Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Козенкі: «Усе праблемы мясцовыя цяпер можна скінуць на далёкую Расею»


Зьміцер Бартосік, Козенкі, Мазыршчына Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”.

Козенкі – самая вялікая вёска Мазырскага раёну. Зрэшты, селішча мала нагадвае вёску. Гэта амаль прыгарад Мазыру. На ўезьдзе ў Козенкі падарожніка сустракаюць пяціпавярховыя дамы, расфарбаваныя ва ўсе колеры вясёлкі, пастрыжаныя газоны да бэтонная плітка тратуараў. Усе абавязковыя атрыбуты аграгарадку



Раённае начальства вельмі любіць вазіць у Козенкі дэлегацыі з брацкіх рэспублік. Маім экскурсаводам па Козенках выступіў настаўнік мясцовай школы Алесь Кавальчук.



Алесь: “У нас ёсьць маршрут для дэлегацыяў. Уяжджаюць у Козенкі. Едуць да экалягічнага цэнтру, які знаходзіцца паміж Домам культуры і сельсаветам. Паглядзелі. Вельмі прыгожа, утульна. Пасьля ідуць у рэстаран. І на гэтым экскурсія скончваецца. Далей Козенкі – дзе калдобіны, дзе рэчкі разьліўныя – ніхто нікому не паказвае”.



У Козенках я на свае вочы пабачыў, як выглядала, напэўна, рака Няміга. Тут пасярод ускраіннай вуліцы з прарванай трубы выбягае маленькая рачулка. Але галоўная праблема Козенкаўскай ускраіны зусім не вада. Слова Алесю.

Алесь: “Козенкі падзелены на дзьве часткі. Ёсьць частка шматпавярховай забудовы і ёсьць частка асабістай забудовы. У 2004 годзе правялі газыфікацыю. Падключылі да газу ўсе шматпавярховыя дамы, а прыватны сэктар забыліся. Потым райвыканкам запрасіў людзей на сход. І пастанавілі стварыць каапэратыў, каб праз той каапэратыў правесьці газ да ўласных дамоў”.

У выніку папяровай творчасьці -- указаў, распараджэньняў і дырэктыў уладаў усіх узроўняў – праблема газу для жыхароў за гэтыя гады толькі абвастрылася.

Алесь: “Каапэратыў з ініцыятывы райвыканкаму быў створаны ў лістападзе 2004 году. Абяцалі нам цягам году, што газ будзе ў дамах. Кошт трубы, якая мусіць пракладацца па вуліцы, аплачваецца зь бюджэту, а падводы да дамоў ужо бярэ на сябе каапэратыў. А на сёньня нас прымушаюць заплаціць 70 працэнтаў і за вулічную трубу”.

Карэспандэнт: “Гэта – на кожнага?..”

Алесь: “Прыкладна па шэсць мільёнаў”.

Карэспандэнт: “А вы не зьвярталіся да дэпутатаў вышэйшай нашай Палаты?”

Алесь: “Па нашай акрузе дэпутатам зьяўляецца Касьцян”.

Карэспандэнт: “Вядомы чалавек”.

Алесь: “Вядомы чалавек. Калі мы зьвярнуліся да яго ў сьнежні з гэтым пытаньнем, ён шчыра адказаў: паглядзіце на палітычную сытуацыю, што склалася ў нашай дзяржаве, дзякуючы Расейскай Фэдэрацыі. Расейская Фэдэрацыя паставіла нам палку ў колы. Таму няма грошай у мясцовых уладаў, каб газыфікаваць вёску Козенкі”.

Карэспандэнт: “Расея падаравала палачку-выручалачку ім усім”.

Алесь: “Так. Усе праблемы мясцовыя можна скінуць на далёкую Расею. Яна вінавата, што ў нас на месцы нічога ня робіцца”.

Улады маюць быць вельмі ўдзячнымі кіраўніцтву Расеі. Ня толькі за тое, што пры нагодзе ўсю адказнасьць можна павесіць на Крэмль (а нагод, падобна на тое, будзе ўсё больш і больш). Але найперш за тое, што людзі ў гэтую казку вераць. Вось што мне расказала Соф’я Сузько, колішняя перадавая даярка і кавалерка ордэна Леніна.

Карэспандэнт: “Як вам жывецца бяз газу? Ці не прытаміліся яго чакаць?”

Соф’я: “Стаміліся, канечне. Аднак, нечага там не ўзгадняюць вышэйшыя органы. Аляксандар наш, ён так добра змагаецца за гэта”.

Карэспандэнт: “А хто вінаваты ва ўсім гэтым?”

Соф’я: “Хто не дае нам гэтага газу. Калі б ён быў у нас, у Беларусі, – адразу падвялі б. А калі трэба далёка выпрошваць... Яны заказваюць такія цэны. Наш народ не пагаджаецца”.

Культуру Козенак нязьменна дэманструе ансамбаль народнай музыкі “Радуніца”. Кіраўнік ансамблю Мікола Туравец ніяк ня можа забыцца на нядаўнюю паездку ў Сібір, у горад Томск, куды ягоны калектыў патрапіў з запрашэньня тамтэйшай беларускай дыяспары на сьвяткаваньне Дзён беларускай культуры.



Мікола: “Беларусы вельмі заўважныя ў Сібіры. Маюць вялікі ўплыў і на культуру, і на побыт людзей, што там жывуць. Яны пасяліліся там яшчэ да рэвалюцыі”.

Карэспандэнт: “Гэта нашчадкі тых, хто яшчэ пры Сталыпіне туды зьехаў?”

Мікола: “Так. І гаспадарлівыя, і працалюбныя. Ініцыятыўныя таксама. Адзін прыклад: у сталыпінскі час паехаў туды беларус, стаў заможным, багатым. У сталінскі час яго раскулачылі. Забралі ўсё, што можна забраць. Праз год ён зноў узьняўся. Прыйшлі, забралі ўсё. Праз год ён ізноў памацнеў. Гэта быў яркі прыклад людзям, што там пражывалі. А што адбылося гэта сьвята, – таксама ініцыятыва беларусаў”.

Карэспандэнт: “Беларусы за межамі Радзімы робяцца большымі патрыётамі, чым усярэдзіне краіны. Адарваныя ад каранёў, яны хутчэй цягнуцца да свайго”.

Мікола: “Гэта так. Людзі любяць радзіму, паважаюць. І што цікава: там людзі размаўляюць на беларускай мове і даражаць ёю больш, чым тут беларусы. Вось гэта таксама ўразіла”.

Алесь Кавальчук, дарэчы, акрамя сваіх трох выхоўвае яшчэ трох прыёмных дзяцей. Ён пратэстант. Такі прыклад Алесь узяў са свайго духоўнага настаўніка, Сяргея Сузько. Мы паехалі ў госьці да пастара. Высокі, хударлявы мужчына са шляхетным абліччам прыязна сустрэў нас у сваім вялікім доме, дзе ледзь ня ўсё зроблена рукамі гаспадара – ад прыгожых шафаў да карцін на сьцяне.



Сяргей: “Я вельмі моцна заікаўся. З маленства быў сполах. І ў мяне клічка была – “Му-му”. Дзяўчаты не любілі. Адно суцяшэньне было – гарэлка. З гарэлкай забываеш, што ты адзінокі, што цябе ня любяць”.

Родныя бацькі здалі Сяргея ў дзіцячы дом. Адкуль ён не аднойчы зьбягаў у свае Козенкі.

Сяргей: “Я 35 кілямэтраў ішоў дамоў. Прыйшоў сюды, у вёску Козенкі, а яны ізноў мяне туды павезьлі. Такія справы. Я ніколі ня думаў, што буду лідэрам, пастарам. Увераваў і пачаў расказваць па вёсцы Козенкі, што ёсьць выратавальнік. Я не адрозьніваў між сабой ніякіх рэлігій, што цікава”.

З настальгіяй згадвае спадар Сяргей пачатак 90-х гадоў, калі ў Беларусі не было яшчэ галоўных і другасных канфэсій.

Сяргей: “Для нас тады былі школы адкрытыя. Дырэктар выклікаў. Завучы там сядзелі. Пытаньні былі, я адказваў. Некаторыя ў Козенках мяне ведалі: кім я быў і кім стаў. Яны пачалі расказваць: так, сапраўды, ён ня мог слова сказаць”.

Карэспандэнт: “А цяпер цяжэй, відаць, стала...”

Сяргей: “Цяпер увогуле школы, клюбы – усё зачынена. Нам можна прапаведаваць толькі у крэматорыі. Такі закон вакол нас. Калі маё поле дзейнасьці Мазыр, а я буду прапаведаваць недзе ў вёсцы, мне могуць суткі даць. І дваццаць пяць сутак”.

Адным са сваіх духоўных абавязкаў Сяргей лічыць выхаваньне дзяцей, забраных зь Дзіцячага дому. У сям’і Сузько двое родных дзяцей і пяць прыёмных.

Сяргей: “Калі б магчыма было, з фінансавага боку, я забраў бы ўсіх. Я ў царкве кажу, каб вернікі забіралі дзяцей”.

Карэспандэнт: “Вам дзяржава дапамагае неяк матэрыяльна?”

Сяргей: “Дзяржава? На адно дзіця – сто тысяч у месяц. Думайце самі”.

Жонка Сяргея, Зоя, бачыць у выхаваньні прыёмных дзяцей вышэйшую праяву творчасьці. Прытуляе ж гэта сям’я дзяцей найбольш праблемных.



Зоя: “Гаворачы пра творчасьць, я хачу падаць прыклад малодшай нашай дзяўчынкі. У яе гепатыт С быў, нязгортвальнасьць крыві – не хацелі браць на апэрацыю. А яна й сьляпая, да таго ж, была – на адно вока. Таксама не хацелі гэтым нават займацца. І акрамя таго, ёй ставілі ЗПР. Як я прывяла яе ў школу, настаўнікі ўзяліся за галаву. У выніку ж яна цяпер другую клясу скончыла зь сярэднім балам “7”. Галоўны доктар, якая ёю апякуецца, кажа: “Калі б мне хто сказаў, – не паверыла б. Каб ня бачыла, што адбылося зь дзіцем”.

Ёсьць такі традыцыйны беларускі міт: як дзяржава стаіць на абароне дэмаграфічнай сытуацыі; як шматдзетныя сем’і забясьпечаны жытлом… І гэтак далей. Мой наступны герой – не апазыцыянэр, не пратэстант і нават не прыватнік. Міхал Мінюк – сьлесар у дзяржаўным прадпрыемстве, якога, згодна зь мітам, дзяржава мусіць усяляк шанаваць і падтрымліваць. Паслухайце нашу размову.

Карэспандэнт: “Колькі ў Вас дзяцей?”

Міхал: “Восем”.

Карэспандэнт: “А дзе Вы жывяцё?”

Міхал: “Цешчына хата”.

Карэспандэнт: “І ня цесна вам з васьмю дзяцьмі?”

Міхал: “Цесна. На падлозе сьпім”.

Карэспандэнт: “А што кажуць улады?”

Міхал: “А што? Папахадзіў. Дайшоў да банку. А там гавораць, у банку: “Вам на дом трэба сто пяцьдзясят мільёнаў крэдыт. Мы можам толькі даць Вам сто мільёнаў, астатнія ж грошы мусіце знайсьці самі. І за час будаўніцтва зрабіць увесь унёсак. А дзе я вазьму такія грошы?”

Карэспандэнт: “Пры наяўнасьці пяцёх дзяцей дзяржава забясьпечвае жытлом бясплатна. Аказваецца, гэта ня так?”

Міхал: “Аказваецца, ня так”.

Карэспандэнт: “Вы, можа, пісалі куды? Ува ўладныя канторы зьвяртацца спрабавалі?”

Міхал: “Езьдзіў у Мінск. У адміністрацыю”.

Карэспандэнт: “У адміністрацыю прэзыдэнта?”

Міхал: “Так”.

Карэспандэнт: “І што вам сказалі?”

Міхал: “Ну, што сказалі? “Едзьце. Хай робяць таньнейшы праект”.

Карэспандэнт: “З такім адказам Вы вярнуліся ў Козенкі”.

Міхал: “Так. Пайшоў у архітэктуру. Тая, што рабіла мне праект, сказала: “Удзешаўляйце Вы яго, не ўдзешаўляйце, – усё роўна павінны будзеце пэўную суму са сваёй кішэні ўнесьці”.

Міхал: “Як думаеце, Ваша праблема бліжэйшым часам вырашыцца? Ці Вы ня верыце ў гэта?”

Карэспандэнт: “Ня веру”.

Міхал ледзь стрымліваў сьлёзы крыўды. Ён спадзяецца, што наша радыё слухаюць раённыя і абласныя начальнікі, і, можа, яны паспрабуюць утаньніць праект, не вымагаць грошай са свайго грамадзяніна. Карацей, зрабіць хоць нешта рэальнае для рэальных людзей. А ня дзеля квітненьня Беларусі.
XS
SM
MD
LG