Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.Паганяйла: Была прапіска — будзе рэгістрацыя


Алесь Дашчынскі, Менск Кіраўнік Беларусі падпісаў указ, які, паводле прэзыдэнцкай прэсавай службы, ад 1 студзеня 2008 году ліквідуе інстытут прапіскі. Замест яго ўводзіцца адзіны на ўсёй тэрыторыі краіны парадак рэгістрацыі грамадзянаў. Як рэгістрацыя заменіць прапіску?

Грамадзяне будуць рэгістравацца паводле месца сталага жыхарства ці часовага знаходжаньня. Дзеля гэтага трэба зьвярнуцца, напрыклад, да кіраўніка ЖЭСу. Спачатку падаць неабходныя дакумэнты, а потым атрымаць пашпарт са штампам аб рэгістрацыі паводле месца жыхарства ці пасьведчаньне аб рэгістрацыі паводле месца знаходжаньня.

Але грамадзянін не павінен займацца выпіскай. Органам рэгістрацыі застаецца ўстанова ўнутраных справаў.

Атрымаць рэгістрацыю можна будзе ад 3 да 13 дзён

Намесьнік начальніка дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Аляксей Бягун патлумачыў, чым адрозьніваецца рэгістрацыя ад прапіскі.

“Прапіску замянілі двума інстытутамі — інстытутам рэгістрацыі паводле месца жыхарства і рэгістрацыяй паводле месца часовага знаходжаньня. Розныя рэчы. Калі рэгістрацыя паводле месца жыхарства зьяўляецца сталай, то рэгістрацыя паводле месца знаходжаньня зьяўляецца часовай. Яна неабходная для людзей, якія пераяжджаюць на іншае месца на тэрмін больш за адзін месяц”.

Рэгістрацыю можна атрымаць за тры дні, калі грамадзянін сам сабраў усе неабходныя дакумэнты. Альбо за трынаццаць дзён, калі імі займаецца чыноўнік.

Каб уладкавацца на працу, дастаткова часовай рэгістрацыі

А як уплывае рэгістрацыя на магчымасьць працаўладкаваньня? Спадар Бягун сказаў:

“Калі вы пераяжджаеце ў горад, то павінны там спачатку зарэгістравацца, а потым ужо зьвяртацца. Але ў нас жа ёсьць рашэньне Канстытуцыйнага суду ў гэтым пытаньні, якое не абмяжоўвае права грамадзяніна працаўладкоўвацца там, дзе ён хоча. Незалежна ад рэгістрацыі паводле месца жыхарства”.

Аднак уладкавацца на працу можна будзе толькі пасьля рэгістрацыі паводле месца часовага знаходжаньня.

Нядаўна, каб уладкавацца на працу ў Менску, спадарыня Вольга вымушаная была купіць прапіску. Колькі гэта каштуе?

“У Менску 500—550 даляраў, а за горадам ад 350 да 500. Нават прыбіральшчыцай уладкавацца — трэба прапіска менская ці Менскага раёну. Магчыма, пасьля гэтага новага закону ня так многа плаціць трэба будзе за рэгістрацыю. Можа, і ўвялі гэтыя зьмены, каб не плаціць людзям. Гэта ж дорага — штогод столькі плаціць”.

Г.Паганяйла: “Тое, што выходзіць з-пад пяра Лукашэнкі, забясьпечвае існаваньне бюракратычнай дзяржавы"

У рэгістрацыі могуць адмовіць. Да прыкладу, калі пасьля рэгістрацыі грамадзяніна забясьпечанасьць агульнай плошчай жылога памяшканьня стане менш за 15 квадратных мэтраў на аднаго чалавека. У Менску — менш за 20 квадратных мэтраў.

Паводле сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту, адваката Гары Паганяйлы, рэгістрацыя не забясьпечыць гарантаваных Канстытуцыяй правоў на свабоду перамяшчэньня, выбару месца працы і жыхарства:

“Тое, што выходзіць з-пад пяра Аляксандра Лукашэнкі, забясьпечвае існаваньне бюракратычнай таталітарнай дзяржавы. Таму для грамадзянаў і адно ня мёд, і другое ня рэдзька. Была прапіска, увядуць рэгістрацыю. Тое, што нам вызначаюць цяперашнія кіраўнікі, зьвязана з чарговай пакутлівай цяганінай”.
XS
SM
MD
LG