Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэст “Аршанская бітва-2007” адбыўся, нягледзячы на масавыя затрыманьні


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Сёньня зранку і ўчора ўвечары міліцыянты затрымалі каля ста чалавек, якія меліся ўзяць удзел у нефармальнай імпрэзе. Аднак яшчэ каля дзьвюх соцень аматараў беларускай бардаўскай песьні здолелі ўнікнуць затрыманьняў і сабрацца ў навакольлі вёскі Гацькаўшчына Аршанскага раёну.

Міліцыянты пільнавалі ўдзельнікаў бардаўскага фэсту яшчэ ад учорашняга ранку. Каля 20 чалавек затрымалі ў Воршы ці на выезьдзе з гораду. Ня менш як 60 чалавек трапілі ў аршанскі райаддзел міліцыі з аўтобуснага прыпынку ў вёсцы Гацькаўшчына. Пад’езд да вёскі быў блякаваны міліцэйскімі машынамі, і ўсіх, хто падаваўся міліцыянтам падазронымі асобамі, звозілі ў пастарунак.

“Аршанская бітва-2007”, людзі ля прыпынку “Гацькаўшчына” Прыпынак “Гацькаўшчына” – пад кантролем міліцыі

Сярод затрыманых у Гацькаўшчыне былі кіраўнік берасьцейскай філіі “Маладога фронту” Андрэй Шарэнда, менскія актывісты Алена Макарэвіч, Кацярына Краснова, Кацярына Галіцкая, Зьміцер Хведарук, Натальля Старасьціна і Дзяніс Садоўскі, моладзь зь іншых гарадоў.

Супрацоўнікі міліцыі, не складаючы ніякіх пратаколаў, зьмясьцілі затрыманых на некалькі гадзін у райаддзел, а потым адпусьцілі ўсіх, апрача Дзяніса Садоўскага. Яго вінавацяць у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі: нібыта ў часе затрыманьня ён падрапаў руку аднаму зь міліцыянтаў. Мінулую ноч хлопец правёў у пастарунку.

Больш за 5 гадзін давялося правесьці ў Аршанскім РАУСе мастаку Алесю Пушкіну, які спрабаваў трапіць на Крапівенскае поле празь міліцэйскія кардоны. На гэтым полі ўстаноўленыя крыж у памяць аб палеглых ваярох, а таксама памятная шыльда, якую меркавалі ўрачыста адкрыць у часе сёлетняга бардаўскага фэсту. Аднак адкрыцьця не адбылося, бо з 7 верасьня на поле нікога не пускаюць міліцыянты і вайскоўцы. Яны цьвердзяць, што там праводзіцца разьмінаваньне снарадаў, якія нібыта засталіся на полі з часу Вялікай Айчыннай вайны.

У Дубровенскі райаддзел міліцыі на некалькі гадзін трапіў і аршанскі актывіст Юрась Копцік, які займаўся нарыхтоўваньнем дроваў для вогнішча на Крапівенскім полі.

Паколькі масавага адзначэньня ўгодкаў бітвы пад Воршай не атрымалася, людзі пачалі гуртавацца паасобку. Адна вялікая група аматараў беларускай бардаўскай песьні сабралася недалёка ад вёскі Крапіўна, а другая – недалёка ад вёскі Сяглава.

“Аршанская бітва-2007”, сьпевы ля вогнішча

Ужо ў цемры міліцыянты пачалі абшукваць тэрыторыю ўздоўж шашы Ворша-Дуброўна. Таму аршанскі актывіст Генадзь Шэпелеў прапанаваў скарыстацца ягонай байдаркай, каб па рэчцы Крапіўне даставіць да аднаго з імправізаваных вогнішчаў палітыка Паўла Севярынца.

“Аршанская бітва-2007”, аршанскі актывіст Генадзь Шэпелеў Генадзь Шэпелеў перавёз Паўла Севярынца на байдарцы

“Аршанская бітва-2007”, палітык Павал Севярынец ля вогнішча Павал Севярынец: “Бітва пад Воршай працягваецца”

Ужо ўраньні міліцыянты затрымалі яшчэ каля 20 чалавек на беразе рэчкі Крапіўны каля вёскі Сяглава. Каля 8-й раніцы па дарозе ў кірунку вёскі Гацькаўшчына супрацоўнікі міліцыі спынілі яшчэ чатырох удзельнікаў бардаўскага фэсту, у тым ліку барда Андрэя Мельнікава і мастака Алеся Пушкіна, які трапіў у пастарунак ужо другі раз за апошнія суткі.

Усе затрыманыя знаходзіліся ў міліцыі больш за 4 гадзіны. На іх не складалі пратаколаў, толькі перапісалі пашпартныя зьвесткі.

На гэты момант у Аршанскім РАУСе застаюцца Алесь Пушкін і моладзевыя актывісты зь Менску Алена Макарэвіч і Аляксей Янушэўскі. Праўдападобна, што супраць іх могуць завесьці крымінальную справу за абразу дзяржаўных сымбаляў: міліцыянты заўважылі, што нехта з затрыманых выкінуў у акно дзяржаўны сьцяг.

• Ворша: затрыманым пагражаюць крымінальнымі справамі, 09.09.2007 • Павал Севярынец: “Бітва пад Воршай працягваецца”, 08.09.2007 • У Воршы затрымалі дзевяцярых маладафронтаўцаў і Алеся Пушкіна, 08.09.2007 • Актывістаў прымусілі сысьці зь цягніка Магілёў – Ворша, 08.09.2007 • Павал Севярынец: міліцыя на Крапівенскім полі, 08.09.2007 • Міліцыянты шукаюць міны на Крапівенскім полі, 07.09.2007
XS
SM
MD
LG