Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць вучыцца ў Расеі рэпрэсаваныя беларускія студэнты?


Ігар Карней, Менск Зь ініцыятывай уладкаваць ў расейскія ВНУ рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў выступіў старшыня Савету па зьнешняй і абароннай палітыцы Расейскай Фэдэрацыі, сустаршыня створанай два гады таму беларуска-расейскай праваабарончай камісіі Рады пры прэзыдэнце Расеі Сяргей Караганаў. Ён ачольвае катэдру ўсясьветнай палітыкі Дзяржаўнага ўнівэрсытэту “Вышэйшая школа эканомікі” ў Маскве. Цяпер, паводле Сяргея Караганава, галоўнае – знайсьці фінансаваньне для такога праекту.

С.Караганаў: “Ініцыятыва набудзе агульнарасейскі маштаб”

Вось як Сяргей Караганаў патлумачыў Радыё Свабода сутнасьць сваёй ініцыятывы:

“Мы будзем спрабаваць знайсьці спосабы, каб студэнты маглі працягнуць адукацыю ў Расеі. Гэта, безумоўна, так. І мы мяркуем ініцыяваць такую ідэю ва ўсерасейскім маштабе. Але для гэтага патрэбна, каб гэтая ідэя стала зразумелая, каб яна атрымала разуменьне ў расейскім грамадзтве. Таму, канешне, гэта павінны перадусім вырашаць кіраўнікі ВНУ, дэканы і г.д., у кожным асобным выпадку. Магчыма, будзе і нейкае ўрадавае рашэньне, але хутчэй за ўсё, гэта павінна рабіцца на ўзроўні грамадзкасьці”.

Карэспандэнт: “У Польшчы ўжо працуе падобная праграма для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў, імя Каліноўскага...”

“Але, разумееце, мы не варожая дзяржава Беларусі. Мы хочам дапамагаць беларусам, а не даказваць, што Беларусь дрэнная. Як гэта робяць палякі”.

Карэспандэнт: “Пры станоўчым разьвіцьці сытуацыі, калі праграма можа запрацаваць рэальна?”

“Што значыць праграма? Проста кожны раз трэба нешта канкрэтна рабіць, вось і ўсё. І не “круціць” ніякай праграмы. А проста даваць магчымасьць добрым студэнтам вучыцца. Не спадзявацца, што любы студэнт, якога выгналі таму, што ён лайдак, павінен паступіць у прэстыжную расейскую ВНУ. Але калі ён добры студэнт і абсалютна відавочна, што яго выгналі ні за што, па палітычных матывах, то трэба яму даць магчымасьць вучыцца”.

Ці можна лічыць, што расейская палітычная эліта прызнае факты парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, але пры гэтым працягвае падтрымліваць беларускі рэжым? Спадар Караганаў у адказ на гэтае пытаньне кажа, што ён адмаўляе любую сувязь у дзейнасьці беларуска-расейскай праваабарончай камісіі з афіцыйнымі структурамі расейскай улады. Зь яго словаў, рэальная і адзіная мэта заснаванай камісіі – абарона правоў чалавека ў Беларусі і Расеі.

Ю.Алейнік: “Цешыць, што ў Расеі кажуць пра рэпрэсаваных”

Юрася Алейніка выключылі з 4-га курсу Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце сёлета, за тыдзень да пачатку летняй сэсіі. Юнак зьбіраў подпісы за захаваньне студэнцкіх ільготаў сёлетняй вясной. Днямі ў Маскве Алейнік сустракаўся з намесьнікам загадчыка катэдры ўсясьветнай палітыкі Дзяржаўнага ўнівэрсытэту “Вышэйшая школа эканомікі”, дэпартаваным летась зь Беларусі палітолягам Андрэем Суздальцавым.

“Калі меркаваць з размоваў, то задумы такія насамрэч ёсьць. Спачатку я падумаў, што гэта проста палітычныя заявы Суздальцава і Караганава. Але я зьезьдзіў у Маскву на мінулым тыдні і пабачыў, што гэта даволі ўсё рэалістычна, і настроі ў Расеі такія, што гэтая праграма, магчыма, запрацуе, магчыма нават пры падтрымцы праваабарончага фонду Элы Памфілавай. Таму я лічу гэта вельмі добрай задумай. Цудоўна, калі такая праграма запрацуе, але ўжо добра тое, што ў Расеі такія людзі як Караганаў заяўляюць пра існаваньне рэпрэсаваных студэнтаў у Беларусі і гатоўнасьць іх падтрымаць. Будзем толькі дзякаваць, калі такая праграма запрацуе. Прынамсі, настроі там такія ёсьць”.

Андрэй Суздальцаў кажа, што праект толькі пачынаецца. Спадар Суздальцаў дадае, што бліжэйшым часам зьбіраецца правесьці перамовы з кіраўнікамі ВНУ, куды плянуе ўладкоўваць палітычна актыўных беларускіх студэнтаў:

“Гэта будуць рэйтынгавыя ВНУ, дыплёмы якіх прызнаюцца ва ўсім сьвеце. Як прыклад – Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (МДУ), Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў, Дзяржаўны унівэрсытэт “Вышэйшая школа эканомікі”, куды якраз і паступае Юрась, заканчваецца афармленьне дакумэнтаў. Але адразу скажу: ёсьць праблемы. Мы ведаем стан вышэйшай адукацыі ў Беларусі, трэба мець на ўвазе, што мы не жадаем падладкоўвацца пад яго. У прыватнасьці, курсы не стыкуюцца – адразу ідзе паніжэньне на год альбо нават на два.

Канешне, кагосьці гэта можа напужаць, але ж людзі павінны разумець: яны атрымаюць дыплёмы, якія прызнаюцца ва ўсім сьвеце. З дыплёмам той жа Вышэйшай школы эканомікі ці МДУ чалавек можа працаваць абсалютна свабодна ў любой кропцы зямнога шару. Таму гульня вартая высілкаў. Бо гэта іншая адукацыя, іншага ўзроўню. Але гэта праблема, якую мы адразу павінны акрэсьліваць. Таму што, прабачце, пасылаць у нейкія правінцыйныя ВНУ, якія задаволяцца ўзроўнем падрыхтоўкі ў беларускіх ВНУ, то мы такім шляхам ня пойдзем. Нам трэба, каб беларусы вярталіся не недавучанымі, а сур’ёзнымі спэцыялістамі з атрыманымі міжнароднымі стандартамі адукацыі”.

І.Кулей: “Расейская ідэя – плён беларускіх высілкаў”

Кіраўніца Камітэту дапамогі рэпрэсаваным у Беларусі Іна Кулей расейскую ініцыятыву на ўладкаваньне адлічаных студэнтаў вітае. І кажа, што ў немалой ступені гэта і плён працы беларускіх праваабаронцаў:

“Мы ведаем пра гэтую прапанову і, шчыра кажучы, дамагаліся гэтай прапановы. У нас ёсьць незалежны назіральнік Рады камітэта – гэта Алена Танкачова, актыўны ўдзельнік менавіта праваабарончых праграмаў з Расеяй (старшыня БХК Тацяна Процька і Алена Танкачова ўвайшлі ў спэцыяльную міждзяржаўную праваабарончую групу). Гэтае пытаньне якраз уздымалася на адным з паседжаньняў, дзе наўпрост казалася: іншыя краіны адгукнуліся на праблемы адлічаных беларускіх студэнтаў, тых, хто актыўна выказвае сваю грамадзянскую пазыцыю, а Расея не адгукнулася практычна ніяк. І вось гэтыя прапановы, якія сёньня гучаць з боку спадара Караганава і з боку спадара Суздальцава, гэта і ёсьць водгук на наш запыт. Бо мы лічым: чым больш нашых студэнтаў, выключаных менавіта за сваю цьвёрдую пазыцыю, будзе вучыцца ў розных краінах, тым лепей. Таму што нам потым запатрабуецца, як мы кажам, “народная дыпляматыя”.

Прадстаўнікі расейскіх ВНУ пакуль не знаёмыя з ініцыятывай Караганава і Суздальцава. Супрацоўніца Вышэйшай школы эканомікі, дзе працуюць і Караганаў і Суздальцаў, Тацяна Піскарова паведаміла:

“Не абмяркоўвалася такая магчымасьць, і я, напрыклад, нават ня чула пра гэта. Магчыма, гэта пакуль было ў якасьці прапановы. Але нават калі такое і здарыцца, то з улікам, што ў нас ВНУ выключна адукацыйная і мы з палітыкай ніяк не зьвязаныя і імкнёмся з палітычнымі плынямі сябе не атаясамліваць, бо ў нас чыстая эканамічная адукацыя, то такі крок можа ня будзе асабліва і афішавацца. Бо, уласна кажучы, гэта можа нават ня столькі палітычны крок, а гуманітарны, ці як сказаць... Але, хутчэй за ўсё, трэба зьвяртацца да тых, хто прымаў рашэньне – была такая размова ці не. Бо ў мяне такой інфармацыі няма”.

Пра ініцыятыву Караганава-Суздальцава ня ведаюць і ў іншых, згаданых Андрэем Суздальцавым ВНУ – у прыватнасьці, у Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце і Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных адносінаў.
XS
SM
MD
LG