Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі распрацавалі праект закону аб малым і сярэднім бізнэсе


Вячаслаў Кулік, Менск Пра гэта Радыё Свабода заявіў старшыня аргкамітэту грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў. Ён таксама паведаміў, што новы дакумэнт неўзабаве будзе прадстаўлены ва ўрад Беларусі.

У Беларусі нарастае хваля пратэстаў прадпрымальнікаў. Гэтымі днямі заяўкі на мітынгі накіраваная ў Берасьцейскі, Гомельскі і Салігорскі гарвыканкамы.. У Бабруйску і Сьветлагорску – на пікеты.

Прычыны называе Віктар Гарбачоў:

“Няма сумленных правілаў гульні з боку дзяржавы. Менавіта гэтая нестабільнасьць вымушае людзей выходзіць на плошчу. Таму мы патрабуем: “Дайце нам правілы гульні ў выглядзе доўгатэрміновага закону на 5 ці 10 гадоў!”. І усё! Мы будзем спакойна працаваць”.

Сёлета ў Беларусі ўведзеная абавязковая гігіенічная рэгістрацыя тавараў. З-за адсутнасьці яе пакараныя штрафамі амаль 20 тысяч прадпрымальнікаў, яшчэ ў 10 тысяч канфіскаваныя тавары.

Законапраект арыентуецца на эўрапейскія законы

Канфліктную сытуацыю, як лічыць эканаміст Леў Марголін, дазволіць вырашыць новы законапраект, які арыентуецца на нацыянальныя законы аб дробным бізнэсе ў краінах Эўропы:

“Каб не замінаць прадпрымальнікам працаваць, прызнаюцца сэртыфікаты, якія выдадзеныя кампэтэнтнымі арганізацыямі ў іншых краінах. А ў Беларусі не прызнаюцца сэртыфікаты ніякіх іншых краінаў – Расеі, напрыклад, Германіі ці Францыі. Хаця, я мяркую, адпаведныя органы Нямеччыны працуюць ня горш , чым беларускія”.

Прадпрымальнікі байкатуюць указы прэзыдэнта

У Беларусі больш як 400 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Паводле ўказу № 302, кожны зь іх павінен набыць яшчэ сёлета статус юрыдычнай асобы. Але дакумэнты на новую рэгістрацыю аформілі ўсяго 30 чалавек. Спэцыялісты называюць гэта байкотам. Выйсьце з праблемы таксама падказвае праект новага закону. Леў Марголін удакладняе:

“На мой погляд, і так лічаць іншыя эканамісты, магістральны напрамак разьвіцьця – натуральнае разьвіцьцё, калі прадпрымальнік сам вырашае: калі яму станавіцца юрыдычнай асобай ці заставацца ў статусе індывідуальнага прадпрымальніка. Гэта мы лічым магістральным накірункам. І ў гэтым напрамку мы павінны разьвівацца, на наш погляд”.

Патрэбныя простыя правілы разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу

Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леаніда Заікі, прадпрымальнікі ня просяць грошай зь бюджэту. Самі арганізуюць вытворчасьць. Самі яе фінансуюць. Спадар Заіка вітае новую ініцыятыву бізнэсоўцаў і выказвае наступныя аргумэнты на карысьць законапраекту:

“Патрэбныя простыя правілы. Першае: ясная і дакладная клясыфікацыя малога і сярэдняга бізнэсу – што да яго адносіцца. Якую ролю малы і сярэдні бізнэс выконвае ў краіне. Зьмены падатковай сыстэмы. Дэбюракратызацыя. Зьмены правілаў рэгістрацыі”.

Для вядучай: Гэта меркаваньне эканаміста Леаніда Заікі. Нагадаю, ініцыятарам законапраекту аб малым і сярэднім бізнэсе ў Беларусі зьяўляецца аргкамітэт ў стварэньні грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”. У мінулы панядзелак адбыўся ўстаноўчы сход гэтага аб’яднаньня. Дакумэнты на афіцыйную рэгістрацыю мусяць быць накіраваныя ў Міністэрства юстыцыі да 10 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG