Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гледачоў “Свабоднага тэатру” спрабуюць перавыхаваць


Алег Грузьдзіловіч, Менск Адміністрацыя менскай школы аказвае ціск на вучняў, якія былі сярод гледачоў не зарэгістраванага ўладамі “Свабоднага тэатру”. Паводле супрацоўнікаў тэатру, іншых гледачоў і актораў таксама спрабуюць запалохаць міліцыянты і супрацоўнікі КДБ.

Яўген і Павал вучацца ў адной зь менскіх школ у мікрараёне Ўручча. У канцы жніўня юнакі былі на спэктаклі “Свабоднага тэатру” “11 кашуляў”, калі ў залю ўварвалася міліцыя і сарвала прэм’еру.

Праз два тыдні тыя падзеі згадала дырэктар школы. Кажа Яўген:

“Калі нас у тэатры забралі, то перапісалі, і вось цяпер ліст з прозьвішчамі дайшоў у школу, нас выклікалі да дырэктара. Казалі спачатку, што паставяць на ўлік ды выклічуць на бацькоўскую раду”.

Паводле дырэктаркі “Свабоднага тэатру” Натальлі Каляды, да кампаніі запалохваньня моладзі, якая цікавіцца спэктаклямі “Свабоднага тэатру”, далучыліся міліцыя і супрацоўнікі КДБ.

Натальля Каляда згадвае выпадак зь Яўгенам і Паўлам, а таксама апавядае пра актывіста Юрася Сільвановіча, якога падчас адміністрацыйнага арышту супрацоўнікі спэцслужбаў нібыта спрабавалі запалохаць. “Яму заявілі, што арганізатары “Свабоднага тэатру” будуць гэтак жа абвінавачаныя ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі, як і актывісты “Маладога фронту”, — кажа Натальля Каляда.

Супрацоўнік прэсавай службы КДБ Беларусі Валер Надтачаеў адмовіўся камэнтаваць зьвесткі пра ўдзел супрацоўнікаў КДБ у запалохваньні актораў і гледачоў “Свабоднага тэатру”.

Ня стала гаварыць пра тое, ці сапраўды рыхтуюцца санкцыі супраць вучняў, і дырэктарка менскай школы, дзе вучацца гледачы “Свабоднага тэатру” Яўген і Павал.

Карэспандэнт: “Гэта праўда ці не?”

Дырэктарка школы: “Прабачце, я вас у вочы не бачыла, і вы хочаце са мной, дырэктарам школы, абмяркоўваць дзеяньні, якія ў нас праводзяцца? Прабачце”.

Рэжысэр “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін мяркуе, што ціск на гледачоў тэатру і актораў незаконны:

“Калі на іх не складаліся пратаколы за нейкія парушэньні, як у міліцыі казалі, тады чаму дзетак выклікаюць і палохаюць, што калі трапіце другі раз, то адлічым і нікуды вы потым не паступіце. Гэта парушэньне Канстытуцыі”.

Паводле апошніх зьвестак са школы, дзе вучацца Яўген і Павал, 11 верасьня адміністрацыя вырашыла абмежавацца прафіляктычнай гутаркай вучняў з участковым міліцыянтам.

Між тым, у “Свабодным тэатры” не выключаюць, што больш сур’ёзны ціск на гледачоў адклалі.

• Менская міліцыя: “За што выбачацца? Усё было ў межах закону”, 23.08.07 • М.Халезін: “Адпусьцілі толькі дзяцей. Затое ў кватэры французаў праводзяць ператрус”, 22.08.07
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG