Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 2050 году беларусы згубяць 38% насельніцтва


Любоў Лунёва, Менск Агляд беларускага друку.

Газэта “Наша слова” першую паласу прысьвяціла тэме 645-х угодкаў перамогі беларускага войска над татарскім на Сіняй Вадзе і вызваленьня Ўкраіны ад татарскага ярма. Якую ролю адыграла гэтая бітва на хаду гісторыі ва Ўсходняй Эўропе? Чытайце артыкул Анатоля Грыцкевіча ў сьвежым нумары газэты.

“Наша слова” друкуе інфармацыйны матэрыял, прысьвечаны 70-годзьдзю Уладзіміра Содаля. Чытачы могуць прачытаць нататкі Уладзіміра Содаля пра цяперашнія ягоныя стасункі з міліцыяй і разважаньні пра жыцьцё ў артыкуле “Які хрост такі й лёс”.

“Наша слова” надрукавала ліст з Канстытуцыйнага суду, які рэкамэндуе Саўміну надрукаваць блянкі для тэставаньня абітурыентаў на беларускай мове. Ліст стаў адказам на прапанову грамадзкасьці.

“Народная Воля” надрукавала артыкул прафэсара Нікітчанкі “Экалягічная пагроза Беларусі”. У свой час зачынілі Інстытут радыяцыйнай мэдыцыны і эндакрыналёгіі, Рэспубліканскі дыспансэр радыяцыйнай мэдыцыны, інстытут аграрнага профілю, інстытут “Белрад”. Створаны адзіны цэнтр у Гомелі застаўся без адмыслоўцаў, якія не пажадалі пакінуць Менск. Паводле падлікаў аўтара, беларусы да 2020 году не далічацца паўмільёны чалавек, а да 2050 – згубяць 38% насельніцтва.

У Беларусі толькі адзін год існуе адзіны ў краіне хоспіс для дарослых. Ён разьлічаны на 29 ложкаў і выключна для жыхароў Менску. З галоўным урачом хоспісу Вольгай Мучко размаўляла Марыя Эйсмант:

“50% хворых на рак жывуць ня болей за 5 гадоў. Атрымліваецца так, што анкацэнтры хворых з чацьвёртай стадыяй рака папросту накіроўваюць дадому паміраць. Людзі сам насам застаюцца са сваім болем і страхам перад сьмерцю. Хоспісы, палеатыўная дапамога як раз і створаны дзеля таго, каб дапамагаць такім людзям. У Эўропе падлічылі, што на мільён жыхароў павінна быць створана 50 месцаў у хоспісе”.

Газэта “Комсомольская правда” распавядае як у суседняй Расеі арыштоўваюць грамадзян Беларусі за таблеткі ад кашлю. Іх можна набыць у беларускіх аптэках. У іх склад уваходзяць у вельмі малых прапорцыях псыхатропныя сродкі. Супрацоўнікі расейскага Дзяржнаркакантролю ў інтэрнэце прапаноўвалі пару соцень даляраў за таблеткі. Першую ахвяру арыштавалі год таму ў маскоўскай краме.

«Комсомольская правда» друкуе матэрыял пра тое, што кватэры для шматдзетных стануць танней. За трэцяе дзіця дзяржава заплаціць не 30%, а 50% льготнага крэдыту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG