Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная абЛОГа” – 12 верасьня


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах tut.by актыўна абмяркоўваюць навіну дня пра тое, што старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў падаў прашэньне аб адстаўцы ў сувязі са станам здароўя.

Шaхыд піша: “Калі ў бліжэйшы час ня сядзе, значыць, зьліняў сам. А гэта значыць, што калгасная эліта ведае больш, чым мы, і пачынае матаць вуды”.

Боб Марля выказвае здагадку: “Пасадзяць толькі ягонага вадзілу. Магчыма, для яго гэта і +. Зможа спакойна сустрэць старасьць дзе-небудзь на віле ў цёплай краіне”.

Minus: “Шафёра дапрашваюць выключна на прадмет "Ці насіў Канаплёў сцікеры ў цёмны час сутак". Аднак шкада, Канаплёў аджыгаў ня горш за галоўнага гісторыка”.

alv03: “Лішні" раз да карыта прыпаў, перахлябаў, вось і "захварэў”.

А Аляксандр Фядута піша пра адстаўку Уладзімера Канаплёва: “Насамрэч, мы ведаем пра яго і шмат, і мала. Мы ведаем, напрыклад, што ён сустракаўся з Карпенкам — адным з апошніх. І ня ведаем, пра што яны гутарылі. Мы ведаем, што яны не любілі адзін аднаго з Ганчаром. І ня ведаем, ці іграў якую-небудзь ролю Канаплёў у лёсе Ганчара. Я б так сказаў: у лёсах Ганчара і Захаранкі. Таму што ў лёсе Віньнікавай — сыграў. А Ганчар... Калі-небудзь мы даведаемся і пра гэта. Чакаем Шэймана”.

Ва ўласным дзёньніку Просты мянчук зьмясьціў вынікі галасаваньня “Сем цудаў сьвету”, якое правёў на ўласным сайце тэлеканал СТВ да сьвята Менску . Першым цудам быў прызнаны будынак Нацыянальнай бібліятэкі, за які прагаласаваў амаль кожны пяты ўдзельнік апытаньня. Другую суму галасоў набрала Траецкае прадмесьце (11 працэнтаў), на трэцім месцы — будынак Менскай ратушы (10 працэнтаў), далей ідуць плошча Перамогі, чыгуначны вакзал з плошчаю, гандлёвы цэнтар “Сталіца”, Палац спорту.

Фрэнды “Простага менчука”, камэнтуючы гэтыя вынікі, пішуць наступнае. valodka: “А лыжаролернай трасы наогул няма сярод варыянтаў адказу”.

veter_r_r: “Як жа так? Усяго адзін працэнт набраў Дом-музэй першага зьезду РСДРП”.

arizma: “Я за бібліятэку пры ўмове, калі яна ня будзе ноччу сьвяціцца як навагодняя елка ці як пафаснае начное казіно!”

2211103: “Гэта ствараўся пуцевадзіцель для грамадзянскай авіяцыі”.

Блог pozirk.org пачаў друкаваць пераклад кнігі XVIII стагодзьдзя ангельскага падарожніка Ўільяма Кокса пад назваю "Travels into Poland, Russia, Sweden and Denmark". У разьдзеле, прысьвечаным наведваньню Горадні, можна прачытаць: “Горадня — гэта вялікае і раскіданае па мясцовасьці места, хаця ў ім жыве ня больш за 3 тысячы хрысьціян, ня лічачы людзей, заангажаваных ў працы на мануфактурах, і тысяча габрэяў. Па ўсім відаць, што горад знаходзіцца ў заняпадзе, бо складаецца зь неверагоднай сумесі няшчасных хацінаў, напаўразбураных будынкаў і руінаў палацаў з пышнымі брамамі — усё, што засталося ад былой раскошы. Нешматлікія будынкі ў добрым стане робяць кантраст яшчэ больш заўважным”.

У гасьцёўні сайту Менсктрансу мінчанін Віталь пакінуў запіс: “Калі нарэшце скончацца зьдзекі над жыхарамі вуліцы Ландэра, якія карыстаюцца аўтобусам №40? Расклад, што вісіць на прыпынку, не выконваецца! Набыўшы праязны, я хацеў бы быць пэўным, што транспарт будзе выконваць аплачаныя мною абавязкі! Хоць, я так бачу, форум ператвараецца ў кантэйнэр для сьмецьця, які ніхто не чытае, а тым больш не рэагуе на цалкам справядлівыя скаргі і заўвагі”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG