Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адзін з “польскіх шпіёнаў” памяняў паказаньні


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў працэсе над “польскімі шпіёнамі”, які вядзе Вайсковая калегія Вярхоўнага Суду, перапынак. Чакаецца, што заўтра стане вядомая дата вынясеньня прысуду. Разгляд справы пачаўся 4 верасьня і адбываецца пры зачыненых дзьвярах.

На сёньня прызначылі вынясеньне прысуду. Аднак, як паведаміў старшы інспэктар Вайсковай калегіі Вярхоўнага Суду Андрэй Карпук, адзін з падсудных у апошнім слове нечакана памяняў свае паказаньні. Хто менавіта, у прэсавай службе Вярхоўнага Суду не паведамляюць.

Прэсавы сакратар Анастасія Цымановіч сказала:

“Усе падрабязнасьці даведаецеся пасьля агалошваньня прысуду. Заўтра будзе працягвацца судовае сьледзтва. І заўтра стане вядомая дата агалошваньня прысуду”.

Заўтра ў судзе плянуюцца спрэчкі. Хто з падсудных не пасьпеў, скажа сваё апошняе слова. Чакаецца, што прысуд “польскім шпіёнам” вынесуць у пятніцу — калі ня здарыцца якіх нечаканасьцяў.

Нагадаем, чатырох грамадзянаў Беларусі абвінавачваюць у здрадзе радзіме ў форме шпіянажу. Паведамляюць, што яны зьбіралі й перадавалі замежнай дзяржаве сакрэтныя зьвесткі.

Гэта былы маёр збройных сілаў Уладзімер Рускін, былы маёр Віктар Богдан, вайскоўцы радыётэхнічнай брыгады войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі Павал Пяткевіч і Сяргей Карнялюк. Ім пагражае пазбаўленьне волі ад 7 да 15 гадоў.

Уладзімера Рускіна вінавацяць яшчэ ў арганізацыі шпіянажу замежным грамадзянінам.

На пытаньне, ці пагаджаюцца падсудныя з вінавачаньнем, прадстаўнік Вайсковай калегіі Вярхоўнага Суду спадар Карпук сказаў:

“Яны ня тое што пагаджаюцца зь вінавачаньнем, яны не мянялі сваіх паказаньняў. Калі б і тут усё ішло, як у працэсе, так і ў канцы, то сёньня а 16-й, як плянавалася, быў бы прысуд. А так атрымалася, што там зноў пачыналі сьледзтва”.

Яшчэ адзін зь фігурантаў крымінальнай справы — маёр расейскай арміі Сяргей Юрэня. Раней расеец нібыта прыйшоў з пакаяньнем у расейскую Фэдэральную службу бясьпекі й расказаў пра супрацоўніцтва з польскай выведкай.

Паводле прэсавай службы, ён праходзіў сьведкам у гэтым працэсе. Ці выклікаліся сьведкі з польскага боку, не паведамляюць.

Справу аб польскіх шпіёнах завялі незадоўга да адстаўкі былога шэфа КДБ Сьцяпана Сухарэнкі. Кіраўнік Беларусі назваў яе “адным са сьветлых пробліскаў” у працы спэцслужбаў.

Пра затрыманьне так званай “групы польскіх шпіёнаў” КДБ паведаміў у ліпені. Намеcьнік старшыні КДБ Вягера заявіў, што ў асноўным шпіёны нібыта цікавіліся інфармацыяй пра стан аб’яднанай сыстэмы проціракетнай абароны Беларусі й Расеі.

Як паведамлялася па тэлебачаньні, адзін з затрыманых, Уладзімер Рускін, сказаў, што яго завэрбавала польская выведка на тэрыторыі Польшчы.

Уладзімер Рускін быў затрыманы яшчэ ў студзені на беларуска-польскай мяжы. Хутка затрымалі і іншых членаў агентурнай групы.

• Шпіёнскі працэс пачнецца 4 верасьня, 29.08.2007 • Справу “польскіх шпіёнаў” перадалі ў суд, 9.08.2007 • Намесьнік старшыні КДБ у эфіры ОНТ распавёў пра меркаваных шпіёнаў, 16.07.2007 • “Польскіх шпіёнаў” судзяць за зачыненымі дзьвярыма, 4.09.2007 • Адвакаты “польскіх шпіёнаў” адмаўляюцца ад камэнтароў, 6.09.2007 • Вынясеньне прысуду “польскім шпіёнам” перанесена, 11.09.2007
XS
SM
MD
LG