Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Іван Саверчанка, Марына Наталіч, Міхась Тычына


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 8 верасьня)

ЛІТПРАЦЭС

ІВАН САВЕРЧАНКА: “ПІСЬМЕНСТВА ЎСХОДНІХ СЛАВЯНАЎ ПАЧАЛОСЯ Ў ПОЛАЦКУ”

У выдавецтве “Беларускі кнігазбор” выйшаў том “Старажытная беларуская літаратура (XII – XVII стст.). Уклаў выданьне, напісаў да яго прадмову і камэнтары, а таксама пераклаў многія творы для гэтае кнігі доктар філялёгіі, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Саверчанка. Яго распытвала наша карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Гэтая кніга, здаецца, – вынік вашае навуковае працы некалькіх нават не гадоў, а дзесяцігодзьдзяў. Ці так гэта?”

Іван Саверчанка: “Сапраўды, старажытнай беларускай літаратурай я пачаў займацца ў 1980 годзе. На той час мы амаль нічога ня ведалі пра помнікі нашага старадаўняга пісьменства. За гэтыя дваццаць шэсьць гадоў я ўбачыў безьліч шэдэўраў нацыянальнага прыгожага пісьменства. Гэта – пэрліны і мастацкія, і інтэлектуальныя, і філязофскія. Я працую супольна з маімі калегамі, беларускімі мэдыявістамі, і выкарыстоўваю досьвед калег зь іншых краінаў”.

Аксак: “Вы сказалі, што ў сваёй дасьледчыцкай працы абапіраліся на досьвед цэлых навуковых школаў нашых суседзяў, блізкіх і далёкіх. А скажыце, чаму ў Беларусі так шырока не цікавіліся сваёй старажытнай літаратурай? Ці то гэтыя тэксты былі недаступныя, ці па якой іншай прычыне?”

Саверчанка: “Калі я пачынаў гэтым займацца ў 80-я гады, гэтыя тысячагадовыя набыткі нашага народу не лічыліся істотнымі, гэта нават лічылася друзам. Але гэта ня значыць, што не было людзей, якія не разумелі гэтай каштоўнасьці. Аляксандар Фаміч Коршунаў, Віктар Іванавіч Дарашкевіч, Мікола Іванавіч Прашковіч, Адам Восіпавіч Мальдзіс – яны разумелі важнасьць гэтага, але не заўсёды маглі рэалізаваць свае навуковыя погляды. І толькі вось сапраўды незалежная дзяржава, дэмакратычныя працэсы, якія пачаліся пасьля 1986 году, дазволілі стварыць пэўныя асяродкі для дасьледаваньня, уключыць гэтыя тэмы ў адукацыйныя праграмы, што дало магчымасьць выйсьці на больш-менш прыймальны ўзровень асэнсаваньня нашай культурнай, філязофскай, літаратурнай спадчыны”.

Аксак: “А, можа быць, уся справа ў мове? Гэтыя творы напісаныя ня той мовай, якую мы сёньня называем беларускай літаратурнай мовай. Мне прыгадваецца, што адзін з дасьледчыкаў старабеларускай літаратуры, у прыватнасьці, “Жыція Эўфрасіньні Полацкай”, Аляксей Мельнікаў казаў, што гэты твор напісаны на старарускай мове...”

Саверчанка: “Нашай мове, гутарковай беларускай мове, тысячагодзьдзі. Гэта пракаветная мова. Іншая справа – літаратурная мова. Пісьменства ў нас зьявілася ў дзевятым стагодзьдзі, а першыя творы – у дзясятым, пасьля таго, як славянскую азбуку зрабілі Кірыла і Мяфодзі. Неўзабаве пасьля гэтага ў Полацку, Тураве зьявіліся першыя настаўнікі, якія вельмі апэратыўна пачалі пашыраць літаратурную мову. Яна была пераважна старабалгарскай, царкоўнаславянскай, альбо, як мы сёньня яе называем, стараславянскай. Але адразу ж, як яна зьявілася на нашых землях, пачаўся моцны ўплыў на яе гутарковай нацыянальнай беларускай мовы. І ўсе пісьмовыя помнікі таго часу, якія мы маем, гэты ўплыў адлюстравалі. Ішоў вельмі працяглы працэс гэтага ўплыву – з дзясятага па чатырнаццатае стагодзьдзе. І ў чатырнаццатым стагодзьдзі ўжо дамінавала ў літаратурных тэкстах менавіта старабеларуская мова. Быў працяглы пэрыяд – некалькі сотняў гадоў – найсур’ёзьнейшых дыскусій пра яе. Мялеці Сматрыцкі, Афанасі Філіповіч, Лаўрэнці Зізаній, Францішак Скарына – яны выступалі за неабходнасьць разьвіцьця літаратуры на нацыянальнай мове. Іншыя гаварылі, што дастаткова лаціны, іўрыту і грэцкае. Гэта была філялягічная дыскусія. І яна была ня толькі ў нашай краіне, яна была ў Італіі, Францыі, Нямеччыне, Ангельшчыне”.

Аксак: “Пытаньне пра жанры, у якіх стваралася старажытная беларуская літаратура, узоры якой уключаныя ў гэтую кнігу. Ці ёсьць у нашай старажытнай літаратуры такія жанры, як інтымная лірыка?”

Саверчанка: “Нават калі вы возьмеце “Малітвы” Кірылы Тураўскага, то знойдзеце яе ў іх. Наколькі яны сучасныя, наколькі мала што зьмянілася ў разуменьні чалавека і яго адносінаў з прыродай, яго унутраных сумненьняў, яго перажываньняў, яго клопатаў. Літаральна кожная з “Малітваў” Кірылы Тураўскага – гэта ня толькі звароты да Бога, гэта глыбокія філязофскія разважаньні, гэта афармленьне ў словы самага інтымнага, што было ў чалавека дванаццатага стагодзьдзя. І такія далікатныя жанры, у якіх адлюстраваныя ўзаемадачыненьні жанчыны і мужчыны, таксама існуюць у нашай старажытнай літаратуры. Назаву “Аповесьць пра ажэнства Барбары Радзівіл і Жыгімонта II Аўгуста”. Гэта твор з элемэнтамі авантурнасьці, ён пра тое, як вялікі князь наведваецца да Барбары ўначы, як яго захопліваюць яе браты, сюжэт разгортваецца вельмі захапляльна”.

Аксак: “А які ж твор у нашай літаратуры лічыцца на сёньня самым старажытным?”

Саверчанка: “Я магу пра гэта выказаць толькі сваё меркаваньне. Нашы помнікі прыгожага пісьменства зьявіліся ў дзясятым стагодзьдзі, і найбольш раньнім вядомым творам зьяўляецца “Аповед пра паморак у Полацкай зямлі”. Спэцыялісты прыйшлі да высновы, што, канечне, існаваў Летапіс Полацкага княства. Ёсьць канкрэтныя тэкставыя адзінкі ў летапісных творах – сюжэты, навэлі, занатоўкі, – якія мы лічым сьлядамі-урыўкамі з Полацкага летапісу зь дзясятага стагодзьдзя. Праўда, паміж нашымі навукоўцамі і расейскімі ідзе на гэты конт ўнутраная, пакуль што, палеміка. Яны ня хочуць прызнаць той факт, што наша летапісаньне, наша кніжная культура апярэджвалі Наўгародзкую, і што ўсходнеславянская цывілізацыя, канечне ж, пачалася з Полацку. Адсюль пачыналася пісьменства ўсходніх славян, тут былі напісаны найвыдатнейшыя творы. І я аўтарытэтна заяўляю, што гэтыя творы ёсьць, яны падрыхтаваны, і ў недалёкім часе зь імі чытачы пазнаёмяцца”.

АЎТАР І ТВОР

МАРЫНА НАТАЛІЧ: “ПІСАЦЬ ПА-БЕЛАРУСКУ МНЕ ПАРАІЎ ВАСІЛЬ БЫКАЎ”



Сем уласных кніг яна выдала пад імем Марына Наталіч, на многіх дзясятках чужых пазначана яе другое імя – Натальля Давыдзенка. За дваццаць пяць гадоў працы ў выдавецтвах “Мастацкая літаратура” й “Беларускі кнігазбор” яна адрэдагавала цэлую бібліятэку, шматлікія клясыкі й пачаткоўцы згадваюць яе добрым словам. У прозе Марыны Наталіч прысутнічае геаграфічная прастора ад Ціхага акіяну да Менску... Зь беларускай пісьменьніцай, якая ня мае беларускіх каранёў, сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Марына, вы нарадзіліся ажно на Далёкім Усходзе, у горадзе Ваніна. Хто былі вашы бацькі?”

Марына Наталіч: “Бацька быў вайскоўцам, мама – мэдыцынскай сястрой. Яна прыехала ў Ваніна па разьмеркаваньні. Там мае бацькі пазнаёміліся, і – нарадзілася я”.

Скобла: “У вас дасканалая беларуская мова. А нейкія беларускія карані ў вас ёсьць?”

Наталіч: “Не, няма. Толькі расейскія і ўкраінскія, мой прадзед – украінец, з-пад Харкава. У Беларусь я прыехала ўжо студэнткай, мне было дваццаць гадоў. Мой шлях да Беларусі пралёг праз Урал, дзе прайшло маё маленства, тыя мясьціны я вельмі цёпла ўспамінаю. Потым быў Арэнбурскія стэпы, дзе я ў горадзе Яснае закончыла школу. Так атрымалася, што месца на зямлі, якое можна назваць родным домам, у мяне няма”.

Скобла: “Да нядаўняга часу вы пісалі вершы й прозу па-расейску. Цяпер пішаце й па-беларуску. Чаму?”

Наталіч: “Вучыцца пісаць па-беларуску мне давялося ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, дзе я больш за дваццаць гадоў адпрацавала рэдактарам. Гэта была рабочая мова. Памятаю, рыхтаваўся зборнік успамінаў пра Веру Палтаран, пра вельмі мне дарагога чалавека. Ну як я пра яе магла пісаць па-расейску? Толькі па-беларуску! А першы свой верш па-беларуску я нават не заўважыла, як напісала. Гэта быў водгук (як мне здавалася – празаічны) на пераклады Рыгора Барадуліна. Ён быў надрукаваны ў газэце “Знамя юности”.

Да пісаньня па-беларуску мяне падштурхнуў і водгук Васіля Быкава, які прачытаў адзін з маіх паэтычных зборнікаў і сказаў: “Даўно пара ёй пісаць па-беларуску”. Ёсьць моманты, ёсьць уражаньні, ёсьць пачуцьці, якія душа просіць выказаць менавіта па-беларуску. Патлумачыць гэта я ніяк не магу, таму што душа сама кіруе”.

Скобла: “Вы шмат гадоў працавалі рэдактарам. Якія самыя памятныя кнігі на вашым рэдактарскім стале?”

Наталіч: “Мне пашчасьціла быць рэдактарам у такіх людзей, як Алесь Адамовіч, Уладзімер Калесьнік, Міхась Мушынскі, Генадзь Кісялёў, Адам Мальдзіс... У такіх выдатных расейскіх дасьледчыкаў, як Яўген Неміроўскі й Юры Лабынцаў, якія пісалі пра Францішка Скарыну. Былі проста незабыўныя сустрэчы. Усё гэта аўтары выдатных і памятных мне кніг”.

Скобла: “Вы гадаваліся й сталелі ў Расеі, прыкладна столькі ж пражылі ў Беларусі. У чым вам бачацца адрозьненьні паміж беларусамі й расейцамі?”

Наталіч: “Беларусы – больш закрытыя людзі. Яны больш абачлівыя ў выказваньні эмоцый. Мне не заўсёды лёгка размаўляць з беларусамі, нешта разам рабіць. Я ўвесь час вымушаная стрымліваць свае эмоцыі, таму што шчырасьць і адкрытасьць часам успрымаюцца як нешта чужароднае. І гэта стварае пэўныя праблемы ў адносінах. Але ўсё гэта ня вельмі істотнае, таму што ў аснове людзкіх стасункаў ляжаць сардэчная дабрыня, шчырасьць і даверлівасьць. Калі яны ёсьць, то нішто не замінае людзям сябраваць”.

Скобла: “Вы – аўтарка чатырох паэтычных зборнікаў і дзьвюх кніг прозы, напісаных па-расейску. Неяк так сталася, што расейскамоўныя літаратары апынуліся пераважна ў новаствораным, праўладным Саюзе пісьменьнікаў. Вас туды не запрашалі?”

Наталіч: “У мяне пыталіся, ці не хачу я перайсьці ў той саюз. Я адказвала так – кожны чалавек сам вырашае, дзе яму быць, з кім сябраваць, куды пайсьці. Гэта права чалавека. У Саюз беларускіх пісьменьнікаў мяне прынялі. І мне было прыемна, што мяне прынялі ў сябрыну. І пайсьці з гэтай сябрыны я лічу для сябе немагчымым. Мне падабаецца быць з маімі сябрамі ў нашым Саюзе беларускіх пісьменьнікаў”.

Скобла: “Хацець пісаць – гэта перадаць інфармацыю, якая не дае табе супакою. Гэта патрэба самой душы,” – пішаце вы ў сваёй кнізе “Фрагмэнты разьвясёлага дзяцінства”. Але ж напісаць – гэта не заўсёды перадаць. Ці вы такога пісаньня – для сябе, у шуфляду – не прызнаяце?”

Наталіч: “Прызнаю я ці не прызнаю пісаньне ў шуфляду... Пісаць “для сябе” атрымліваецца незалежна ад майго прызнаньня. Прынамсі, для мяне. Нягледзячы на тое, што я змагла выдаць свае кнігі. Але я іх выдала за свае ўласныя сродкі. Дапамогі ад дзяржавы ці ад фундатараў не было. А з такімі кнігамі ты неяк застаесься за мяжой той літаратуры, пра якую гавораць, на якую найперш зьвяртае ўвагу крытыка. Хоць не магу сказаць, што мае кнігі прайшлі незаўважанымі. І ўсё ж сёньня я часам вымушаная пісаць у стол. Ісьці з друкаваньнем асабліва няма куды. Мне прапаноўвалі некалькі расейскамоўных выданьняў. Але я не лічу магчымым там друкавацца. Так атрымліваецца”.

МАРЫНА НАТАЛІЧ. ПЕРАСТВОРАНАЕ СЬВЯТЛО

* * *

Дзяўчына палівала кветкі на падаконьні. Стаяў сонечны чэрвень. Пачалася вайна.

– Я іду на фронт, а ты палівай кветкі, – папрасіла дзяўчына, аддаючы суседцы ключ ад пакою.

Прайшло чатыры гады. Суседка проста памерла, у кватэру засяліліся чужыя людзі, дзяўчына-зэнітчыца вярнулася з вайны жывой — скалечаная, бясконца адзінокая і старая, зусім старая. Усе, каго яна кахала і помніла, загінулі, прапалі, памерлі.

Пасохлыя кветкі на падаконьні стаялі, быццам выпетраныя шкілецікі.

"Я пайду на вайну, а ты палівай кветкі..."

Адкуль я гэта памятаю?..

* * *

Нянавісьці сьвятой – не існуе. Яна – гнілое балота, з якога непрыкметна сыходзіць жывая вада, ратуючыся ад зла. Балота глуха зарастае кволай травой, бязродным кустоўем, крывымі дрэўцамі. Нутро сохне, прасуецца у торф. Хапае выпадковай іскаркі, – і чорныя паклады нянавісьці пачынаюць тлець, едкі дым і смурод сьлепяць вочы, душаць усё жывое. Нябачны агонь пажырае нутро, і аднойчы зямля пад нагамі правальваецца, і ў попельнай бездані зьнікаюць травы, каравыя недаросткі – і душа, змардаваная нянавісьцю.

Нянавісьці сьвятой – не бывае. Яна – хітрая пастка апраметнай. Яна – сьмерць душы.

Сьвятой бывае толькі любоў, якая творыць, спараджае новыя сьветы. Ня дайся у зман, душу не загубі.

* * *

Чужая мова – як грэхападзеньне. Ты надкусваеш яе – як Ева яблык, і назаўсёды атручваесься чужой спакусай, гэтай падступнай атрутай спазнаньня чужых глыбіняў і таямніцаў. Ты зьлізваеш хмельны сок з надкусу, ты любуесься зярняткамі неспазнанай сутнасьці, якія прасьвечваюцца праз яе глыбіні. I запальваесься жаданьнем разгадаць яе. I не адразу здагадваесься, што атручаны неспадзяваным каханьнем навек. Ты жарсны паклоньнік, ты сквапны рабаўнік чужых скарбаў, ты іхні палонны, ты іх адданы служка.

Ты палюбіў чужое, як сваё, – няма табе выратаваньня.

* * *

Пахаваньне Васіля Быкава. Хто жыве бліжэй да Ўсходніх могілак, прыйшлі туды загадзя. Каля магілы памост, абцягнуты чырвоным. Па зямлі працягнутая міліцэйская стужка з надпісам:

"Міліцыя, праход забаронены".

Падыходзяць дзьве інтэлігентныя бабулі. Глядзяць. Міліцыянт строга:

– Пераступаць нельга.

Яны уважліва чытаюць надпіс:

– Дык каму гэта нельга? Што ж вы за грамацеі гэткія? Чытайце: "Міліцыя…" Кропку хаця б паставілі, бо атрымліваецца зварот да міліцыі. Вось вам якраз і нельга, выходзіць...

Азадачаны граматыкай міліцыянт дастойных словаў для адказу не знаходзіць. Жанчыны адыходзяць, уладкоўваюцца на чыюсьці лавачку. Чакаюць, перагаворваюцца. Побач неадступна топчацца асаністы мужчына у цывільным, але, як падмячае былая партызанская разьведчыца, не ў цывільных чаравіках. Ды і рацыя штрыфэль пінжака адтапырвае. Жартуючы, штурхае ў бок сяброўку:

– Глядзі, Мая, асьцярожней...

Служака, які ўжо трохі знудзіуся ў чаканьні, паблажліва:

– Ды ня бойцеся...

– А чаго нам ужо баяцца, гэта вам яшчэ баяцца даводзіцца... А вы ў якім чыне будзеце – капітан, маёр?

– Палкоўнік, – не ўтрымаўся, каб не пахваліцца.

– Але ж і служба у вас...

Ну і выдалі бабулі нясьпешна ўсё, што яны думаюць, – і пра сёньняшні дзень, і пра ўлады, і пра галоўнага-загалоўнага, якога, на ноч гледзячы, лепш і не ўспамінаць. Палкоўнік слухаў з задавальненьнем.

– Рады быў, відаць. На дзесяць справаздачаў матэрыялаў хопіць, – пасьміхнулася былая партызанка ў гэты сумны дзень…

КРЫТЫКА

МІХАСЬ ТЫЧЫНА. БІБЛІЯТЭКА ІСНУЕ ВЕЧНА

Бабілёнская бібліятэка: Замежная літаратура ў перакладах Нашай Нівы. — Менск: Логвінаў, 2007. — 270 стар.

Адзін мой знаёмы гуманітарый, апынуўшыся на пэнсіі, прыдумаў, што зрабіць з хатняй бібліятэкай, якую любоўна зьбіраў усё жыцьцё. Пераканаўшыся напрыканцы жыцьця ў тым, што ўся кніжная мудрасьць не зрабіла яго больш разумным і таленавітым, чым дала прырода, ён усе кнігі пакрысе перацягаў у букіністычную краму. Пакінуў сабе толькі Біблію. Кнігу Кніг, дзе ёсьць адказы на ўсе адвечныя пытаньні, на якія мы шукаем і не знаходзім адказаў.

У прыпавесьці Хорхе Луіса Борхеса “Бабілёнская бібліятэка”, якая стала назвай зборніка перакладаў замежных апавяданьняў, апублікаваных у штотыднёвіку “Наша Ніва”, распавядаецца пра “людзей Бібліятэкі”. Інакш кажучы, жыхароў кніжнага Сусьвету, якія праз усё сваё жыцьцё вандруюць у пошуках аднае кнігі, “каталёгу ўсіх каталёгаў”. У Адкрыцьці Яна Багаслова сказана пра гэтую кнігу, запячатаную на сем пячатак. Але ўзяць гэтую кнігу і зьняць зь яе пячаткі можа толькі Сын Божы, які “Крывёю Сваёю адкупіў нас Богу з кожнага калена і роду, і народу і племені” (5:9). Звычайныя біблятэкары, як той жа Борхес, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Аргентыны, як і шматлікія аматары кнігі, у выніку бясплённых пошукаў прыходзяць да высновы, што Бібліятэка — гэта сфэра, цэнтр якой знаходзіцца паўсюль і нідзе канкрэтна. Што Бібліятэка існуе вечна. Што колькасьць знакаў (літар) складае лічбу 25, выпадковае спалучэньне і фантастычныя камбінацыі якіх і ствараюць бясконцае мноства кніг, якія “самі па сабе нічога ня значаць”.

Усе мы, у тым ліку і выдаўцы “Нашай Нівы”, жывём зманлівым уяўленьнем, што “гэтыя неспасьціжныя кнігі напісаныя нейкімі далёкімі зьніклымі мовамі”. Борхес згадвае кнігу, “незразумелую, як і ўсе астатнія”, мову якой дэшыфроўшчыкі вызначылі, як “самаеда-літоўскі дыялект мовы гуарані з канчаткамі клясычнае арабскае”. Урэшце, мы прыходзім да яшчэ адной высновы: “Ва ўсёй вялікай Бібліятэцы няма дзьвюх аднолькавых кніг”. Гэта пацьвярджае і прачытаньне амаль трох дзясяткаў апавяданьняў у выбарцы “Нашай Нівы”.

Дарэчы, пра сам жанр апавяданьня ў яго пераважна заходнеэўрапейскім варыянце. Гэта ня звыклае наша беларускае аднастайнае апісаньне, а гэта, паводле вызначэньня Эдгара По, з навэлы якога і адкрываецца кніга, “твор, які можа быць прачытаны за адным захадам ня больш чым за дзьве гадзіны і які засяроджвае ўвагу на канкрэтнай, унікальнай падзеі”. Антон Чэхаў, аўтар выказваньня “сьцісласьць – сястра таленту”, у такім выпадку казаў пра 7 старонак, ня больш, друкапісу. Зь ім пагаджаўся і Янка Брыль.

Размова ідзе пра невялікі мастацкі тэкст з простым сюжэтам, эканамічным, шчыльным пісьмом, імклівай разьвязкай. Такімі былі ў свой час апавяданьні казачніка Рэдкага, “нашаніўцаў” Каруся Каганца, Ядвігіна Ш., раньняга Якуба Коласа. У апавяданьні Рэя Брэдбэры “Нічога новага, альбо Што забіла сабаку?”, па сутнасьці, пераказваецца сюжэт беларускай казкі “Мужык і пан”, дзе Стопак, які ўмее гаварыць з панамі, на ўсе пытаньні адказвае нэйтральным “усё добра”, альбо “нічога новага”: усё пачынаецца з таго, што зламаўся панскі сьцізорык, якім лупілі са здохлага сабакі скуру, а сканчваецца аповедам пра тое, што панскі маёнтак згарэў, і пані памерла.

Апавяданьні Рэя Брэдбэры, Эдгара По, Бруна Шульца, Макса Фрыша, Марыі Жудзітэ дэ Карвальё, Рэйманда Карвэра, Уільяма Трэвара, Гайнрыха Бёля адносяцца да жанру, які англічане называюць “storу”. Інакш кажучы, кароткая гісторыя, у аснове якой жыццьцёвы парадокс, незвычайнае здарэньне, нечаканка, што, нібы міг бліскавіцы, раптам раскрывае псыхалёгію чалавека, сьцьвярджаючы сучасную тэорыю аб прынцыповай загадкавасьці чалавечай істоты, якую ня толькі іншыя добра ня ведаюць, але і сама гэта істота. Нашы клясыкі – ад Максіма Гарэцкага і Міхася Зарэцкага да Янкі Брыля і Вячаслава Адамчыка – валодалі майстэрствам паказу тыпаў дзівакоў, блазнаў, байдуноў.

У многіх навэлях кнігі ў той ці іншай ступені навідавоку наяўнасьць актуальных алюзій і згадак пра сучасную беларускую сытуацыю. У навэле Зігфрыда Ленца “Прыхільнік ураду” акрэсьлены характар Бэлы Бонца, чалавека, які, нягледзячы нават на тое, што яго сын быў закатаваны, упарта цьвердзіў: “Усе ўрады аднолькавыя, усіх іх трэба цярпець... Гэты ўрад мы ведаем, а тыя, другія, толькі абяцаюць... Мы за гэты ўрад, чуеце! Я – за гэты ўрад”. Бонца ня з той кагорты кансэрватараў, на якіх ніякія аргумэнты ня дзейнічаюць. Ён у сваіх развагах нават філёзаф: “Што нам з тае незалежнасьці, калі краіна галее. А гэты ўрад прадае нашы тавары за мяжу. Ён паклапаціўся аб пракладцы дарог, пабудове шпіталяў і школаў. Ён акультурваў глебы і акультурыць яшчэ больш...”

Так думае не адзін Бонца. Міма спрэчнікаў ішоў нейкі мужчына з касой, і на пытаньні, на якія адказваў Бонца, “мужчына з абурэньнем пакруціў галавой: ён быў гарачым прыхільнікам ураду, і Бонца сустракаў кожнае яго прызнаньне зь ціхім трыюмфам”. Многае ў паводзінах гэтых людзей тлумачыць заключнае назіраньне аўтара: “Урэшце мужчыны паціснулі адзін аднаму рукі, быццам каб змацаваць у нашай прысутнасьці сваю супольную адданасьць ураду”. Пазнаеце братоў-беларусаў?! Гэта пра іх Янка Купала ў свой час сказаў, што ў іх “душа агульнаграмадзкая яшчэ дрэмле”, што яны кіруюцца правілам: “Можна мець сьветапогляд адзін, думаць другое, гаварыць трэцяе, а рабіць чацьвёртае”.

У навэлях Хасэ Пабла Фэйна “Краіна дурняў”, Гайнрыха Бёля “Як у кепскіх раманах”, Эфраіма Кішона “А ключы ў Рудога”, Міколы Рабчука “Да Чаплі на дзень нараджэньня”, Вольгі Такарчук “Прафэсар Эндрус у Варшаве” чытач лёгка вылучыць выразныя намёкі на знаёмыя рэаліі нашага штодзённага існаваньня. У згаданым апавяданьні Кішона расказваецца пра дазнаньне, чаму здарылася аварыя з супэрсамалётам, у выніку якога ўсё ўпіралася ў незразумелыя паводзіны шараговага служакі Рудога: ланцужок ўзаемазалежнасьці людзей розных прафэсій абарваўся менавіта на ім, “але Руды забраў ключ ад шуфлядкі ды спусьціўся ў вэстыбюль, яго шукалі ў буфэце, але ён сышоў адтуль літаральна дзесяць хвілін таму – відаць, на футбол паехаў; а хатняга тэлефону ён ня мае, а ключ у яго, а што ты тут зробіш...”

Ці не нагадвае гэта нам радкі з ліста Алеся Адамовіча, напісанага Васілю Быкаву адразу пасьля Чарнобыльскай катастрофы: “Я павінен ехаць да вучоных, у Маскву. Цікава спытаць высакалобых: адказвае ці не адказвае вучоны-фізык, хімік і г.д., калі яго небясьпечную штучку даводзіць, рэалізуе безадказна-п’яны (альбо з пахмельля) “дзядзька Вася”?” Але каб адказаць на гэта пытаньне, трэба пачытаць тэксты замежных навэлістаў з кнігі “Бабілёнская бібліятэка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG