Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Имя”: ліст ад Беларускага Вызваленчага войска


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 12 верасьня ў розныя гады мінулага.

“Glos Prawdy” ў 1927 годзе зьмяшчае абразкі з жыцьця Горадні: “11 верасьня г.г. у папраўчай турме адбылося ўрачыстае адкрыцьцё навучальнага году ў турэмнай школе. Цырымонія пачалася ўрачыстым набажэнствам у турэмнай капліцы, пасьля чаго зьняволеныя адыгралі 2 сцэнічныя творы. Кіно “Palace”, Ажэшкі 13. Адзін раз на тыдзень аб 11 гадз. уначы паказваем фільм “Як узьнікае чалавек”, які ілюструе найбольш цікавы і загадкавы працэс прыроды. Фільм паказваецца для пань і паноў разам, але на асобных месцах”.

“Чырвоная змена”, год 1967 год. Калгасьніца Н.Івановіч прызнаецца: “Калі я распачала работу па прыгатаваньню тарфагноевых кампостаў, то многія смяяліся: маўляў, якая гэта работа. Не, таварышы, няма ў нашай краіне непачэснай працы. У нас за працу ўзнагароджваюць, цэняць... 14 гадоў я прыгатаўляю кампосты. Здаецца, нічога значнага і не зрабіла. Але партыя і ўрад ацанілі маю сціплую працу і ўзнагародзілі мяне ордэнам Леніна”.

“Имя”, год 1997. Пасьля выбуху пры будынку суду Савецкага раёну Менску рэдакцыя надрукавала атрыманы ёю ліст, напісаны па-беларуску: “Мы, Беларускае Вызваленчае войска, бярэм на сябе адказнасьць за выбух ля будынку Савецкага суда м.Менску. Патрабуем: Узнавіць дзеяньне Канстытуцыі 1994 года. Спыніць судовы перасьлед па палітычных матывах. Свабоду палітычным зьняволеным. Свабоду Павлу Шарамету. Папярэджваем апошні раз паслугачоў рэжыму: за антызаконныя дзеяньні яны будуць пакараныя асабіста. Жыве Незалежная, Дэмакратычная Беларусь!”
XS
SM
MD
LG