Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Крапівенскім полі арыштавана каля 40 чалавек


Радыё Свабода Сярод затрыманых – Дзяніс Садоўскі, сакратар аргкамітэту па стварэньні “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі”. Яго павезьлі ў шпіталь. Міліцыянты абвінавачваюць хлопца ў супраціве і непадпарадкаваньні міліцыянтам. Разам зь Дзянісам знаходзіцца міліцыянт, які сьцьвярджае, што Дзяніс нібыта падрапаў яму руку.

У міліцэйскім аўтобусе знаходзяцца Андрэй Шарэнда, кіраўнік Берасьцейскай філіі “Маладога фронту”, менскія актывісты Алена Макарэвіч, Кацярына Краснова, Кацярына Галіцкая, Зьміцер Хведарук, Натальля Старасьціна, аршанскія актывісты.

На вакзале шмат міліцыі. Затрыманыя актывісты “Маладога фронту” з Жодзіна, сярод якіх – Павал Красоўскі. Міліцыянты сустракаюць цягнікі з Магілёва, Гомеля і Віцебску, у якіх на імпрэзу едуць некалькі дзесяткаў моладзевых актывістаў.

Наша карэспандэнтка перадае зь месца падзеяў:

Станкевіч: “Я знаходжуся цяпер каля вёскі Гацькаўшчына, у 300 мэтрах ад Крапівенскага поля, дзе сёньня ў 17-ы раз мусіў адбыцца бардаўскі фэст “Аршанская бітва”. Месца правядзеньня фэсту заблякаваная міліцыяй, перакрытае міліцэйскімі машынамі.

Людзі ўсё адно зьбіраюцца і гуртуюцца невялікім групамі. Тых, хто прыехаў зь нейкім транспартам, затрымліваюць, затрымалі ўжо каля 40 чалавек. У Аршанскім райаддзеле міліцыі – Алесь Пушкін, а ў Дубровенскім – Юры Копцік, адзін з заснавальнікаў традыцыі правядзеньня фэсту. Пэрспэктывы няясныя, афіцыйны пачатак – а 20-й вечара, і, магчыма, актывісты знойдуць месца, дзе сабрацца, і фэст усё-ткі пройдзе”.

Пасьля дзясятай вечара супрацоўнікі міліцыі адпусьцілі частку затрыманых з патрабаваньнем, каб усе паехалі дахаты.

Тым часам каля пяцідзесяці чалавек сабраліся на ўскрайку поля каля Дняпра, дзе сьпявалі песьні. Міліцыянты назіралі за імі, на адлегласьці каля 100 мэтраў стаялі аўтазак, “хуткая дапамога” і некалькі міліцэйскіх аўтамабіляў.

Супрацоўнікі міліцыі займаюцца пошукам выбуховых прыстасаваньняў на Крапівенскім полі зь вечара 7 верасьня. "З учарашняга вечара тут знаходзяцца міліцэйскія пасты, на месца правядзеньня фэстывалю не прапускаюць ні транспарт, ні людзей. Як нам патлумачылі, у Дняпры, у тым месцы, дзе ў яго ўпадае рэчка Крапівенка, шукаюць нейкія міны або снарады", – сказаў адзін з арганізатараў фэстывалю, аршанскі краязнаўца Юры Копцік.


П.Севярынец: “Бітва пад Воршай працягваецца” 8.09.2007 У Воршы затрымалі 9 маладафронтаўцаў і Алеся Пушкіна, 8.09.2007 Актывістаў прымусілі сысьці зь цягніка “Магілёў-Ворша”, 8.09.2007 П.Севярынец: міліцыя на Крапівенскім полі – спроба сарваць сьвяткаваньне, 8.09.2007
XS
SM
MD
LG