Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нас, дзяцей рэпрэсаваных, безумоўна, пакрыўдзілі”


Ганна Соўсь, Менск Канстытуцыйны суд не прызнаў права на атрыманьне падвышанай пэнсіі дзяцей рэпрэсаваных бацькоў, якія не былі зь імі ў зьняволеньні. Такое рашэньне Канстытуцыйны суд матываваў тым, што Вярхоўныя Саветы 12-га і 13-га скліканьняў выдалі заканадаўчыя акты пра роўныя правы на льготы для ўсіх дзяцей рэпрэсаваных, аднак заканадаўча не замацавалі іхнага выкананьня і фінансаваньня

Як вынікала з прамовы старшыні Канстытуцыйнага суду Рыгора Васілевіча, існуе разыходжаньне паміж дзейным пэнсійным заканадаўствам і пастановай Вярхоўнага Савету Беларусі 1994 году.

Згодна зь ёй пацярпелымі ад палітычных рэпрэсіяў прызнаваліся гэтаксама й дзеці, якія засталіся без бацькоў, якіх неабгрунтавана рэпрэсавалі з палітычных матываў.

Менск, 12.09.2007. Канстытуцыйны суд і пэнсіі дзяцей рэпрэсаваных. Агалошваецца рашэньне Канстытуцыйнага суду Агалошваецца рашэньне Канстытуцыйнага суду

“Канстытуцыйны суд зьвяртае ўвагу, што падрыхтоўка і прыняцьце праектаў згаданых пастановаў Вярхоўнага Савету, якія мелі нарматыўны характар, вялася з грубым парушэньнем дзейнага заканадаўства. Найперш часовага рэглямэнту Вярхоўнага Савету. Са стэнаграмаў паседжаньня Вярхоўнага Савету вынікае, што адсутнічала адпаведнае фінансава-эканамічнае абгрунтаваньне гэтых праектаў”, — заявіў Рыгор Васілевіч.

Ва ўсім вінаваты Вярхоўны Савет?

Справу аб павелічэньні пэнсіяў ініцыявала Палата прадстаўнікоў Беларусі. Кіраўнік камісіі ў працы і сацыяльнай абароне Сяргей Камянецкі гэтак пракамэнтаваў для Радыё Свабода рашэньне Канстытуцыйнага суду.

Менск, 7.09.2007. Канстытуцыйны суд Беларусі разглядае справу пра павелічэньне пэнсіяў дзецям рэпрэсаваных. Сяргей Камянецкі

“Наша задаволенасьць у тым, што пастаўленыя кропкі над “і”, каб не было рознага чытаньня”.

Карэспандэнтка: “Ці згодныя з тым, што гэта віна Вярхоўнага Савету?”

Камянецкі: “Згодны. Час быў цяжкі, таму многія нюансы, многія нормы павярхоўна вывучаліся і павярхоўна прымаліся”.

А на думку старшыні Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Мечыслава Грыба, калі цалкам не была выкананая працэдура заканадаўчага ўмацаваньня нейкай пастановы, то гэта можа і мусіць правіць наступны заканадаўчы орган.

Паводле спадара Грыба, гэта ня ёсьць падставай для скасаваньня дзейнасьці заканадаўчага акту і пазбаўленьня пэўнай катэгорыі дзяцей рэпрэсаваных права на падвышаную пэнсію.

“Тут дзейнічаюць другія падставы — эканамічнага характару”

Старшыня Беларускага грамадзкага аб’яднаньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1920—1980-х гадоў Леанід Ваўчок выказаў расчараваньне пастановай Канстытуцыйнага суду.

Менск, 12.09.2007. Канстытуцыйны суд і пэнсіі дзяцей рэпрэсаваных. Леанід Ваўчок адказвае на пытаньні журналістаў Леанід Ваўчок адказвае на пытаньні журналістаў

“Нашу катэгорыю дзяцей, пацярпелых ад палітычных рэпрэсіяў, безумоўна, пакрыўдзілі. Я думаю, што тут дзейнічаюць другія падставы — эканамічнага характару, а таксама тыя памылкі, якія дапусьціў калісьці Вярхоўны Савет. Мы спадзяваліся на прамежкавы вэрдыкт, пасьля чаго будзе патрэбнае новае рашэньне Палаты прадстаўнікоў, у якім будуць улічаныя і нашы катэгорыі. Але гэта не атрымалася”.

У Леаніда Ваўчка ў 1938 годзе карнікі НКВД расстралялі маці. Ён спадзяецца, што калі-небудзь справядлівае рашэньне наконт усіх дзяцей рэпрэсаваных будзе прынятае.

Надбаўка да пэнсіі, якой патрабавалі для дзяцей рэпрэсаваных, адносна невялікая — 50 працэнтаў ад мінімальнай пэнсіі паводле ўзросту (цяпер гэта 23 170 рублёў). Цяпер такую надбаўку да пэнсіі атрымліваюць рэабілітаваныя рэпрэсаваныя, а таксама іх дзеці, якія былі разам зь імі ў зьняволеньні й высылцы. Гэта больш за 6 тысяч чалавек.

У выпадку, калі б Канстытуцыйны суд задаволіў запыт Палаты прадстаўнікоў, яшчэ каля трох тысяч чалавек прэтэндавалі б на аналягічнае падвышэньне пэнсіі. І гэта каштавала б дзяржаве прыкладна 70 мільёнаў рублёў, альбо больш за 32 тысячы даляраў на месяц.

• “Мартыралёг Беларусі” • Канстытуцыйны суд прыме рашэньне аб пэнсіях дзецям рэпрэсаваных, 7.09.2007
XS
SM
MD
LG