Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: “Магчыма, рэгістрацыяй хочуць увесьці яшчэ большы кантроль?”


Міхал Карневіч, Горадня Ад 1 студзеня 2008 году ў Беларусі адмяняюць інстытут прапіскі. Замест яго ўводзіцца адзіны для беларусаў і замежнікаў парадак рэгістрацыі. Як гарадзенцы ставяцца да навіны, цікавіўся наш карэспандэнт.

Спадар: “Па тэлебачаньні ўчора вельмі каротка апавядалі, што дзеля рэгістрацыі ў Менску патрэбна будзе мець дваццаць мэтраў жыльля на чалавека, а ў абласных гарадах — пятнаццаць. Гэта як бы зразумела. Але, напрыклад, калі я пераеду з Горадні ў нейкі іншы горад, то што — мне трэба рабіць у Горадні, а пасьля яшчэ й у іншым горадзе? Гэтага я яшчэ ня ведаю”.

Карэспандэнт: “Скажыце, калі ласка, а чым, на ваш погляд, быў дрэнны інстытут прапіскі?”

Спадар: “Таму што не заўсёды прапісвалі. Да прыкладу, прыяжджаеш у Менск, знаходзіш працу, а там пытаюцца — дзе вы прапісаны? А ты ў Менску не жывеш, значыць, і працы ня маеш там. Гэта й было дрэнна”.

Спадар: “Тут, разумееце, ёсьць абмежаваньні для рэгістрацыі, але ў нас шмат дамоў ідзе пад знос, а ў іх могуць столькі зарэгістравацца людзей... І дзе потым усім узяць кватэры? Мне здаецца, нашым, будзем казаць так — нашаму народу, яшчэ ня варта даваць поўнай свабоды, хоць вы й самі Радыё Свабода”.

Спадарыня: “Ведаеце, я ня думаю пра гэта. Ёсьць разумнейшыя людзі, якія змогуць пра гэта падумаць”.

Карэспандэнт: “А вас гэта праблема наагул не цікавіць?”

Спадарыня: “Не, не цікавіць”.

Дзяўчына: “Я думаю, што няма ніякай розьніцы, што ў нас будзе — прапіска ці рэгістрацыя. Наагул, не разумею сэнсу гэтай рэгістрацыі. Магчыма, яны хочуць увесьці яшчэ большы кантроль? Мне здаецца, каб мы былі ў Эўразьвязе, то гэта б нешта зьмяніла, а так...”

Спадар: “Нічога ад гэтага ня зьменіцца, усё роўна ў пашпарце будзе стаяць тая самая пячатка”.

Хлопец: “Мне здаецца, што павінна застацца прапіска, будзе больш парадку”.

Спадарыня: “Нават не ўяўляю, як гэта будзе выглядаць. Але калі людзям ад гэтага стане лягчэй, то я новаўвядзеньне падтрымліваю”.

Спадарыня: “Можа, і добра, што ўвялі нешта новае, а так жывеш на адным месцы, прывязаны да яго. А яшчэ лепш, каб замест рэгістрацыі ўвялі звыклую картку, зь якой можна было б рэгістравацца ў любым месцы”.

Спадар: “На маю думку, зьмены пазытыўныя. Інстытут рэгістрацыі больш прагрэсіўны. Праўда, з другога боку, калі ўлады ўсталёўваюць цэнз, то гэта сьведчыць пра тое, што заўсёды можна адмовіць у рэгістрацыі”.

• Прапіска і рэгістрацыя: тлумачэньні ўладаў, 19.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG