Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: на “Анімаёўцы” ня будзе мульцікаў па-беларуску


Радыё Свабода Сёньня ў Магілёве пачынаецца дзясяты міжнародны фэстываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2007”. З 37 адабраных на фэстываль працаў упершыню ня будзе ніводнага фільму на беларускай мове.

У кінавідыёпрадпрыемстве “Позірк”, якое выступае адным з арганізатараў фэстывалю, паведамілі, што ў конкурснай праграме будуць чатыры стужкі “Беларусьфільму”.

“Сваіх у конкурсе чатыры мультфільмы сёлета: “Прыгоды Мюнхаўзэна ў Расеі”, “Залатыя падковы”, “Чароўная лаўка” ды “Рэактыўнае парася” — усе расейскамоўныя. Беларускамоўных няма.

Гэта не да нас, арганізатараў. Гэта да тых, хто выпускае гэтыя мультфільмы. Гэта ў іх трэба запытваць, у кінастудыі “Беларусьфільм”, чаму ў іх няма на беларускай мове”, — зазначыла “Свабодзе” адна з супрацоўніц прадпрыемства “Позірк”.

На “Беларусьфільме” кажуць, што мультфільмы на беларускай мове здымаюць. Калі на “Анімаёўцы” іх няма, значыць, арганізатараў яны не цікавяць.

Рэкляма фэстывалю Рэкляма фэстывалю

“Арганізацыя здымае такія мульцікі. Апошні, “Несьцерка”, быў на беларускай мове. Цяпер мы ня ведаем, куды яго прадаць. Адзін раз паказалі ў Беларусі, і ўсё — больш ён нікому не патрэбны, таму даводзіцца дубляваць.

Асноўны рынак, на які нам даводзіцца працаваць, гэта Расея. Таму мы павінны рабіць мульцікі на той мове, на якой набываюць. Мы выпускаем, канечне, мульцікі ня так часта на беларускай мове для свайго гледача”, — патлумачылі ў дырэкцыі мультыплікацыйных стужак “Беларусьфільму”.

Заснавальнікамі фэстывалю “Анімаёўка” зьяўляюцца міністэрствы культуры, адукацыі, Магілёўскі аблвыканкам і гарвыканкам, а таксама кінастудыя “Беларусьфільм” і Беларускі саюз кінэматаграфістаў.

Раней у кожным з праведзеных фэстываляў прэзэнтаваліся адна-дзьве беларускамоўныя стужкі. Рэкляма фэстывалю і абвесткі — усё было і застаецца па-расейску.

Летась гледачам паказалі адзін мульцік па-беларуску — “Як я ў пана служыў”. Яго ўганаравалі адмысловым прызам “За захаваньне традыцыяў”.

На сёлетнім фэстывалі гледачы пабачаць фільмы мультыплікатараў зь Беларусі, Расеі, Украіны, Армэніі, Казахстану, а таксама краінаў Балтыі.

Упершыню ў фэстывалі возьмуць удзел студыі мультыплікацыйных фільмаў з Польшчы, Грузіі ды Сэрбіі. Традыцыйна бальшыня стужак расейкай вытворчасьці.

• На “Анімаёўцы” ўсё ж быў адзін беларускамоўны фільм, 25.09.2006
XS
SM
MD
LG