Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці абгрунтаваныя ўсе патрабаваньні прадпрымальнікаў?


Віталь Цыганкоў, Менск Сёньня ў Менску у Парку дружбы народаў каля плошчы Бангалёр пройдзе санкцыянаваны ўладамі мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў. Пра тое, наколькі абгрунтаваныя патрабаваньні дробных бізнэсоўцаў, якія праблемы стаяць перад прадпрымальніцкім рухам, Віталь Цыганкоў гутарыць з юрыстам, індывідуальным прадпрымальнікам Сяргеям Балыкіным.

Цыганкоў: “Сяргей, вы звычайна актыўна бярэце ўдзел у розных акцыях прадпрымальнікаў. Ці пойдзеце вы на сёньняшні мітынг у Менску?”

Балыкін: “Не, на мітынг я не пайду, бо мяне ня будзе ў Менску. Але нават калі б і быў у сталіцы, я б не пайшоў на гэта мерапрыемства. Бо лічу, што патрабаваньні, якія там выстаўляюцца, не зусім карэктна сфармуляваныя. Я сам індывідуальны прадпрымальнік і цалкам падтрымліваю патрабаваньне па адмене прэзыдэнцкага Ўказу №760. Такіх забаронаў, якія ён устанаўлівае, няма ў ніводнай цывілізаванай краіне. Але, на жаль, прадпрымальнікі былі зьбітыя на ілжывыя мэты, і такой мэтай ёсьць Указ №302 аб стварэньні ўнітарных прадпрыемстваў. Распаўсюджваецца інфармацыя і чуткі, нібыта гэты ўказ прымушае прадпрымальнікаў ствараць такія прадпрыемствы, што людзі трацяць права на недатыкальнасьць кватэры. Але гэта ўсё не адпавядае рэчаіснасьці”.

Цыганкоў: “То бок прадпрымальнікам ёсьць супраць чаго пратэставаць, але, на Вашую думку, ім ня трэба зьмешваць рэчы сапраўды абуральныя з больш-менш нармальнымі...”

Балыкін: “Яны не зьяўляюцца нармальнымі. Нават 302-гі Ўказ – гэта толькі кепская спроба ўладаў выйсьці са становішча, якое яны самі і стварылі сваім 760-ым Указам. Ён дапаможа малой колькасьці прадпрымальнікаў, але і астатнім ня зробіць нічога кепскага.

Але галоўнае – лідэры прадпрымальніцкіх суполак не надаюць дастаткова ўвагі таму, каб абгрунтаваць свае патрабаваньні юрыдычна і эканамічна. Гэтым і карыстаюцца ўлады і афіцыйная прапаганда. Яны кажуць, што прадпрымальнікі ня ведаюць, што патрабаваць і адмятаюць нават разумнае. Калі б кіраўнікі прадпрымальніцкіх арганізацыяў замест таго, каб губляць час у спрэчках, хто зь іх больш пасьпяховы і здольны кіраваць – паспрабавалі б аб’яднацца дзеля выпрацоўкі адзінай пазыцыі і яна была б абгрунтаваная – было б больш плёну.

Я падтрымліваю любыя формы пратэсту і абароны сваіх правоў, але ж трэба разумець, якую мэту мы ставім”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG