Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвет пасьля 11 верасьня: “Канец гісторыі” альбо “Cутыкненьне цывілізацыяў”?


Віталь Цыганкоў, Менск Як зьмяніўся сьвет пасьля 11 верасьня 2001 году? Ці ўдалося тэрарыстам сваімі дзеяньнямі абмежаваць дэмакратычныя свабоды ў заходніх краінах? Якія ўрокі 11 верасьня найважнейшыя для Беларусі? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць у перадачы “Экспэртыза Свабоды” гісторык Аляксей Кароль і філёзаф Валянцін Акудовіч.

“Улады ЗША утрымалі прэстыж дэмакратычных інстытутаў..”

Цыганкоў: “Прынята казаць, што сьвет зьмяніўся пасьля 11 верасьня 2001 году. Прайшло 6 гадоў і цяпер, здаецца, можна больш спакойна ацаніць, ці не было гэта гіпэрбалай, перабольшваньнем?”

Акудовіч: “Для мяне падзеі 11 верасьня засьведчылі адну сумную навіну. Я зразумеў, наколькі інстытут дэмакратыі ўсё яшчэ застаецца кволым, нягледзячы на стагодзьдзі свайго станаўленьня. Калі б у тэрарыстаў атрымалася зладзіць яшчэ 2-3 падобныя акцыі, дык амэрыканцы дзеля спакою і міру ў сваёй краіне абралі б любую аўтарытарную і таталітарную ўладу, якая б паабяцала ім управіцца зь бядой. Што, зрэшты, і зразумела, бо для чалавека жыцьцё даражэй за тыя палітычныя і сацыяльныя формы, зь якімі ён пражывае гэтае жыцьцё”.

Цыганкоў: “Мяркую, што многія людзі не пагодзяцца з гэтым вашым тэзісам, які, урэшце, гучаў ужо неаднаразова з розных крыніцаў”.

Акудовіч: “Вядома ж, спрачацца многія будуць, але заўважце, колькі давялося ўвесьці розных дробных абмежаваньняў, каб распачаць масавую шырокую антытэрарыстычную апэрацыю. Мы павінна дзякаваць уладам ЗША, што далі рады праблеме – ня толькі захавалі спакой у сваім доме, але і ўтрымалі прэстыж дэмакратычных інстытутаў як унівэрсальную мадэль сучаснага цывілізаванага сьвету”.

“Сьвет ня хоча пакуль уладкоўвацца ў адну цывілізацыйную схему...”

Цыганкоў: “Спадар Кароль, што б Вы адзначылі як найважнейшае, што зьмянілася ў сьвеце пасьля 11 верасьня 2001 году?”

Кароль: “Гэты дзень вызначыў тыя тэндэнцыі глябалізацыі, якія ішлі даўно і якія працягваюцца і цяпер. Гэта “чорныя” і “сьветлыя” бакі глябалізацыі. “Чорныя” ў тым, што тэхнічны прагрэс, які разьвіваецца нягледзячы на ўзровень палітычнай арганізацыі грамадзтва, дае магчымасьць прымяняць жахлівыя мэтады тэрору.

Памкненьні да скарачэньня дэмакратызацыі, да спаўзаньня да аўтарытарных мэтадаў таксама абазначылася. Тут я згодны з спадаром Акудовічам. І заслуга амэрыканскай дэмакратыі ў тым, што гэтыя памкненьні ўдалося стрымаць і пакуль што знайсьці той балянс, які дапамагае захаваць дэмакратычныя пабудовы і стрымліваць хвалі тэрарызму”.

Цыганкоў: “Давайце зьвернем увагу на яшчэ адзін аспэкт 11 верасьня. У 1990-х гадах пад уплывам знакамітай кнігі Фрэнсіса Фукуямы “Канец гісторыі” шмат дзе запанавала думка, што ў лібэральнай дэмакратыі больш няма гістарычных канкурэнтаў, што ўсе іншыя рэгіёны сьвету пойдуць у гэтым кірунку. Шэсьць гадоў пасьля 11 верасьня паказалі, што гэта не зусім так, што многія краіны і рэгіёны хочуць жыць няхай у недэмакратычных, але ў сваіх уласных сыстэмах”.

Акудовіч: “Бясспрэчна, сьвет ня хоча пакуль уладкоўвацца ў адну цывілізацыйную схему. Праўда, я думаю, што ісламскі сьвет ваюе ня столькі з цывілізацыяй і іншым сьветам, колькі выказвае свой адчай ад немагчымасьці рэалізаваць сваю мусульманскую формулу як формулу сацыяльнага і палітычнага ўладкаваньня.

Іслам – досыць маладая рэлігія, яшчэ поўная энэргетыкі, але яна вельмі позна нарадзілася і патрапіла ў сытуацыю, калі сьвет глябалізуецца. Для тых формаў і практык жыцьця, якія іслам агучвае, у гэтым сьвеце не знаходзіцца месца. Адсюль вялікі адчай”.

“Сябры беларускай улады -- тыя самыя гістарычныя выкапні”

Кароль: “Калі мы гаворым пра “цывілізацыйны выбар”, я б трошкі прызямліў гэта. 11 верасьня мы наглядалі праявы не барацьбы за цывілізацыйны выбар, а барацьбы за ўладу з выкарыстаньнем вялікай ідэі. І гэта ня новае, калі вялікай ідэяй апраўдваюцца масавыя ахвяры, і адначасова апраўдваецца сваё імкненьне да ўладаньня.

І яшчэ адзін аспэкт. Для нас, для Беларусі важна тое, што цывілізацыйны выбар Беларусі затрымаўся на 15 гадоў. І адназначна гэты выбар мусіць ісьці ў рэчышчы дэмакратызацыі, дэмакратычных пераменаў”.

Акудовіч: “Беларускія ўлады выказваюць вялікія сымпатыі да краінаў, дзе відавочна падтрымліваецца тэрарызм. Але гэта не ад любові да тэрарызму як такога. Проста адсланіўшы сябе ад цывілізаванага сьвету, у іх няма іншага выбару, каб прарваць аблогу ізаляцыі...”

Цыганкоў: “...Дакладней сказаць – самаізаляцыі”.

Акудовіч: “Гэта бясспрэчна самаізаляцыя – посьлед той палітыкі, якую ўлада праводзіла. Але досыць хутка яна заўважыла, што быць у ізаляцыі ня надта зручна і псыхалягічна, ня надта гэта патлумачыш электарату. Таму давялося шукаць сяброў, у гістарычным пляне тых самых палітычных выкапняў, як і яны самі.

Я цалкам згодны з спадаром Каралём, што рана ці позна нам давядзецца выходзіць з гэтай сытуацыі і мяняць нашых цяперашніх выпадковых сяброў. Мы зусім іншыя, і таму нашы сябры мусяць быць іншымі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG