Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: як засьцерагчыся ад тэрарызму?


Іна Студзінская, Менск Сёньня шостая гадавіна нападу тэрарыстаў на ЗША. Як засьцерагчыся ад тэрарызму? Якія захады патрэбныя, каб перамагчы гэта зло? Гэтае пытаньне наша карэспандэнтка задавала жыхарам беларускай сталіцы.

Спадар: “Трэба, каб кожны меў маральныя і этычныя нормы, якія б засьцерагалі нас ад гэтага”.

Спадарыня: “Па-першае, ня трэба парушаць межаў іншай краіны. Палітыка Амэрыкі, на маю думку, ня вельмі правільная. Яна ўварвалася ў Ірак, краіну, пра якую яны ня ведалі нічога — ні рэлігіі (а рэлігія ва ўсходніх краінах дастаткова вялікі ўплыў мае), ні традыцыяў, ні культуры, ні звычаяў краіны.

Ня трэба было спрабаваць нешта зьмяніць там. Я думаю, у нашай краіне тэрарызм не зьяўляецца вельмі вялікай праблемай, таму што межы закрытыя, урад прадухіляе. Так што абарона ёсьць”.

Дзяўчына: “Усё залежыць ад палітыкі дзяржавы, Самі людзі ня змогуць сябе засьцерагчы ад тэрарызму”.

Спадар: “Перш за ўсё, трэба зразумець іхнія думку, іхнюю культуру, зразумець, чым яны жывуць. Магчыма, усталяваць дыпляматычныя дачыненьні”.

Карэспандэнтка: “Як засьцерагчыся ад тэрарызму?”

Спадар: “Я ня ведаю. Напэўна, адказваць на такое пытаньне павінны адмыслоўцы”.

Юнак: “Трэба стварыць адмысловую базу, каб забясьпечыць бясьпеку дзяржавы. Возьмем нашу Беларусь. Так, тут рэжым даволі строгі, але ў пэўнай ступені гэта і правільна. Да таго ж, у нас добра працуе міліцыя, пасты пастаянна сочаць за ўсім, малайцы! І прэзыдэнт стараецца падтрымліваць дружалюбныя сувязі зь іншымі краінамі”.

Спадар: “Проста сілавымі захадамі ўнутры адной краіны гэтай праблемы ня вырашыць. Трэба спалучаць кантроль унутры краіны, і трэба праводзіць граматную замежную палітыку”.

Спадарыня: “Гэта вельмі складанае пытаньне, таму што тэрарысты ж свайго сапраўднага твару не паказваюць, і паспрабуй зразумей, што ў яго ўнутры. І больш пільнымі, уважлівымі трэба быць. Да таго ж, ёсьць органы, якія павінны быць асабліва пільныя, заўсёды на варце”.

Вайсковец: “Таварыш вайсковец можа запэўніць, што тэрарызм у Беларусі немагчымы”.

Другі вайсковец: “А вы ўпэўненыя, што гэта тэрарысты былі? Па-мойму, гэта работа ФБР”.

Спадар: “Бессэнсоўна штосьці рабіць. У тэрарыстаў усё куплена. Трэба як раней — прылюдна сячы галаву, як раней”.

Спадарыня: “Калі на сілу адказваць сілай, гэта прывядзе да катастрофы. Павінны быць дыпляматычныя мэтады, перамовы, я так думаю”.
XS
SM
MD
LG