Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Клімава першым з палітвязьняў пакаралі строгім рэжымам


Алег Грузьдзіловіч, Менск Як паведамляла “Свабода”, Цэнтральны раённы суд Менску пакараў былога дэпутата Андрэя Клімава двума гадамі зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў закліках супраць улады. Аднак шмат падрабязнасьцяў пра працэс над апазыцыянэрам і прысуд яму яшчэ не вядомыя.

Да сёньняшняга дня не было дакладна вядома, як праходзіў працэс над Андрэем Клімавым — быў ён закрыты ці адкрыты, і да якога рэжыму ўтрыманьня прысудзілі палітыка.

10 верасьня адвакат Валянціна Лятун паведаміла мне, што працэс над Андрэем Клімавым быў закрыты. На пытаньне пра рэжым утрыманьня яна сказала, што гэтага “ня памятае”, і далей адмовілася весьці размову, спаслаўшыся на дамову з жонкай Клімава Тацянай Леановіч.

“Мы дамовіліся, што з журналістамі будзе кантактаваць яна”, — сказала адвакат. Аднак Тацяна Леановіч другі тыдзень на тэлефанаваньні не адказвае.

Пазьней зьвесткі пра рэжым утрыманьня Андрэя Клімава ўдалося ўдакладніць ў Цэнтральным судзе Менску. Там паведамілі, што былы дэпутат асуджаны на два гады строгага рэжыму. Дадатковую інфармацыю паведаміць адмовіліся.

Строгі рэжым даецца рэцыдывістам, якія раней учынілі сур’ёзныя злачынствы

Што азначае строгі рэжым утрыманьня? Былы адвакат Ігар Рынкевіч патлумачыў, што гэты рэжым — трэці паводле жорсткасьці з чатырох, якія існуюць у Беларусі. У параўнаньні з узмоцненым рэжымам вязьню дазволена на год менш на адну перадачу, на адно спатканьне, і менш грошай можна патраціць у турэмнай краме.

Але галоўнае, што строгі рэжым даецца рэцыдывістам, якія раней учынілі сур’ёзныя злачынствы.

Адпаведна — стражэйшая ахова і больш жорсткае стаўленьне як да вязьня з боку адміністрацыі, гэтак і сярод вязьняў, кажа Ігар Рынкевіч. Ён адзначыў, што Андрэй Клімаў першы ў Беларусі апазыцыянэр, пакараны строгім рэжымам зьняволеньня.

Андрэй Клімаў пачынаў працоўную дзейнасьць як супрацоўнік пажарнай аховы, якая тады ўваходзіла у сыстэму Міністэрства ўнутраных справаў. Як гэта можа адбіцца на ўмовах ягонага зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму?

“Казаць пра нейкія брутальныя рэчы я не магу, бо ня ведаю дакладна пра нефармальныя дачыненьні ў пэўных калёніях, якая там субкультура. Збольшага, безумоўна, вязьні горш ставяцца да былых супрацоўнікаў МУС.

Але я спадзяюся на іншае — што пра Андрэя Клімава будуць ведаць, што ён палітвязень, і гэта будзе перавешваць у ягоным статусе тое, кім ён быў калісьці”, — кажа Ігар Рынкевіч.

Адвакаты накіравалі скаргу ў суд, АГП рыхтуе захады ў падтрымку Клімава

Прысуд Андрэю Клімаву яшчэ не ўступіў у законную сілу. Абарона Клімава накіравала папярэднюю скаргу, і цяпер ідзе азнаямленьне з пратаколам працэсу, паведамілі мне ў Менскім гарадзкім судзе. Дня разгляду касацыйнай скаргі яшчэ не прызначылі.

У Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябрам якой ёсьць Андрэй Клімаў, сказалі, што захады ў падтрымку Андрэя Клімава рыхтуюцца, але іх трэба ўзгадніць са сваякамі палітыка. Між тым, пакуль зьвязацца зь імі не ўдаецца.

Паводле ранейшых зьвестак, Андрэя Клімава зьвінавацілі ў распаўсюдзе заклікаў скінуць уладу. Паведамлялася, што гэтыя заклікі нібыта былі ў артыкуле Андрэя Клімава, разьмешчаным на сайце www.ucpb.org, які зьмяшчае афіцыйную інфармацыю Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Цяпер артыкул Андрэя Клімава з сайту зьнялі. У АГП кажуць, што ніколі не кіравалі гэтым сайтам.

• Чаму ўлада маўчала пра прысуд Андрэю Клімаву?, 8.09.07 • Андрэй Клімаў ужо больш як месяц асуджаны, 07.09.07
XS
SM
MD
LG