Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфэрэндуму аб адмене кантрактаў ня будзе


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Вярхоўны Суд Беларусі не задаволіў скаргу ініцыятыўнай групы грамадзянаў на Цэнтральную выбарчую камісію. Актывісты меліся зьбіраць подпісы за адмену кантрактнай сыстэмы. Яны прасілі суд скасаваць рашэньне ЦВК аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.

Судзьдзя Жукоўская палічыла, што прапановы аб скасаваньні кантрактнай сыстэмы не адпавядаюць дзейнаму заканадаўству.

Менавіта такое заключэньне зрабілі спэцыялісты Міністэрства юстыцыі. І зь яго зыходзіў Цэнтравыбаркам, калі адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы, старшыня беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч, з гэтым не пагаджаецца:

“Сёньня ў нашай дзяржаве не існуюць Канстытуцыя і законы. Вышэй за іх ставяцца прэзыдэнцкія дэкрэты і ўказы. А рашэньне суду мы будзем апратэстоўваць”.

Генадзь Фядыніч дадае, што актывісты не абмяжуюцца судовымі пратэстамі:

“Мы гэтай працы ня кінем. Што будзем рабіць? Прыемна ці не гэта дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, але яны будуць займацца нашымі праектамі аб умовах працы. Мы арганізуем такую працу ва ўсіх выбарчых акругах. Дэпутаты ж хочуць абрацца яшчэ раз. А я думаю, ім цяжка гэта будзе зрабіць, калі яны ня выканаюць запытаў сваіх выбаршчыкаў”.

Актывіст Валер Абакшанік зь Берасьця таксама мае намер змагацца далей за скасаваньне кантрактнай сыстэмы:

“Я бачу, як працоўныя пакутуюць. Сёньня ж бяспраўе поўнае для працоўных. Яны ж ня могуць слова крытычнага сказаць супраць начальства. Як толькі што — аўт, пайшоў за вароты. І другое. Цяперашнія прафсаюзы — яны ж не абараняюць працоўных”.

Сёньня суд афіцыйна прызнаў, што Цэнтравыбаркам памыліўся, калі палічыў, што на ўстаноўчым сходзе ініцыятыўнай групы не было кворуму. А гэта ж стала адной зь дзьвюх прычынаў адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.

Віктар Барушка, Аляксей Клокаў ды іншыя актывісты падчас судовага працэсу здолелі даказаць свой непасрэдны ўдзел у сходзе на плошчы Бангалор.

З гэтай нагоды Генадзь Фядыніч адзначае:

“Гэта гаворыць пра тое, што ранейшыя высновы Цэнтравыбаркаму пра прэзыдэнцкія альбо парлямэнцкія выбары таксама былі неправеранымі. Асабістыя думкі сябраў ЦВК выдаваліся за агульную думку”.

• Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў ініцыятыўнай групы супраць кантрактаў, 26.06.2007
XS
SM
MD
LG