Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хацеў бы падзякаваць Валянціну Жданку за сур’ёзны камэнтар лістоў”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 10 верасьня, панядзелак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Спадар: “Ніколі б не падумаў, што так званы лідэр лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч знаходзіцца ў апазыцыі да цяперашняй улады. Менавіта пра гэта ён заявіў сёньня, калі амаль цэлую гадзіну расьпінаўся каля мікрафона Беларускага радыё. Ад яго хапіла ўсім: і Аляксандру Мілінкевічу, і студэнтам, якія вучацца за мяжой па праграме Кастуся Каліноўскага, і многім іншым за тое, што яны нейкія там грошы адпрацоўваюць. У зьвязку з гэтым хачу запытацца ў Сяргея Гайдукевіча, колькі яму самому “адвальваюць” за ролю кішэннага апазыцыянэра? Таму што сапраўдных апазыцыянэраў на Беларускае радыё на гарматны стрэл не пускаюць”.

Андрусь Аляхновіч, Крупкі: “Мы проста едзем на Аршанскае поле. Тут ужо пачаліся затрыманьні. Нядаўна патэлефанаваў Серж Мінскевіч. Яны ехалі на рэйсавым аўтобусе, 16 чалавек. Іх перад Аршанскім полем разьвярнулі і завезьлі ў Цэнтральны РАУС аршанскі. Цяпер яны там знаходзяцца. На прычыну затрыманьня адказваюць: “Вы ня ў той краіне нарадзіліся”. Вось такая інфармацыя”.

Спадар: “Са сьвятам Вайсковай славы, беларусы! Жыве Беларусь!”

Наста Ільіна, Берасьце: “Добры дзень! Сёньня было 8-е верасьня, Дзень баявой славы. У горадзе Берасьці адбылася акцыя па ўшанаваньні памяці славутых берасьцейцаў. Акцыя была прысьвечаная таму, што моладзь, у асноўным сябры руху “За свабоду!”, ускладалі кветкі ў месцах гораду, якія былі зьвязаныя з гісторыяй людзей, якія змагаліся за незалежнасьць Беларусі. Так на могілках былі ўскладзеныя кветкі каля помніку рэпрэсаваным, а таксама згадана памяць Адама Трыпуса, які ўзначаліў Гарадзенскую “партызанку” Беларускай Народнай Рэспублікі. На могілках прысутнічала таксама каля 6 чалавек у міліцэйскай форме і некалькі ў цывільным. Пазьней моладзь прайшла да помніка, знаку заснаваньня гораду ў 1019 годзе, узгадала пра тое, што ў Берасьці быў распрацаваны плян Грунвальдзкай бітвы ў 1410 годзе. Таксама былі ўскладзеныя кветкі да помніка Адаму Міцкевічу, згаданая эпоха Касьцюшкі, таварыства філярэтаў-філяматаў. Былі каля касьцёлу, дзе былі знойдзеныя першыя лісты “Мужыцкай праўды”. Ёсьць сьведчаньне таму, што ў Берасьці быў Кастусь Каліноўскі. Акцыя скончылася тым, што моладзь на могілках запаліла лямпадкі, а таксама ўсклала кветкі ў памяць жаўнерам Булах-Булаховіча. Акцыя як распачыналася, так і скончылася малітвай за Беларусь. Дзякуй”.

Ігар Пасноў, Віцебск: “Добры дзень. Хацеў бы падзякаваць Валянціну Жданку, вашаму камэнтатару, за вельмі сур’ёзны, разумны камэнтар лістоў, вытрыманы, пісьменны. І у цэлым, ён не дапускае ні абразаў, ні прыніжэньня. Дзякуй яму вялікі. І вельмі хацелася б, каб усе былі такія ж разумныя журналісты і камэнтатары. Калі б такія ж працавалі ў “Народнай Волі,” магчыма, гэта газэта і сёньня б існавала, і ніхто б яе не зачыняў. Больш вытрымкі, больш палітычнай мудрасьці. Жадаю ўсім Вам моцнага здароўя. Ваш добры сябар”.

Спадар: “Адносна зьніклых вядомых людзей, у тым ліку Віктара Ганчара, якому на гэтым тыдні 50 год. Згадваецца істэрычны голас нашага вярхоўнага айца: “Мне кожны дзень на стол кладуцца “апэратыўкі”. Няхай ня думаюць, мы ведаем пра іх любы крок”. Камэнтары не патрэбныя. А злачынцам па справе зьніклых кары не пазьбегнуць, хаця б толькі і Божай”.

Спадар: “Наконт падаткаў, розных фіксальных цяжараў я хачу наступнае сказаць. Паглядзіце, які вялікі і бяздарны наш Лукашэнка. Вось просты прыклад. Калі расейцы пачалі павышаць кошты за газ, заміж таго, каб сказаць : “Наша гаспадарчая дзейнасьць дасьць нам прыбаўкі, і мы разьлічымся”. Не – “Я зьбяру з таго, з таго, там падвышу, там зьніму…” То бок, толькі зь людзей, грамадзянаў, працаўнікоў, пэнсіянэраў. Вось і ўсё, што ён можа ўзяць, што ён можа зрабіць. Вось і ўся яго эканоміка: абабраць, сабраць і заплаціць. А дзе хоць слова пра гаспадарчую, эканамічную дзейнасьць? – Нуль!

Спадарыня: “Добры вечар, “Свабода”! Як любіць першы беларускі прэзыдэнт свае імправізацыі перад журналістамі. Такі разьняволены, сьмелы, як хоча, закідвае апазыцыю і нават тое-сёе ў бок расейцаў, Крамля. Але ён добра памятае, што да ўлады яму дапамог прыйсьці Крэмль і трымае дагэтуль. Таму не дапускае лукашызм Крапівенскае поле. У мяне застаўся фотаздымак з разгромленай газэты “Свабода,” дзе беларускія мужчыны 8 верасьня на Крапівенскім полі давалі клятву на вернасьць Беларусі-Радзіме. А цяпер маладых салдат, беларускіх дзяцей настаўнікі вязуць на “Лінію Сталіна”. Суворавы, бальшавіцкія штыхі адбіралі ў ліцьвінаў, у беларусаў Беларусь. А цяпер хто? Хай жа Крапівенскае поле вучыць нашых дзяцей бараніць родны край. Дзякуй. Усяго найлепшага”.

Спадар: “Гэта сьведка тых Крапівенскіх падзей пад Воршай, таго, што рабілася, таго бязладзьдзя, што адбывалася ў гэтыя дні пад Воршай. яго ўжо ахрысьцілі “Новым пабоішчам”. Гэта проста жах. Міліцыю зноў падстаўляюць, яны, як гэфесты, якія прыкоўваюць Прамэтэя, хаця насамрэч ім сорамна. Значыць, існуе думка, што ёсьць нейкая сіла, якая прымушае іх гэта рабіць, хаця самі яны гэтага, можа, і ня хочуць. Было бачна, як яны адводзілі вочы і сапраўды амаль не чынілі вялікага гвалту. Але тое, што на кручок трапіў вядомы мастак Алесь Пушкін, і супраць яго будуць нібыта “шыць” крымінальную справу, гэта проста бязладзьдзе! Зноў жа камусьці выгадна, каб такіх сумленных людзей зьнішчалі. Гэта проста поўны бздура, што там нейкія мінныя працы былі. Зноў жа пытаньне да ўлады: чаму Вы не маглі гэтыя працы раней правесьці? І гэта выглядае сапраўды як поўнае глупства. Дзякуй”.

Спадар: “Калі Вы скончыце рыцца ва ўсялякіх памыйных ямах, прыбіральнях?! Адное і тое ж! Адныя і тыя ж людзі! Такую бязглузьдзіцу кажуць, што проста ганьба! Ганьба! Чым горш у нас, тады Вы цешыцеся. А як добра, незадаволены”.

Спадар: “У кастрычніку будзе выдзелены крэдыт у паўтары мільярды Беларусі. Гэта павінна адбыцца, таму што Фрадкоў сустракаўся зь Сідорскім, яны пагаварылі, і Фрадкоў сказаў наконт крэдыту, што рашэньне будзе адкладзена на некаторы час. Але хутчэй за ўсё, гэты час будзе ў кастрычніку, таму што Кудрын, міністар фінансаў, сказаў, што трэба ўнесьці папраўкі ў Канстытуцыю Расейскай Фэдэрацыі наконт выдзяленьня крэдытаў 1,5 мільярды даляраў. У хуткім часе гэта павінна адбыцца. Я Вам гарантую, што гэта адбудзецца. Але трэба крыху пачакаць. У кастрычніку гэта факт адбудзецца. Да пабачэньня”.

Спадар: “У сувязі з падвышэньнем коштаў на пшаніцу на 75 % у Эўропе, Італія адрэагавала падвышэньнем коштаў на макаронныя вырабы ў 2 разы. А што чуваць, напрыклад, у Празе ці ў іншых краінах Эўропы? Хацелася б, каб спадар Карбалевіч у “Праскім акцэнце” са спэцыялістамі абмеркавалі гэта пытаньне: што чакае Эўропу ў бліжэйшую зіму”.
XS
SM
MD
LG