Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія вайскоўцы застануцца ў Іраку


Тацяна Поклад, Прага У панядзелак у Кангрэсе ЗША пачаліся двухдзённыя слуханьні па сытуацыі ў Іраку. Вышэйшы кіраўнік амэрыканскага войска ў Іраку Дэйвід Пэтрэус і амбасадар ЗША ў Багдадзе Раян Крокэр заклікалі не пакідаць Ірак, нягледзячы на тое, што дасягнуты ўзровень бясьпекі не падмацоўваецца прагрэсам у працы ірацкага ўраду, які аслабляе рэлігійная нязгода. Але колькасьць войска можа быць зьменшаная да лета наступнага году, адзначае генэрал Дэйвід Пэтрэус.

Слуханьні ў Кангрэсе адносна сытуацыі ў Іраку істотныя ня толькі для вырашэньня лёсу далейшага фінансаваньня вайсковых сілаў у Іраку, але і для прэзыдэнцкай кампаніі ў ЗША ў лістападзе 2008 году

Галоўнае пытаньне бальшыні амэрыканцаў адносна ірацкай вайны – калі войскі вярнуцца дахаты?

Генэрал Дэйвід Пэтрэус, вышэйшы кіраўнік амэрыканскага войска ў Іраку, адказаў:

“Я думаю, што да наступнага лета мы здолеем скараціць нашыя вайсковыя сілы да ўзроўню таго часу, які быў да павелічэньня вайсковых сілаў. Мяркую, што мы здолеем гэта зрабіць і ня страціць здабытых цяжкай працай дасягненьняў у бясьпецы”.

Пры названых магчымых скарачэньнях амэрыканскіх вайсковых сілаў да сярэдзіны 2008 году іх можа застацца ў Іраку каля 130 тысяч. Пэтрэус адзначае, што яшчэ зарана называць памеры скарачэньняў наступнага лета, і падкрэсьліў, што пасьпешлівы вывад войскаў пагражае ўзроўню бясьпекі ў Іраку.

Посьпехі вайскоўцаў у справе бясьпекі ў Іраку адзначаюць і незалежныя экспэрты, і дзяржаўныя прадстаўнікі, якіх накіроўваў Кангрэс. Адно з найбольш значных дасягненьняў -- паляпшэньне сытуацыі ў правінцыі Анбар на захад ад Багдаду, адзначае Пэтрэус, сьведчыць і пра посьпех ва ўсёй краіне:

“Мясцовыя старэйшыны пачалі адварочвацца ад “Аль-Каіды”. Вось гэты працэс, якія пачаўся ў правінцыі Анбар і які дапамагае дасягнуць там такіх значных зьменаў, цяпер пашыраецца у цэлым шэрагу іншых рэгіёнаў”.

Тым часам і вышэйшыя прадстаўнікі ЗША ў вайсковай і дыпляматычнай сфэрах, і незалежныя крыніцы адзначаюць, што ў параўнаньні з дасягненьнямі войскаў у справе бясьпекі значна меншы прагрэс дасягнуты ў працы ірацкага ўраду цягам апошніх васьмі месяцаў. Найбольшай праблемай зьяўляецца няздольнасьць дасягнуць прымірэньня паміж шыітамі і сунітамі.

Сэнатары ад дэмакратаў у Кангрэсе задавалі пытаньні адносна таго, ці варта спадзявацца зьменаў да лепшага цягам наступных шасьці месяцаў, калі дасюль, нягледзячы на значную вайсковую дапамогу, ірацкі ўрад не дасягнуў прагрэсу ў працы.

Пэтрэус і Крокэр адзначылі, што пэўныя дасягненьні парлямэнтароў і супрацоўнікоў ураду ў Іраку існуюць, хаця і не настолькі значныя, як таго патрабуе сытуацыя.

Амбасадар ЗША ў Багдадзе Раян Крокэр падтрымаў генэрала Пэтрэуса ў тым, што хуткі вывад войскаў з Іраку да таго, як краіна будзе здольная абараняць сябе, можа выклікаць сур’ёзныя праблемы і ў Іраку, і на Блізкім Усходзе.
XS
SM
MD
LG