Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапіска і рэгістрацыя: тлумачэньні ўладаў


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску падчас прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў і Нацыянальнага цэнтру заканатворчай дзейнасьці пры прэзыдэнту тлумачылі журналістам, што азначае замена прапіскі на рэгістрацыю. Нагадаем, кіраўнік Беларусі падпісаў указ, які ліквідуе інстытут прапіскі.

Пакуль прапіска на постсавецкай прасторы захавалася толькі ў Туркмэністане і Беларусі. Але з 1 студзеня новага году ў Беларусі яна адмяняецца.

Паводле аўтараў указу, рэгістрацыя дапаможа палепшыць улік грамадзянаў паводле месца жыхарства. Цяпер грамадзяне могуць прапісацца па адным адрасе, а жыць у іншым месцы.

Парадак рэгістрацыі будзе мець пэўныя абмежаваньні, калі параўнаць з эўрапейскай практыкай.

Намесьніца дырэктара Нацыянальнага цэнтру заканатворчай дзейнасьці пры прэзыдэнту Людміла Панфёрава сказала:

“У адзін момант мы адразу ня можам перайсьці да чыста паведамляльнага парадку безь якіх-небудзь абмежаваньняў, бо інстытут прапіскі цесна пераплятаецца з многімі галінамі права. Таму прынялі рашэньне, што паступова і паэтапна адмяняем цяперашні дазвольны парадак рэгістрацыі грамадзянаў”.

Паменшыцца колькасьць дакумэнтаў для атрыманьня рэгістрацыі, і ня трэба будзе здымацца з уліку. Рэгістрацыю можна прайсьці паводле даверанасьці й зарэгістравацца ў садовых доміках і лецішчах. Абмежаваньні будуць для Менску.

Але дазволеная, да прыкладу, рэгістрацыя ўнукаў да дзядуляў ці бабуляў — і наадварот. Паўналетніх дзяцей — да бацькоў, родных братоў і сясьцёр.

У гэтым выпадку, як мяркуюць аўтары закону, разгрузяцца суды ад фіктыўных разводаў і шлюбаў. Той, хто рэгіструецца, не набывае ніякіх правоў на жылое памяшканьне. Вызначаны таксама парадак рэгістрацыі асобаў, якія жывуць у будынках рэлігійных арганізацыяў.

Калі грамадзянін не прайшоў у вызначаны час рэгістрацыі, то можа атрымаць папярэджаньне, а потым і штраф.

Намесьнік начальніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Дзьмітры Ланін дадае:

“Сёньня лепей ведаць, дзе чалавек знаходзіцца, ведаць адрас яго рэгістрацыі, мець магчымасьць накіраваньня паштовай карэспандэнцыі, паведамленьняў падатковых органаў, чым ня ведаць наагул. Цяпер такая сытуацыя — чалавек прапісваецца дзе можа, а жыве дзе хоча. І наагул невядома пра яго месцазнаходжаньне”.

Таксама будуць новыя правілы для грамадзянаў, якія знаходзяцца за мяжой і маюць сталае жыхарства ў Беларусі.

Спадар Ланін сказаў:

“Указ ня дасьць свабодна грамадзянам пакідаць краіну без афармленьня выезду на сталае жыхарства. Сёньня наш грамадзянін піша заяву пра выпіску, што хоча паехаць зь Менску ў Берасьце, а сам жыве ўжо сем гадоў у Аўстрыі. І яго бацькі ці давераная асоба распараджаюцца кватэрай, бо ёсьць запіс пра яго выпіску.

То такое ад 1 студзеня 2008 году ня пройдзе. Проста яго ня выпішуць, як раней. А каб яго выпісаць, трэба зарэгістраваць у Берасьці. А потым прыйдзе паведамленьне, што ён зьняты з рэгістрацыйнага ўліку ў Менску. Яму давядзецца вярнуцца і аформіць выезд на сталае жыхарства, атрымаць пашпарт адпаведнай сэрыі і потым паехаць”.

Менск, 11.09.2007. Намесьнік начальніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Дзьмітры Ланін Намесьнік начальніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Дзьмітры Ланін

• Ці прынясе абавязковая рэгістрацыя палёгку ад прапіскі?, 10.09.07 • Залатая эра беларускага нафтахіму скончылася, 19.04.2007
XS
SM
MD
LG