Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці прынясе абавязковая рэгістрацыя палёгку ад прапіскі?


Ігар Карней, Менск У Беларусі скасоўваецца інстытут прапіскі. Яе заменіць рэгістрацыя. Чым яны адрозьніваюцца і як у сувязі з новай сыстэмай зьменіцца сытуацыя на рынку працы?

Ад 1 студзеня 2008 году прапіску заменіць рэгістрацыя паводле месца жыхарства. Гэта вызначана ва ўказе, падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам. Парадак рэгістрацыі мяркуецца зрабіць адзіным на ўсёй тэрыторыі краіны як для грамадзянаў Беларусі, так для замежнікаў і асобаў без грамадзянства, якія стала жывуць у Беларусі. Для рэгістрацыі заяўнік павінен зьвярнуцца да ўпаўнаважанай асобы (гэта можа быць і начальнік ЖЭСу) – каб падаць дакумэнты і пасьля атрымаць пашпарт з адпаведным штампам.

Прапіска і рэгістрацыя: знайдзіце розьніцу

Растлумачыць сэнс новаўводзінаў заўтра на сумеснай прэс-канфэрэнцыі маюцца прадстаўнікі МУС, адміністрацыі прэзыдэнта ды іншых дзяржаўных установаў. Але сёньня ў інтэрвію агенцтву БелТА кіраўнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Анатоль Ланін заявіў, што ў адпаведнасьці з загадам на “дэбюракратызацыю” колькасьць неабходных для рэгістрацыі дакумэнтаў істотна скароціцца.

Адмыслова запаўняць блянкі для атрыманьня рэгістрацыі, калі ўжо ёсьць прапіска, грамадзянам Беларусі не давядзецца. Са зьменай месца жыхарства штампы прапіскі будуць скасоўвацца, а іх месца зоймуць адзнакі рэгістрацыі.

Адрозна ад пакуль яшчэ дзейнай працэдуры прапіскі, у адпаведнасьці з указам зарэгістраваць чалавека мусяць за тры дні. У спрэчных момантах, калі дадаткова запатрабуюцца дакумэнты для высьвятленьня зьвестак пра чалавека, рэгістрацыя расьцягнецца да двух тыдняў. Аднак сам заяўнік мае запоўніць толькі форму для рэгістрацыі, у астатнім справа – органаў унутраных спраў.

Прапіска ад пачатку 1990-х рэгулюецца падзаконнымі актамі. У іх ня вызначана, як доўга можа цягнуцца працэдура прапіскі. Усё залежыць ад таго, як хутка прэтэндэнт зьбярэ неабходныя дакумэнты – ад мясцовага ўпраўленьня ўнутраных спраў, якое дазваляе выпіску, з пашпартнага стала, які прыме кандыдата на “балянс”, справаздачы зь сельсавету ці ЖЭСу, ад якога чалавек “адмацоўваецца”, і даведка з інтэрнату ці жыльлёва-камунальнай службы, якая будзе абслугоўваць у будучым.

Апроч таго, у выпадку прапіскі мужа і жонкі, патрэбная яшчэ запоўненая форма Ф-15, завераная ў дырэктара ЖЭС, пасьведчаньне аб шлюбе, тэхпашпарт на кватэру. Падчас прапіскі бацькоў на жылплошчу дзяцей: запоўненая форма, пашпарты непаўналетніх дзяцей, пасьведчаньне пра нараджэньне дзяцей, тэхпашпарт на кватэру. У выпадку прапіскі дзяцей: запоўненая форма, пашпарты, копія ліцавога рахунка, (атрымальніка ў ЖЭС паводле месца прапіскі), тэхпашпарт на кватэру.

Ва ўсіх выпадках пры сабе трэба мець квітанцыю аб аплаце дзяржпошліны і даведку аб праходжаньні інструктажу карыстаньня газавымі прыстасаваньнямі. У бальшыні выпадкаў беганіна расьцягваецца на месяцы.

Паводле ўказу Лукашэнкі, рэгістрацыя па месцы жыхарства будзе мець пэўныя абмежаваньні. Так, у рэгістрацыі могуць адмовіць, калі на чалавека прыпадае меней за 15 квадратных мэтраў (у Менску – меней за 20 мэтраў), а ў інтэрнатах – меней за 6 “квадратаў” (згаданыя абмежаваньні не распаўсюджваюцца на рэгістрацыю паводле месца жыхарства блізкіх сваякоў).

Што да прапіскі, то нельга прапісацца, калі на чалавека прыпадае меней за 12 квадратных мэтраў жылой плошчы. Аднак з улікам, што ад 1 студзеня 2008-га будзе лічыцца не жылая, а агульная плошча, то гэта неістотна зьмяняе сытуацыю.

Скасаваньне прапіскі спросьціць працоўную міграцыю?

Прапіска застаецца галаўным болем для тых, хто дзеля працы ці ў іншых мэтах імкнуўся памяняць месца жыхарства. Як кажа Мацьвей Гуляеў, які прыехаў у Менск з Магілёву, каб ня страціць важную для яго працу на адным са сталічных прадпрыемстваў, некалькі разоў давялося перапрапісвацца. Апошні раз – увесну:

“Магу сказаць, што прапіска на паўгода каштавала 400 даляраў. Але думаю, што цяпер стала яшчэ больш, таму што зьняць жыльлё стала істотна даражэй, і ўсё, што з жыльлём зьвязана, гэтаксама ў расцэнках вырасла. А сутнасьць такая: цэны наўпрост залежаць ад тэрміна прапіскі, хуткасьці афармленьня. Я кажу пра тых, хто дае аб’явы кшталту “прапішу ў Менску, Менскім раёне”. Бо Менская вобласьць дастатковая, каб працаваць у сталіцы. То бок, калі маеш магчымасьць самастойна дабірацца да працы і вяртацца назад, то цябе бяруць на працу без прапіскі, і пры гэтым працадаўцы ня плацяць падатак на тваё працаўладкаваньне. Таму, калі яе сапраўды адменяць, то, канешне, людзі, якія здавалі жыльлё дзеля прапіскі, будуць у досыць вялікіх стратах”.

Атрымаць працу ў нейкай вобласьці Беларусі, маючы рэгістрацыю ў іншай, будзе па-ранейшаму немагчыма. Аднак на думку кіраўніцы НДІ працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сьвятланы Шаўчэнкі, замена прапіскі на рэгістрацыю дазволіць ня толькі палегчыць працоўную міграцыю ў межах краіны, але і прыцягне ў Беларусь замежнікаў:

“Узяць тыя ж самыя сельскагаспадарчыя раёны ў Берасьцейскай вобласьці. Там працуе вялікая колькасьць мігрантаў з Украіны. І большасьць афіцыйна не рэгіструецца, таму што арганізацыі, што іх наймаюць, папросту ня маюць сродкаў для аплаты неабходных пошлінаў у зьвязку з афармленьнем іх як легальных мігрантаў.

Таму ўзьнікае вось такая праблема. З аднаго боку, патрэбная працоўная сіла, яны яе з задавальненьнем прыцягваюць, але з улікам складанага фінансава-эканамічнага стану арганізацый у сельскай гаспадарцы даводзіцца сутыкацца з сытуацыяй, калі сьвядома не рэгіструюць працоўную сілу, і органы МУС на месцах на гэта глядзяць скрозь пальцы, таму што разумеюць: у іх насамрэч няма сродкаў для рэгістрацыі”.

Прапіску мусілі скасаваць яшчэ напачатку 1990-х

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Валеры Фадзееў узгадвае, што пытаньне скасаваньня прапіскі ўздымалі яшчэ напачатку 1990-х:

“Я ўдзельнічаў у напісаньні праекту Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. І там мы ўжо гаварылі аб свабодзе выбару месца жыхарства, аб свабодзе перамяшчэньня і г.д. А гэта якраз азначала, што мы адмовімся і ад інстытуту прапіскі. Як мне падаецца, мы ўжо і так зацягнулі, як кажуць, да непрыстойнасьці з вырашэньнем гэтага пытаньня”.

Карэспандэнт: “У той час нечым гэтую прапіску замяніць плянавалася?”

“Канкрэтна не называлася, чым яе замяніць. Хоць, скажам, інстытут рэгістрацыі называўся. Таму што ён існуе ў іншых дзяржавах. Мы сыходзілі з таго, што рэгістрацыя, у адрозьненьне ад прапіскі, мае ўведамляльны характар. Але пры гэтым паўстае праблема колькасьці квадратных мэтраў на аднаго чалавека і г.д.”.

Карэспандэнт: “То бок, нейкая замена, хоць фармальная, быць павінна?”

“Насамрэч, відаць павінна, бо ёсьць праблемы і пошуку чалавека, і ў зьвязку з крымінальнымі падзеямі. Таму штосьці патрэбна, каб было. І, можа быць, рэгістрацыя ў дадзеным выпадку – гэта якраз той інстытут, які можа адпавядаць патрэбам і дзяржавы, і насельніцтва. Іншая справа, якім чынам гэта будзе арганізавана. Таму яшчэ пабачым...”

Г.Паганяйла: Была прапіска — будзе рэгістрацыя, 10.09.2007
XS
SM
MD
LG