апазыцыянэр.

Пры гэтым Анатоль Лябедзька мяркуе, што на час выбарчай кампаніі беларуска-расейскія дачыненьні адыдуць на другі плян.

“Пра нейкія новыя ініцыятывы ў інтэграцыі трэба забыцца, пакуль там ідзе выбарчая кампанія. Беларускае пытаньне ў Расеі плянавалі вырашыць да пачатку выбараў, але ў Пуціна гэта не атрымалася. Такім чынам, гэтая праблема пераходзіць да пераемніка, але ўжо не на пасадзе прэм’ера, а на пасадзе прэзыдэнта”.

Ці можа наладзіцца дыялёг расейскага кіраўніцтва зь беларускай апазыцыяй па прыходзе новага расейскага прэм’ера?

Гэтае пытаньне я задаў былому кандыдату на прэзыдэнта Беларусі Аляксандру Мілінкевічу, які ў 2006 годзе беспасьпяхова дамагаўся прыёму ў Крамлі.

Аляксандар Мілінкевіч спадзяецца на такія зьмены:

“Для нас было б вельмі важным, каб гэты чалавек ведаў, што тут сур’ёзных антырасейскіх сілаў няма. І што мы хочам пабудаваць дачыненьні з Расеяй шчырыя і ўзаемавыгадныя. Я супраць дачыненьняў — старэйшы і малодшы браты.

Самастойнасьць Беларусі ў Маскве мае ацэньвацца як натуральная рэч. Уступленьне Беларусі з часам у Эўразьвяз — таксама натуральная рэч. Мы ў дэмакратычнай Беларусі будзем улічваць інтарэсы Расеі, але не на шкоду сабе. Спадзяюся, новая палітычная хваля ў Расеі пагодзіцца з такой пазыцыяй”.

• М.Статкевіч пра адстаўку М.Фрадкова: “Паглынаньне Беларусі працягнецца”, 12.09.2007 • Расея: урад Фрадкова не дажыў да выбараў, 12.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG