Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Літве пройдзе фэстываль паэзіі і мастацтваў з удзелам беларускіх творцаў


Паводле БелаПАН 8-13 верасьня беларускія літаратары і мастакі возьмуць удзел у Міжнародным фэстывалі паэзіі і мастацтваў, што адбудзецца ў літоўскім горадзе Ніда на беразе Балтыйскага мора.

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік беларускай дэлегацыі, старшыня Саюза беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, арганізатарам творчай акцыі выступіў Саюз пісьменнікаў Літвы пры падтрымцы літоўскага ўраду. Паводле яго слоў, да ўдзелу ў фестывалі ўпершыню запрошаны абодва саюзы беларускіх пісьменнікаў, зарэгістраваныя ў Мінску і Вільні.

Апрача беларускіх, літоўскіх паэтаў, графікаў і жывапісцаў у акцыі возьмуць удзел польскія пісьменнікі і майстры выяўленчага мастацтва. Кожная краіна накіроўвае на фестываль дэлегацыю зь пяці паэтаў і пяці мастакоў. Ад Беларусі ў Ніду паедуць літаратары Тацяна Сапач, Барыс Пятровіч, Алег Мінкін і Ўладзімер Някляеў, а таксама мастакі Кацярына Сумарава, Генадзь Драздоў, Аляксей Марачкін і Рыгор Сітніца.

У праграму фэстывалю ўключана знаёмства зь літаратурнай Вільняй, мастацкі пленэр, паэтычныя чытаньні і ўзаемныя пераклады твораў. Вынікам творчай акцыі будзе сумесная мастацкая выстава і абмен публікацыямі ў літаратурных выданьнях Беларусі, Літвы і Польшчы.
XS
SM
MD
LG