Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці хаваўся Радаван Караджыч у Беларусі?


Ганна Соўсь, Менск У 1997 годзе шуканы ваенны злачынца Радаван Караджыч некалькі месяцаў знаходзіўся ў Беларусі. Пра гэта піша ў сваіх мэмуарах былая памочніца генэральнага пракурора Міжнароднага ваеннага трыбуналу па былой Югаславіі ў Гаазе Фляранс Артман. У Камітэце дзяржаўнай бясьпекі Беларусі заяўляюць, што нічога ня ведаюць пра магчымае знаходжаньне Караджыча ў Беларусі.

Фляранс Артман у 2000-2006 гадах была памочніцай Генэральнага пракурора Карлы дэль Понтэ.

У сваёй кнізе “Мір і пакараньне” яна сьцьвярджае, што ў лістападзе 1997 году, калі ў Босьніі, якая знаходзілася пад кантролем НАТО, павінны былі прайсьці выбары, расейскі самалёт тэрмінова эвакуаваў Радавана Караджыча на некалькі месяцаў у Беларусь.

Прадстаўнік Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валеры Надтачаеў на просьбу Радыё Свабода пацьвердзіць альбо абвергнуць цьверджаньні спадарыні Артман адказаў:

“Нічога не магу сказаць з гэтай нагоды, паколькі не знаёмы з гэтай тэмай. Ня ведаю, адкуль яна ўзяла такую інфармацыю”.

У Міністэрстве замежных справаў таксама не камэнтуюць заяву спадарыні Артман.

“У нас гэтая інфармацыя закрытая. Прыляцеў, патрымалі й адправілі...”

Чуткі пра тое, што лідэр басьнійскіх сэрбаў пэўны час хаваўся ў Беларусі, зьяўляліся неаднойчы. Экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня генэрал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб не адкідае такога варыянту:

“Кіраўніцтва Беларусі падтрымлівала тагачаснае кіраўніцтва Югаславіі. Былі добрыя стасункі, Беларусь падтрымлівала Мілошавіча на ўсіх кірунках. Лічыла, што ўсё, што яны там робяць, гэта слушна, а астатнія ўмешваюцца ў іх унутраныя справы. Тым больш, што ў нас уся гэтая інфармацыя закрытая, нідзе нічога не праточваецца. Прыляцеў, патрымалі й адправілі. Я лічу, што гэта магчыма”.

“Шэраг людзей уцякае празь Беларусь з Расеі ці зь іншых краінаў”

Што да прэцэдэнтаў з выдачай шуканых злачынцаў, дык у 1994 годзе беларускія ўлады арыштавалі й перадалі літоўскім спэцслужбам кіраўнікоў забароненай літоўскай кампартыі Мікаласа Буракявічуса і Юозаса Ярмалавічуса.

Аднак потым гэта апэрацыя каштавала пасадаў старшыні КДБ Эдуарду Шыркоўскаму і старшыні МУС Уладзімеру Ягораву.

Дарэчы, Генэральная пракуратура Літвы беспасьпяхова дамагалася выдачы ўдзельніка камуністычнага путчу ў Літве 1991 году — генэрала Ўладзімера Ўсхопчыка, які быў намесьнікам міністра абароны Беларусі.

Сёлета расейскія мэдыі пісалі пра тое, што кіраўнік “Роснефти” Міхаіл Гуцарыеў, які абвешчаны ў міжнародны вышук, ляцеў у Турэччыну празь Менск.

А ў 2003 годзе газэта “Нью-Ёрк таймз” са спасылкаю на высокапастаўленых супрацоўнікаў ураду ЗША сьцьвярджала, што некаторым галоўным дзеячам ранейшага рэжыму Іраку, сярод іх двум сынам Садама Хусэйна, выдалі беларускія пашпарты.

Тады ж брытанская газэта “Independent” пісала пра затрыманьне целаахоўніка Садама Хусэйна, у якога нібыта знайшлі беларускія пашпарты на розныя імёны. Беларускія ўлады тады абверглі ўсю гэтую інфармацыю.

Мечыслаў Грыб зьвяртае ўвагу на такую акалічнасьць:

“Шэраг людзей уцякае празь Беларусь з Расеі ці зь іншых краінаў, як і беларусы ўцякаюць ад сваіх уладаў праз Расею, праз Украіну. Зьява даволі звычайная. Як той жа Пазьняк, ён жа не зь Беларусі зьехаў, наколькі я памятаю, праз Украіну. Зь Беларусі не было магчымасьці. Існуе такая двух-, трохбаковая практыка”.

Для вядучага:
Міжнародны ваенны трыбунал па былой Югаславіі ў Гаазе абвінавачвае былога лідэра басьнійскіх сэрбаў Радавана Караджыча ў арганізацыі масавых забойстваў басьнійскіх мусульманаў і харватаў.

Паводле зьвестак ААН, аддзелы Караджыча забілі больш за 6 тысяч мусульманаў у горадзе Срэбраніца ў 1995 годзе і абстрэльвалі сталіцу Босьніі Сараева. Пасьля Дэйтанскіх мірных пагадненьняў, якія завяршылі басьнійскую вайну, Караджыч уцёк.

Фляранс Артман піша ў сваіх мэмуарах, што тады ЗША і Расея запярэчылі арышту былога лідэра басьнійскіх сэрбаў, які знаходзіўся ў міжнародным вышуку.

Паводле Артман, у 1997 годзе былы прэзыдэнт Францыі Жак Шырак меўся правесьці апэрацыю, каб злавіць Радавана Караджыча, але былы прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, заручыўшыся падтрымкай тагачасных лідэраў Вялікабрытаніі і Нямеччыны, пераканаў Шырака не абвастраць гэтага пытаньня, у асноўным з-за пярэчаньняў Расеі.
XS
SM
MD
LG