Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці амністуюць палітвязьняў?


Любоў Лунёва, Менск У Палаце прадстаўнікоў знаходзіцца праект указу Аляксандра Лукашэнкі “Аб амністыі некаторых катэгорыяў асобаў, якія ўчынілі злачынствы”. Плянуецца, што на волю выйдуць каля 3,5 тысяч асуджаных. Амністыя, паводле кіраўніка дзяржавы, найперш будзе тычыцца пакараных, якія кампэнсавалі матэрыяльныя страты ці дапамагалі раскрыць злачынства. Назіральнікі лічаць, што амністыя не закране палітвязьняў.

Палітвязьні Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч і Аляксандар Казулін маюць некалькі спагнаньняў – нібыта за парушэньні ўнутранага распарадку. Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, у такіх выпадках вязьняў пазбаўляюць магчымасьці датэрмінова выйсьці на волю і не ўжываюць да іх амністыю.

Міколу Статкевіча, Паўла Севярынца і Кацярыну Садоўскую вызвалілі раней вызначанага тэрміну ў час, калі разглядалі пытаньне гандлёвых прэфэрэнцыяў.

“Амністыя неаднаразова адмянялася якраз таму, што ў нас ёсьць палітычныя вязьні”

Мікола Статкевіч падзяліўся меркаваньнямі наконт пэрспэктывы амніставаньня іншых палітвязьняў:

“Амністыя неаднаразова адмянялася якраз у зьвязку з тым, што ў нас ёсьць палітычныя вязьні. Апроч таго, ёсьць такія рычагі ўжываньня амністыі як спагнаньні. Калі чатыры спагнаньні ў зьняволенага ёсьць, то ён пад амністыю не падпадае. Думаю, з гэтага пункту гледжаньня яны будуць прымаць рашэньне па Казуліну. Яны могуць скінуць адзін год, а могуць ня скінуць. Тым больш, што ён мае спагнаньні”.

Выканаўца абавязкаў старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Анатоль Ляўковіч робіць пэсымістычныя прагнозы наконт таго, ці скароцяць тэрмін пакараньня Аляксандру Казуліну.

А.Ляўковіч: “У такіх сытуацыях улада дзейнічае пасьлядоўна”

“Зразумела, па-чалавечы хацеў бы, каб “скасьцілі”, вызвалілі і г.д. Але ў мяне такі прагноз, што ўлада наўрад ці пойдзе на такі крок. У такіх сытуацыях ўлада дзейнічае пасьлядоўна. Таму ў мяне такі пэсымістычны прагноз”.

Андрэй Клімаў, якога напачатку жніўня пакаралі зьняволеньнем на два гады строгага рэжыму, можа раней вызначанага тэрміну выйсьці на волю. Але гэта можа быць толькі ў тым выпадку, калі ён ня мае спагнаньняў за парушэньне рэжыму і калі адміністрацыя калёніі заявіць, што асуджаны “стаў на шлях выпраўленьня” і “ўсьвядоміў сваю віну”.

Кацярына Садоўская, якая адбывала пакараньне ў гомельскай калёніі за абразу Аляксандра Лукашэнкі, лічыць, што ў справах палітвязьняў, нягледзячы на ўказы і законы, рашэньне будзе прымацца “наверсе”.

Як прыклад, яна прыгадала, што яе вызвалілі даслоўна цягам некалькіх хвілінаў: выклікалі да адміністрацыі й прапанавалі напісаць заяву, што яна вельмі шкадуе пра свае выказваньні й больш ніколі так ня зробіць. Праваабаронца адмовілася, але яе вызвалілі.

Бальшыня палітвязьняў – актывісты “Маладога фронту”, 6.09.2007 Эўразьвяз патрабуе вызваліць беларускіх палітвязьняў, 27.08.2007
XS
SM
MD
LG