Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Пушкін: “Я гатовы стацца чарговым палітвязьнем”


Радыё Свабода, Ворша У аршанскім судзе завяршыўся трохдзённы разгляд справы мастака Алеся Пушкіна і менскага моладзевага актывіста Аляксея Янушэўскага. Абодвух прызналі вінаватымі ў дробным хуліганстве за выкіданьне дзяржаўнага сьцяга з акна Аршанскага райаддзелу міліцыі.

Судзьдзя Тацяна Рыбакова пастанавіла пакараць Алеся Пушкіна і Аляксея Янушэўскага арыштам на сем сутак. Трое сутак з гэтых сямі абвінавачаныя ўжо адбылі ў Аршанскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

Рашэньне судзьдзі зьдзівіла і абурыла прысутных на судовым працэсе, бо ніводзін сьведка не пацьвердзіў вінаватасьці Аляксея Янушэўскага. Нават тамтэйшыя міліцыянты не паказалі, што хлопец удзельнічаў у выкраданьні сьцяга з пастарунку.

Мясцовы праваабаронца Васіль Леўчанкаў меркаваў, што Янушэўскага па сканчэньні суду адразу вызваляць з-пад варты.

“Толькі што адвакат казала, што віна Янушэўскага ніяк не даказаная. Таму незразумела, за што яго караюць гэтак жа, як Алеся Пушкіна. Напэўна, на гэта ёсьць прычыны. Мажліва, таму, што гэта справа палітычная”.

Алесь Пушкін таксама заяўляў, што Аляксей Янушэўскія ня мае дачыненьня да інцыдэнту, і патрабаваў, каб суд апраўдаў хлопца. Уласную віну мастак прызнаў яшчэ тры дні таму, падчас першага судовага пасяджэньня.

Сёньня на заканчэньні працэсу ён яшчэ раз падкрэсьліў, што ягоны ўчынак — пратэст супраць затрыманьня ўдзельнікаў бардаўскага фэсту “Аршанская бітва — 2007” і спробаў сарваць імпрэзу.

“Гэтым самым я выказваў пратэст супраць незаконнага пазбаўленьня свабоды. Нам забаранялі сьпяваць беларускія песьні, памятаць пра гонар і славу Аршанскай бітвы, каб мы не натхнялі моладзь на змаганьне з таталітарнай дзяржавай.

Таму я зьневажаў дзяржаўную сымболіку і выкідаў дзяржаўны сьцяг. І моладзь, якая бачыла, што я раблю, зразумела: ёсьць мірныя формы змаганьня, бяз выбухаў і крыві. Я мастак, і на гэты супраціў быў скіраваны мой творчы парыў!” — заявіў Пушкін.

Алесь Пушкін сказаў у судзе, што яго не палохае пэрспэктыва зрабіцца чарговым палітычным вязьнем, і ён гатовы да таго, што ягоны ўчынак палічаць крымінальным злачынствам. Прамову Пушкіна прысутныя віталі воплескамі.

Cудзьдзя напачатку зрабіла сёньняшні судовы працэс фактычна закрытым: затрыманых завезьлі ва ўнутраны двор будынку суду і патаемна правялі ў залю, дзе разглядаюць справу.

Некалькі дзясяткаў чалавек, якія прыйшлі падтрымаць Алеся Пушкіна і Аляксея Янушэўскага, на судовы працэс не дапусьцілі, не патлумачыўшы прычыны.

Трапіць у судовую залю ім удалося толькі пасьля таго, як праваабаронца Алег Граблеўскі напісаў скаргу старшыню Аршанскага суду на неправамоцныя дзеяньні судзьдзі Тацяны Рыбаковай.

Тэрмін пакараньня Алеся Пушкіна і Аляксея Янушэўскага скончыцца ў нядзелю 16 верасьня.

Заўтра з аршанскага ізалятару часовага ўтрыманьня мае выйсьці адзін зь лідэраў стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі. Яго таксама затрымалі падчас бардаўскага фэсту “Аршанская бітва — 2007” і арыштавалі на 5 сутак, нібыта за дробнае хуліганства.

Ворша, 12.09.2007. Суд над Алесем Пушкіным і Аляксеем Янушэўскім. Тых, хто прыйшоў падтрымаць Пушкіна і Янушэўскага, у судовую залю не дапусьцілі Тых, хто прыйшоў падтрымаць Пушкіна і Янушэўскага, у судовую залю не дапусьцілі

Ворша, 12.09.2007. Суд над Алесем Пушкіным і Аляксеем Янушэўскім. Справа Пушкіна і Янушэўскага не пазначаная ў працоўным раскладзе судзьдзі. Праваабаронцы лічаць, што гэта таксама спроба зрабіць працэс закрытым Справа Пушкіна і Янушэўскага не пазначаная ў працоўным раскладзе судзьдзі. Праваабаронцы лічаць, што гэта таксама спроба зрабіць працэс закрытым

Ворша, 12.09.2007. Суд над Алесем Пушкіным і Аляксеем Янушэўскім. Праваабаронца Алег Граблеўскі складае скаргу старшыні Аршанскага суду Праваабаронца Алег Граблеўскі складае скаргу старшыні Аршанскага суду

Ворша, 12.09.2007. Суд над Алесем Пушкіным і Аляксеем Янушэўскім. Міліцыянты забараняюць фатаграфаваць асуджаных нават пасьля працэсу Міліцыянты забараняюць фатаграфаваць асуджаных нават пасьля працэсу

• Ворша: А.Пушкіна і А.Янушэўскага арыштавалі на 7 сутак, 12.09.2007 • Суд на А.Пушкіным і А.Янушэўскім зрабілі закрытым , 12.09.2007 • Ворша: для Пушкіна і Янушэўскага шукаюць новае абвінавачаньне, 11.09.2007 • А.Пушкін: "Вы мне спэктакль – і я вам!", 11.09.2007 • У Воршы судзяць затрыманых падчас бардаўскага фэсту, 10.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG