Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аўтаноміі дамагаемся не адны мы, беларусы, а ўсе народы Расіі”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 11 верасьня ў розныя гады мінулага.

“Вольная Беларусь” у 1917 годзе за подпісам Я.Л-к піша: “Той, хто будзе палохаць нас аўтаноміяй і даводзіць нам, што яна ніпатрэбна і шкадліва, дык ён вораг наш, вораг усяго беларускага народу. Аўтаноміі дамагаемся не адны мы, беларусы, а ўсе народы Расіі: украінцы, літоўцы, латышы, фінляндцы і т.д. Ужо з гэтага відаць, што яна штось ні кепскае, калі яе так прагнуць людзі. А калі мы, беларусы, адмовімся ад гэтага, дык толькі пасьведчым усім людзям на сьмех, што мы народ цёмны, баязлівы і самі ні ведаем, чаго нам трэба”.

“Беларуская вёска” ў 1927 годзе пад загалоўкам “Гэтыя непарадкі трэба зьнішчыць” паведамляе: “У мястэчку Бабёр, Крупскага раёну, ёсьць хуліган Цімох Сьвіткоўскі, які з трыма другімі хуліганамі нападае на людзей. Гэта было 19 жніўня, калі Сьвіткоўскі з каменьнямі напаў на Антона і Ўладзімера Барысавых з крыкамі аддай грошы... У вёсцы Тароўка Сьмілавіцкага раёну не пажарная дружына, а гора адно... Машыны ламаюцца. З хлеву вецер скора сарве ўсю страху і наогул няма гаспадара ў дружыне. На пажар заўсёды дружына прыедзе тушыць ўжо толькі галавешкі”.

“Вечерний Минск”, год 1987. Доктар гістарычных навук А.Хацкевіч даводзіць: “Ф.Э.Дзяржынскі ўвайшоў у гісторыю нашай партыі і Савецкай дзяржавы ня толькі як рыцар рэвалюцыі, але й як вялікі будаўнік... Адзін зь ягоных польскіх спадзьвіжнікаў А.Варскі згадваў: нельга сабе ўявіць Дзяржынскага інакш, як у вобразе рыцара рэвалюцыі, які ў адной руцэ трымае меч, скіраваны супраць ворагаў рэвалюцыі, а другой рукой закладае падмурак будынку сацыялізму”.
XS
SM
MD
LG