Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ворша: суд над Пушкіным і Янушэўскім перанесьлі на заўтра


Радыё Свабода, Ворша Судзьдзя Тацяна Рыбакова вырашыла, што выкіданьне дзяржаўнага сьцяга з акна пастарунку не падпадае пад “дробны крадзеж”. Яна загадала міліцыянтам перапісаць пратаколы пра правапарушэньне, за якое судзяць вядомага мастака й моладзевага актывіста, і адклала суд да заўтрашняе раніцы.

Падчас сёньняшняга судовага паседжаньня мастак Алесь Пушкін не пагадзіўся з тым, што ягоныя дзеяньні кваліфікуюць паводле артыкулу 10.5 адміністрацыйнага заканадаўства.

Пушкін настойвае на тым, што не выкрадаў сьцяг, а дэманстратыўна выкінуў яго з акна дзяржаўнай установы — на знак пратэсту супраць несправядлівага затрыманьня.

Пра гэта распавёў прысутны на судзе аршанскі праваабаронца Алег Граблеўскі:

“Пушкін на пачатку судовага пасяджэньня заявіў, што яго абражае тое, што міліцыянты і суд хочуць зрабіць зь яго нейкага дробнага злодзея. Дарэчы, падчас суду была агучаная лічба, памер крадзяжу — 9 тысяч 880 рублёў. Столькі цяпер каштуе дзяржаўны сьцяг. Пушкін заявіў, што ён асоба творчая і сваім учынкам ён выказваў пратэст супраць незаконнага затрыманьня”.

Паводле праваабаронцы Алега Граблеўскага, моладзевы актывіст Аляксей Янушэўскі адмаўляе сваю датычнасьць да справы зь сьцягам. І сьведкаў, якія маглі б пацьвердзіць адваротнае, сярод міліцыянтаў пакуль не знайшлося.

Тым ня менш, судовыя справы мастака і моладзевага актывіста аб’ядналі ў адну.

На запатрабаваньне Алеся Пушкіна пратаколы судовага пасяджэньня вядуцца па-беларуску і з падсуднымі судзьдзя размаўляе празь перакладчыка — настаўніцу беларускай мовы адной з аршанскіх школаў.

Пакуль міліцыянты перапісваюць пратаколы затрыманьня, у судзе абвясьцілі перапынак да заўтрашняй раніцы. Да тае пары застанецца невядомым, паводле якога артыкулу будуць судзіць далей Алеся Пушкіна і Аляксея Янушэўскага.

Нагадаем, што адразу пасьля затрыманьня супрацоўнікі міліцыі казалі, што гатовыя завесьці на іх крымінальную справу за абразу нацыянальнай сымболікі.

Алеся Пушкіна і Аляксея Янушэўскага затрымалі раніцай 9 верасьня пасьля бардаўскага фэсту “Аршанская бітва — 2007”. З тае пары яны знаходзяцца пад вартай у аршанскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

• Ворша: для Пушкіна і Янушэўскага шукаюць новае абвінавачаньне, 11.09.2007 • А.Пушкін: “Вы мне спэктакль — і я вам!”, 11.09.2007 • У Воршы судзяць затрыманых падчас бардаўскага фэсту, 10.09.2007 • Ворша: затрыманым пагражаюць крымінальнымі справамі, 09.09.2007
XS
SM
MD
LG