Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урокі 11 верасьня і Беларусь


Віталь Цыганкоў, Менск Тэрарыстычны ўдар 11 верасьня па ЗША адбыўся літаральна праз 2 дні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Які адбітак гэтыя падзеі наклалі на Беларусь, што прынесьлі Беларусі? Ці вывучаныя ўрокі 11 верасьня? Пра гэта Віталь Цыганкоў гутарыць з лідэрам партыі БНФ Вінцуком Вячоркам.

Цыганкоў: “Нярэдка кажуць, што сьвет стаў іншым пасьля 11 верасьня 2001 году. А што б Вы адзначылі як найважнейшае, што зьмянілася за гэты час?”

Вячорка: “Я добра памятаю сам гэты дзень. Якраз прайшло два дні пасьля чарговага выбарчага фарсу ў Беларусі. Мы спадзяваліся на ўвагу дэмакратычнага сьвету на тое, што адбылося ў нас 9 верасьня 2001 году. Памятаю, што мы сустракаліся з амбасадарам ЗША Майклам Козакам (ён яшчэ ня ведаў, што адбылося на ягонай Бацькаўшчыне), і літаральна праз 15 хвілінаў пасьля сустрэчы нам патэлефанаваў Аляксей Кароль і сказаў, што “сьвет зьмяніўся”.

Сьвет сапраўды зьмяніўся. Стала ясна, што трэба рабіць выбар – дзе мы? Ці мы разам са свабоднымі людзьмі ці мы разам з пакуль несвабоднай пакуль што большасьцю?
”11 верасьня – гэта ілюстрацыя таго, наколькі небясьпечным можа быць несвабодны сьвет для сьвету свабоднага.”
Ёсьць такая канцэпцыя “залатога мільярду” – Эўразьвяз, ЗША, Японія. Перад намі дылема – ці мы хочам належаць да гэтага мільярду ці мы адмаўляемся ад гэтай пэрспэктывы? Гэты мільярд – ня “злосныя эксплёататары”, гэта проста свабодныя людзі. Гэта свабодны мільярд.Тое, што адбылося 11 верасьня – гэта навочная і, на жаль, не аптымістычныя ілюстрацыя таго, наколькі небясьпечным можа быць несвабодны сьвет для сьвету свабоднага”.

Цыганкоў: “З гэтага пункту гледжаньня – ці можна сказаць, што ня ўсе ўрокі 11 верасьня правільна ўспрынятыя?”

Вячорка: “Калі гаварыць пра Беларусь, то яны адназначна не ўспрынятыя. У сытуацыі чорна-белага выбару трэба адказваць на пытаньне: мы са свабоднымі і заможнымі ці мы разам зь ценям Садаму, Фідэлям, Ахмадзінэжадам і Кім Чэн Ірам?”

Цыганкоў: “Але ж, напрыклад, Расея тады ў 2001 годзе нібыта рашуча зрабіла выбар на карысьць большага супрацоўніцтва з Захадам, а зараз усё больш адыходзіць ад гэтага выбару?”

Вячорка: “Пуцінская Расея – вялікі майстар імітацыяў. Як і тая спэцслужба, пра якую кажуць, што былым у ёй быць нельга. Гэта быў пэрыяд імітацыі, бо нагэтулькі глыбока шакаваны быў цывілізаваны сьвет тагачаснымі тэрактамі, што інакш (прынамсі публічна) рэагаваць было нельга. Але сёньняшняя палітыка, сёньняшні геапалітычны выбар пуцінскай адміністрацыі не пакідаюць сумневу, наколькі шчырымі яны былі тады”.
XS
SM
MD
LG