Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Надзея” ня траціць надзею перамагчы ў спрэчцы зь Мінюстам


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Вярхоўны суд выклікаюць прадстаўнікоў Беларускай партыі жанчын “Надзея”. Будуць заслуханыя пярэчаньні супраць пазову Міністэрства юстыцыі, якое выступае з прапановай ліквідаваць “Надзею”.

Лідэр “Надзеі” Алена Яськова гаворыць: дзейнае заканадаўства прадугледжвае тры меры пакараньня партыяў – папярэджаньне, прыпыненьне дзейнасьці і ліквідацыя:

“На дадзены момант у нас няма ніякіх папярэджаньняў. Значыць, мы не трапляем пад ліквідацыю, што прадугледжвае закон аб палітычных партыях. Мінюст гэта ведае, і таму ў іхным зыску ёсьць спасылка на 57-ы артыкул Грамадзянскага кодэксу, дзе тлумачыцца ліквідацыя юрыдычных асобаў. Атрымліваецца, міністэрства сваім зыскам ставіць нас адразу па-за законам аб палітычных партыях. Гэта мы і будзем абскарджваць у Вярхоўным судзе.

А чаму так робіцца? Мы яўна бачым, што наўмысна выбіваюць з гульні аднаго з суб’ектаў “Саюзу левых партыяў”.

Тут патрэбнае тлумачэньне. Фармальна Саюз утварыўся напрыканцы мінулага году ў Чарнігаве. У канфэрэнцыі ўдзельнічалі дэлегаты ад Партыі камуністаў Беларускай, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і партыі жанчын “Надзея”.

Мінюст адмовіў у рэгістрацыі гэтага Саюзу. Асноўная прычына – устаноўчы сход новай арганізацыі праходзіў за межамі краіны. Сёлета адбыўся яшчэ адзін – ужо на тэрыторыі Беларусі. Пасьля чаго неабходныя для рэгістрацыі дакумэнты зноў накіравалі ў міністэрства.
”“Улады спрабуюць ліквідаваць структуры ўнутры Саюзу”
Тым часам Вярхоўны суд зь ініцыятывы Міністэрства юстыцыі на паўгоду прыпыніў дзейнасьць Партыі камуністаў Беларускай. Сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган лічыць, што Алена Яськова мае рацыю:

“Таму што і тыя рэпрэсіі супраць нашай партыі маюць адной з мэтаў не дапусьціць рэгістрацыі “Саюзу левых партыяў”, не дапусьціць наагул дзейнасьці гэтага Саюзу. Думаю, улады спрабуюць ліквідаваць структуры ўнутры Саюзу, каб потым заявіць: Саюз ня мае магчымасьцяў працаваць”.

Палітоляг, выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Роўда гаворыць, што ў шырокай апазыцыйнай кааліцыі знойдзецца месца і для левага блёку:

“На маю думку, пэрспэктывы ў дадзенай сытуацыі ёсьць толькі ў шырокай кааліцыі. Як мага больш шырокай, якая ўключала б і правыя, і левыя сілы. Карацей, усіх тых, хто ў дадзенай сытуацыі можа супрацьстаяць рэжыму.

І безумоўна, у такой шырокай кааліцыі павінна быць месца левым партыям. Тым больш, што Лукашэнка часткова эксплёатуе той левы электарат, які ў іншых умовах мог бы галасаваць не за яго, а за левых дэмакратаў”.

• Мінюст адмовіў у рэгістрацыі "Саюзу левых партый", 15.13.2007 • Cаюз левых партыяў будзе працаваць на электаральным полі А.Лукашэнкі, 18.12.2006
XS
SM
MD
LG