Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьвятлана Алексіевіч: “Наша нацыя, наш чалавек яшчэ толькі пачынаюцца”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Нядаўна госьцяй слухачоў Радыё Свабода была пісьменьніца Святлана Алексіевіч.Цягам гадзіны яна адказвала па тэлефоне на пытаньні самых розных людзей з усяе Беларусі.

“Шкадую – не магу карыстацца роднай мовай так, каб быць роўнай сабе”


(Алег Гаеўскі, Менск: ) “Мая першасная матрыца расейская, а вось бачыце – навучыўся гаварыць па-беларуску! Чаму вы хаця б у размоўным варыянце не карыстаецеся родным словам?”

(Алексіевіч: ) “Я нарадзілася ў сям’і вясковых настаўнікаў – маці ўкраінка, бацька беларус. І здарылася так, што вырасла ў расейскай культуры. А далей быў праект усяго майго жыцьця – напісаць аўтабіяграфію імпэрыі, аўтабіяграфію утопіі праз расповеды “маленькіх людзей”. Гэтая ідэя гаварыла па-руску.

Сёньняшні час ставіць многія пытаньні абсалютна па іншаму. Мы ж як нацыя, што спазьнілася, ўсё пра мову... Шкадую – не магу карыстацца ёй так, каб быць роўнай самой сабе. Аднак лічу сябе беларускай пісьменьніцай. І мастацкая мэнтальнасьць у мяне беларуская. І мысьленьне беларускае. Мае тэксты сагравае чалавечая цеплыня нашых людзей, нашай геаграфіі – усё гэта ў мяне ў крыві!”

“Нашыя крыўды нараджае нашая ж няздольнасьць да мадэрнізацыі, няздольнасьць быць як іншыя”


(Гаеўскі: ) “Чаму ўлады Расеі й Беларусі перш-наперш убіваюць у галовы людзей нянавісьць ці як мінімум падазронасьць да Злучаных Штатаў Амэрыкі?”

“Яе перасталі любіць ва ўсім сьвеце... Што да нашых прычынаў, я думаю – гэта сярод іншага зьвязана з комплексам крыўды. Калі дваццаць гадоў валілася Крамлёўская сьцяна, вось гэтая імпэрыя ўтопіі, здавалася: вось як ня стане камуністаў, мы ўмомант зажывем па-сапраўднаму! Насамрэч дзеля таго патрэбна дзьвесьце гадоў падразаць газон у адзін і той жа час на адную і тую ж даўжыню. Мы ня ведалі тады, адкуль зьявяцца тут дарогі, машыны добрыя... Урэшце рэшт ніхто асабліва і не чакае нас у сьвеце – больш па інэрцыі баяцца. Вось мы і пакрыўдзіліся: не дапамаглі своечасова, так хутка, як думалася, у выніку жыцьцё ўсё не наладзіцца...

Гэтая наша няздольнасьць да мадэрнізацыі, няздольнасьць быць як іншыя і нараджае вось такія крыўды. А паколькі ў Беларусі ўлада малакультурная ды яшчэ таталітарная, дык, канечне, найперш яна правакуе чалавечую прыроду – нянавісьць да чужога, нянавісьць да іншага, нянавісьць да прыгожага. Гэта яе спосаб выжываньня, спосаб разуменьня гэтага сьвету.

Зь іншага боку нельга сказаць, што ва ўсім вінаватая выключна вэртыкаль, Лукашэнка. Як некалі віну за ўсё звалілі толькі на Сталіна. Не, нейкую працу мусіць рабіць і кожны з нас. Мы павінны працаваць на ўласнай тэрыторыі”.

(Вольга Барысёнак, Мазыр: ) “Праблема “маленькага чалавека” ўнівэрсальная. Але асабліва для нацыяў, кшталту нашай, якія ўсё яшчэ на стадыі самавызначэньня. Вы шмат дзе былі, дык ці заўважаеце гэта?”

“Гледзячы на што раўняцца – сьвет вельмі розны, жыве ў розным часе. У Эўропе – з разуменьнем таго, што ў чалавека адзінае жыцьцё, што ён мае права на тое, гэта, што ў яго ёсьць свая тэрыторыя – тут не дэклярацыя, а факт. А ў нас чалавек як мера наагул адсутнічае.

Калі думаю пра нашыя партыі, іх заклікі, то нараджаецца адчуваньне: гэта клюбы па ілюзіях. У сацыял-дэмакратаў адна ілюзія, у кампартыі другая, у АГП трэцяя... То бок – адсутнічае глеба: канкрэтны “маленькі чалавек”. Які кажа: вось мая тэрыторыя – дом мой не зьнясеш, а як задумаеце адабраць пад будаўніцтва дзіцячую пляцоўку, дым мы можам усе сабрацца і разам адстаяць яе... Вось гэтай тэрыторыі, на якой можна працаваць і ствараць нацыю, у нас, на жаль, няма. Ёсьць толькі адвечнае чаканьне: добрага Лукашэнкі, добрага цара ці яшчэ некага. Увесь час мы некаму аддаём гэтую працу. А трэба пачаць зь сябе”.

“У Беларусі я гавару зь людзьмі, якія яшчэ ну ня цалкам наеліся, напіліся, апрануліся...”


(Марыя, Гомель: ) “Нашу гомельскую дрыгву трэба неяк час ад часу немаведама чым разварушваць – словы пра агульную млявасьць менавіта пра нас!”

“Пры ўсім тым галоўнае не паддацца вось гэтай роспачы, вось гэтаму разуменьню, што колькі табе засталося – усё будзе паўтарацца. З аднаго боку людзей можна і зразумець: яны вучацца жыць, і потым, як сьледзтва, прыйдзе нейкая годнасьць, разуменьне, што жыцьцё ня толькі “мэрсэдэс”, катэдж ці набітая лядоўня. Аднак пакуль сапраўды трэба прызнаць: сацыяльнае жыцьцё зьнікла абсалютна!

І вось тут, Марыя, для мяне сапраўды пытаньне: наагул дзе гэты мозг нацыі, да якога апэлююць нашыя партыі? Чаму мы перасталі карыстацца шэрым рэчывам? Як тое адбылося?”

(Марыя: ) “Ты падымаеш вельмі важную праблему. Да сказанага дадала б: людзі забыліся, што яны ў Беларусі, а не на нейкай Тэрыторыі, таму іх абсалютна не хвалюе лёс дзяржавы...”

“Чалавек дазволіў сабе зьменшыцца. Я ніколі не змагу не паважаць уласны народ, і ўсё ж калі-нікалі мне хочацца спытацца ў чалавека: ну што з табой, дзе ты, чаму? Такое адчуваньне, што тут маеш справу зь нейкім летаргічным сном”.

(Марыя: ) “Калі з побытавай размову пераводзіш у грамадзянскую плоскасьць, у людзей становяцца бялёсыя вочы...”

“Як ні крыўдна, аднак трэба абсалютна прызнаць, што мы яшчэ ня нацыя. Тое, што адбываецца зараз тут, нельга ўявіць нават у маленькай Эстоніі. Яны – эстонцы. Іншыя нашыя суседзі – латышы, літоўцы. А ў нас я гавару з чалавекам, у якога ёсьць машына, ці няма машыны, у якога дачка вучыцца, ці няма грошай, каб вывучыць... То бок я гавару яшчэ ну зь нейкім чалавекам, які знаходзіцца ў нейкім выразным прамежкавым стане. Які яшчэ ну ня цалкам наеўся, напіўся, апрануўся... Гэта яшчэ толькі пачатак нацыі і пачатак чалавека.

І я лічу, што любога роду ілюзіі (нацыянальныя, там, ці нейкія іншыя) небясьпечныя і нават злачынныя. Злачынныя з гледзішча інтэлектуальнага, бо мы самі тады саўдзельнікі ўлады – мы затрымліваем чалавека ў тым самым стане, мы не дапамагаем яму.

А трэба дакладна канстатаваць: так, вось такі народ – народ-дзіцяці. Народ, які ня ведае, хто ён – рускі ці беларус. Ён проста пакуль нейкі комплекс вось такіх патрэбнасьцей і жаданьняў. Людзі навучыліся толькі “хацець”. Яны “хочуць”, але ня думаюць – гэта ўсё ж розны працэс.

Вось чаму я ўвесь час крычу: “Дзе эліта?!” Ёсьць проста палітыкі, якія таксама нібы цецерукі такуюць адное і тое дваццаць гадоў запар: “Дрэны Лукашэнка, дрэнны Лукашэнка!” ці “А чаму гэты ты не ідзеш на дэманстрацыю?!”

Дык жа ўсё мяняецца! Трэба нарэшце зразумець, чаму менавіта ён сапраўды ня ходзіць?

Калі да астатніх я не магу мець прэтэнзій, як пастыр да паствы за тое, што яна вось такая, а ня іншая, то да “пастыраў” я маю прэтэнзіі. У прыватнасьці, чаму ў іх такі разрыў з уласным народам і з тым, што адбываецца ў сьвеце...”

“У бліжэйшыя паўстагодзьдзя экалягічная гісторыя стане важнейшай за гісторыю сацыяльную”


(Юры Гумянюк, пісьменьнік, Горадня: ) “Чаму ў Беларусі малазаўважны такі жанр, як раман?”

“Гэта праблема сусьветная. Ранейшы сьветапогляд, на якім трымалася канструкцыя сьвету, пасьля Чарнобылю, краху савецкай імпэрыі, падзеяў 11 верасьня 2001 году ў Амэрыцы, калі пачаліся зусім новыя войны, калі прама на носе зьявілася экалягічная гісторыя і стала зразумелым, што яна стане важней гісторыі сацыяльнай ў бліжэйшыя паўстагодзьдзя – паўсюль у сьвеце няма раманнага мысьленьня. Няма раманнай канцэпцыі сьвету, разумееце?

Калі я чую, што нехта напісаў раман, Гніламёдаў атрымаў там нейкую прэмію за раман, і жанчыны нашыя па раману за год пішуць, то на ўсё гэта я магу толькі ўсьміхнуцца. Бо насамрэч цяпер няма раманнай думкі. Няма раманнага чалавека.

Раманны ў нас сёньня – толькі час. А словы нашыя і мысьленьне дапатопныя. Я б сказала – нават пячорныя. У сэнсе эстэтычнага асваеньня вось той новай рэальнасьці, у якой мы апынуліся.

Гэта ўсё такія дамашнія дзіцячыя гульні, якімі можна суцяшаць адзін аднаго. Але гэта – несур’ёзна ў сэнсе нейкай навізны для архіву чалавецтва. Што такое новы стыль, новы тэкст, новая эстэтыка – нічым гэтым мы сёньня не валодаем.

Раман ёсьць толькі ў жыцьці. А са словамі – я ізноў паўтаруся – нешта зрабілася. Словы маленькія побач вось з гэтым нейкім вар’яцкім, зьнішчальным і ўзвышаючым, пужаючым нас жыцьцём”.

“Прэміі такога ўзроўню, як у нас зараз – проста ўзор бандыцкай справядлівасьці”


(Гумянюк: ) “У незалежніцкіх колах увесь час паўтараецца: трэба, каб хтосьці зь беларусаў атрымаў Нобэлеўскую прэмію. Як вы ставіцеся да гэтай праблемы?”

“Гэта спосаб беларусаў і Беларусі заявіць, што яны ёсьць у гэтым сьвеце. Аднак зусім няважна, дзе ты жывеш – важна, як ты думаеш.

Прэміі такога ўзроўню як у нас зараз – проста ўзор бандыцкай справядлівасьці: вось той пісьменьнік любіць мяне, адпаведна ён і ўганараваны. Ці яшчэ ёсьць свая тусоўка – цяпер Бог ведае хто вылез: свута пасрэднасьці, нават бяздарнасьці, я б сказала. Вось такія зараз часы...

Аднак пісьменьніку, як і спартоўцу, прэмія патрэбна як адметка: я гэта прабег! У мяне самой шмат міжнародных прэмій (і ніводнай беларускай, дарэчы) – ну, прыемна, нават радасна. А чаму б і не?

І чаму б нам не прэтэндаваць на Нобэля? Але я пакуль ня ведаю, каму і за што? Быў Быкаў, быў Адамовіч – вось людзі, якія маглі атрымаць гэтую прэмію. Цяпер я нават фігурую ў такіх прэтэндэнтах, аднак гляджу на гэта неяк збоку. Таму што пэўныя рэчы задуманыя, аднак ці ажыцьцявяцца яны? Ці буду я роўная гэтаму? Пакуль ня ведаю... Кажу і пра сябе, і пра тое, што адбываецца ў нас у Беларусі.

Назавіце мне хоць адно імя, якое мы слухаем, як Быкава слухалі ці Адамовіча? Якое ёсьць маральны, духоўны аўтарытэт, інтэлектуальны аўтарытэт, што сёньня вельмі важна. На жаль, сёньня гэтага няма...”

“Дыктатура, нават спрошчаная, правінцыйная, небясьпечная тым, што спыняе час і чалавека”


(Алесь Хілімон: ) “На маю думку, сёньня – час бяздарнасьці: бяздарная палітыка, у дазволеных часопісах друкуюцца бяздарныя літаратары, на сцэне сьпяваюць тыя, хто наагул не павінныя туды падымацца, бяздарнае БТ паказвае такую ж бяздарную беларускую рэкляму...”

“Мае сябры – цудоўныя людзі, якія некалі так многа хацелі зрабіць тады, дваццаць гадоў таму, калі ўсё рушылася, якія сядзелі на абломках са шчасьлівымі тварамі і адухоўленымі вачыма – верылі ў перамены да лепшага... Усё, аднак, сталася нашмат складней.

Дыктатура, нават такая спрошчаная правінцыйная, як у нас, чым небясьпечная? Тым, што яна спыняе час. Спыняе чалавека. Пісьменьнікі, мастакі ня кажуць пра нейкія мэтафізычныя рэчы, чым яны і павінны займацца. Але гэта ўсё не асэнсоўваецца.

Разумееце, мы не павінны быць закладнікамі Лукашэнкі, ягонага калгаснага інтэлекту! Асабліва для эліты важна выйсьці зь ягонага палону, з-пад ягонага гіпнозу, адчуць сябе ў сьвеце, а ня толькі ў Беларусі. Не баюся яшчэ раз паўтарыць: быць Беларусьсю, але ў сьвеце!”

(Хілімон: ) “Апошнія прэзыдэнцкія выбары паказалі, што беларусы інэртныя да тых, хто імі кіруе. Можа гэта адзін з варыянтаў захаваньня сябе як нацыі? Маўляў, хай сабе кіруюць, а мы будзем жыць, як можам!”

“Вы зрабілі вельмі добры акцэнт. Усё лета я пражыла ў вёсцы сярод сялянаў – чыстыя такія беларусы, нават без прымесі вышэйшай адукацыі (часьцей гэта і ёсьць нашая нацыя, не “сапсаваная”, чаго баяцца лідэры, ні Талстым, ні Дастаеўскім). Дык вось спачатку мне падавалася, што тут біяжыцьцё нейкае. А затым зразумела: ёсьць нейкая глыбокая праўда, пра якую вы зараз сказалі. Бо перад летам я дужа шмат езьдзіла па расейскай глыбінцы і бачыла зьнікненьне калгасаў, зарослыя палеткі, суцэльна перапітых мужыкоў... А ў нас усё гэта неяк верціцца, нешта робіцца, маленькую сваю краіну мы больш-менш глядзім...

Няма тут сапраўды жорсткага, як у Расеі, падзелу на багатых і бедных, ні сацыял-дэмакратыя, ні сацыялізм – вось нешта іншае... І чалавек неяк інтуітыўна выжывае ў гэтай сыстэме. Нейкая мудрасьць у такім жыцьці ёсьць. Пра гэта трэба многа думаць... Я ня ведаю, я ня маю гатовых адказаў – занадта незвычайнае жыцьцё: ад сацыялізму да капіталізму яшчэ ніхто не ішоў. Сацыял-дэмакратыю выкінулі за непатрэбнасьцю, мару славянскую выкінулі – занадта шмат праблем, якія патрабуюць вялікай размовы”.

(Хілімон: ) “А што вы думаеце пра ўсеагульны беларускі страх?”

“У палітыкаў усе адказы на тое, што з намі адбываецца, зводзяцца да аднаго: асобы Лукашэнкі. З падручнікаў выкінулі ўсё, што называецца беларускай літаратурай. І што? Пісьменьнікі падняліся? Настаўнікі напісалі некуды пэтыцыі? Канечне, у тым, што адбываецца, ёсьць галоўны віноўнік, але і ўсе мы да гэтага спрычыніліся.

Звычнай стала размова пра вялікіх катаў, аднак жа ім нехта павінен быў данесьці, нехта мусіў дапытваць, ахоўваць, страляць за крок у бок – ёсьць тысячы маленькіх катаў, саўдзельнікаў... Любая дыктатура, як і лягер, разбэшчвае і ката, і ахвяру. Мы ўсе разбэшчаныя гэтым часам. Мы ўсе мусім супраціўляцца яму. Усе разам, кожны паасобку!”

“Трэба зьмірыцца, пагадзіцца з гэтым прамежкавым часам, не спрабаваць яго праскочыць, бо трапіш толькі ў яму...”


(Спадар: ) “Вашу кнігу я літаральна ўчора купіў на рынку – а на ім гандлююць тым, што бяруць...”

“Колькі Лукашэнка пры ўладзе, столькі гадоў мяне тут не выдаюць – разам са шматлікімі пісьменьнікамі трапіла ў ягоныя “чорныя” сьпісы. Аднак я не хачу друкавацца ў сьвеце – лепш дома...”

(Спадар: ) “Сярод шмат чаго іншага мне вельмі сугучныя вашыя разважаньні пра мову”.

“Трэба мірыцца, што мы вось такая нацыя, на такой вось стадыі, і ў такім вось стане мова. А яшчэ трэба зьмірыцца, пагадзіцца з гэтым прамежкавым часам, не спрабаваць яго праскочыць. Бо акрамя ямы, нікуды затым ня трапіш. Ну ня будзе іншага чалавека – з гэтым, сёньняшнім, трэба жыць і знаходзіць агульную мову...”

(Тацяна Процька, Менск: ) “Як ты ставісься да мужчынскага шавінізму ў палітыцы, у жыцьці, у працы? Ці рэальнае раўнапраўе мужчын і жанчын у нашым жыцьці?”

“У нас я бачу патрыярхальныя адносіны – савецкія часы ў горшым выглядзе. Вельмі даспадобы словы адной нашай беларускай фэміністкі: “Мой фэмінізм заканчваецца, як толькі я адчыняю дзьверы ўласнай кватэры!” На жаль, мы паўтараем чужы жыцьцёвы досьвед: лібэралізм там, фэмінізм – але жывем, нібы толькі зь вёскі прыехалі! Мы ўсе – вяскоўцы, зь вясковым разуменьнем сутнасьці мужчыны, жанчыны і ўсяго іншага.

І ўлада ў нас вясковая, і бандыты ў нас вясковыя – хочам мы таго ці не, але ўсё ў нас пакуль сваё, так бы мовіць, “доморощенное”... І суседні сьвет, у якім мужчыны ужо не зусім мужчыны, а жанчыны не зусім жанчыны, сюды яшчэ пакуль уляцеў мала. Але ўсё гэта мяне не хвалюе. У мяне ёсьць справа жыцьця, я раблю яе. Справа ў характары, справа ў лёсе, а ўрэшце рэшт – у мэце”.

(Леанід, Менск: ) “Вы пішаце кнігу пра ўтопію, якая дваццаць гадоў таму развалілася. А ў нас яна сёньня ізноў увасобілася!”

“У вас крыўда за час, за той стан, у якім мы зараз знаходзімся – і разумею гэта. Я пішу пра чалавечую прыроду, як цяжка захаваць у сабе чалавека... У Сяргея Грахоўскага, нашага паэта, які адсядзеў за Сталінам 17 гадоў, спыталася, як можна было напісаць данос на сябе? Ён разварочваецца ў шаленстве і гаворыць: “А ножку венскага стула ў задні праход – усё што хочуць падпішаш!..”

“Час усё ж не спыніць. Ня тыя яшчэ імпэрыі валіліся – вось дзе надзея!..”


(Спадар: ) “У цывілізаваных народаў ёсьць свае пантэоны. Ці патрэбен свой пантэон беларусам? Каго там варта пахаваць?”

“Гаварыць пра пантэон вельмі складана, калі мы сядзім на абломках... Узгадваю, як з Уладзем Арловым хадзілі па Празе, і ён усё гаварыў: беларуская гісторыя, беларускія героі... Кажу яму: “Згодна, у нас ёсьць усё, пра што ты згадаў, аднак як крыўдна: выйдзі ў цэнтар Менску і паспрабуй там знайсьці сьляды продкаў – дзе яны? А тут, у Празе, на кожным кроку, за любым вуглом бачыш мінуўшчыну. Мы ж нібыта толькі елі ды пілі – такі настрой часам зьяўляецца ад адчаю...

Але ён несправядлівы і найперш тлумачыцца сумам, што ў нас не атрымліваецца, як ва ўсіх... Што мы спазьніліся.

У нашай гісторыі імёнаў людзей, якіх можна любіць, многа. Шкада, размова пра гэта ідзе толькі ў маленькім інтэлігентным коле... Што ні кажы, трэба прызнацца: мы боўтаемся ў пустэчы, з чалавекам сапраўды нешта адбываецца.

Наша культура ня ў сілах супрацьстаяць амэрыканскай маскультуры. Тут нават у французаў праблемы... У прынцыпе размова ідзе пра чалавека, які хоча проста жыць, якому не патрэбныя вершы, кнігі – ён хоча кайфаваць, забаўляцца. Гэта, як бачна, праблема ўсяго сьвету.

Што да найноўшай гісторыі, я магу сказаць, каго любіла. Я любіла Алеся Адамовіча – гэта наш беларускі Вацлаў Гавал. Вось уявіце такога чалавека пры ўладзе – былі б тады іншымі і народ, і краіна. Сумую па ім... Я любіла Васіля Быкава, напісанае ім, тое, як ён жыў... Ці памерла нядаўна мая даўняя знаёмая, вясковая бабуля Дзьмітрыеўна. Сьвет, пра які яна расказвала – як бачыла чорта, як размаўляла з Богам, што такое дабро і зло – вельмі цэласны, арганічны, у ім усё на месцы... І яе б узяла ў пантэон.

Пантэон у кожнага свой. Ён ёсьць. Гэта тое, што дае нам апірышча. Нягледзячы ні на што, сёньняшні час цікавы: людзі вучацца любіць сябе, вучацца любіць жыцьцё... Ідзе тое жыцьцё, якое ні Лукашэнка, ні любая дыктатура не пераможа. Час усё ж не спыніць. Ня тыя яшчэ імпэрыі валіліся – вось дзе надзея.
XS
SM
MD
LG