Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяброўства Якуба Коласа і Янкі Купалы – міт?


Валянціна Аксак, Менск У сёлетні, юбілейны год Янкі Купалы і Якуба Коласа ў друку зьяўляецца шмат публікацыяў пра клясыкаў беларускае літаратуры. Нарысы, зьмешчаныя на старонках дваццаць восьмага і дваццаць дзявятага нумароў літаратурна-мастацкага часопісу “Дзеяслоў”, разбураюць міт пра сяброўства двух паэтаў.

Папулярныя біяграфічныя нарысы – так вызначыў жанр гэтых сваіх твораў іхны аўтар, паэт Уладзімер Някляеў.

“Проста неяк аднойчы раніцай, прачнуўшыся, я падумаў, што хоць пра нашых клясыкаў, волатаў і шмат чаго напісана, але вось такой чытанкі пра іх няма. Ну каб проста людзям было цікава ад першай да апошняй старонкі пабачыць жыцьцё гэтых людзей. І калі меркаваць па нейкіх водгуках на гэтыя публікацыі, то вось гэтая задача, якую я ставіў перад сабой, збольшага вырашана”, – сказаў Уладзімер Някляеў.

Нарысы пра Янку Купалу і пра Якуба Коласа ён напісаў два гады таму, ня думаючы пра сёлетні іхны юбілей. Урыўкі зь першага былі надрукаваныя ў некаторых незалежных выданьнях раней. Магчыма, таму факты жыцьця і абставіны сьмерці Янкі Купалы, выкладзеныя ў поўным тэксьце нарысу, апублікаванага сёлета ў дваццаць восьмым нумары часопіса “Дзеяслоў”, не падаліся чытачу надзвычайным адкрыцьцём. А вось нарыс пра Якуба Коласа, зьмешчаны ў сьвежым нумары “Дзеяслова”, можна назваць сэнсацыяй.

Тэкст перасыпаны драбніцамі з маладаступных дакумэнтаў, асабістых лістоў, успамінаў блізкіх людзей Якуба Коласа. Тут і шчымлівая гісторыя першага каханьня, і абставіны напісаньня гэтак званых пакаянных лістоў Коласа перад карнымі органамі, і цытаты з даносаў адзін на аднаго ў тыя ж органы вядомых людзей беларускае гісторыі і культуры, якія атачалі Коласа, і побытавыя падрабязнасьці жыцьця дзядзькі Якуба...
”Купала адносіўся да Коласа, як паніч да селяніна...”
Спадар Някляеў падкрэсьлівае, што ачалавечваючы, так бы мовіць, “забранзавелых” клясыкаў, ён імкнуўся рабіць гэта далікатна:

“Нічога я там якраз стараўся не зачапіць, не пісаць так, каб нешта пашкодзіла ва ўспрыняцьці іх як насамрэч найлепшых сыноў нашай бацькаўшчыны. Проста гэтая “забранзавеласьць” іхняя, якая стаіць помнікамі на плошчы Якуба Коласа і ў Купалаўскім сквэры, трохі пахіснулася. То я думаю, гэта да лепшага, бо жывым людзям цікавыя жывыя людзі, а ня помнікі”.

Але некаторыя міты айчыннае літаратуры Ўладзімер Някляеў усё ж разбурыў, у прыватнасьці, міт пра шчырае сяброўства двух народных песьняроў.

“Праблема іх сяброўства ў тым, піша Някляеў, што Купала адносіўся да Коласа, як паніч да селяніна – і гэта ня самае сымпатычнае з таго, што было ў Купалу”.

Выснова такая ня проста далася аўтару. Але ён прыводзіць доказныя дакумэнты, прачытаўшы якія на старонках дваццаць дзявятага нумару часопіса “Дзеяслоў”, чытач можа зрабіць свае высновы з гісторыі асабістых дачыненьняў Янкі Купалы і Якуба Коласа.
XS
SM
MD
LG