Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыйскі “Telekom” стане ўладальнікам беларускага “Velcom’у”?


Радыё Свабода Маючая адбыцца беспрэцэдэнтная для аўстрыйскай кампаніі шматмільярдная ўгода стала адной з галоўных тэмаў сёньняшніх аўстрыйскіх СМІ.

Як перадае інфармацыйнае агенцтва АРА са спасылкай на крыніцы ў фінансавых колах, нейкія дэталі стануць вядомымі 2 кастрычніка ў часе паседжаньня назіральнай рады “Telekom Austria”.

На ўсе пытаньні прэсы кіраўніцтва кампаніі адказвае "No Comment". Аднак журналістам АРА удалося даведацца, што перамовы пра набыцьцё фірмай “Mobilkom Austria” (доччына фірма “Telekom’у”) беларускага апэратара сотавай сувязі вядуцца даўно і носяць канфідэнцыйны характар.

Кіраўнік аўстрыйскага Mobilkom Барыс Немсіч (на здымку), якога таксама называюць “прынцам-нашчадкам” “Telekom’у”, лічыцца адным з пасьпяховых эўрапейскіх прадпрымальнікаў і да таго ж зьяўляецца экспэртам Эўракамісіі ў галіне тэлекамунікацыяў. Дыплямаванаму інжынэру – 50 год, ён басьнійскі харват паводле паходжаньня.

Сярод апошніх яркіх угодаў Немсіча – набыцьцё ў 2005 годзе 100% акцыяў вядучага баўгарскага сотавага апэратара “MobilTel”. Кансультантам Немсіча выступіла вядомая ў тым ліку і ў Беларусі кампанія “Raiffeisen Investment”.

Паведамляецца, што кошт беларускай пакупкі перавысіць кошт баўгарскай, які складаў 1,6 мільярдаў эўра. Паводле аўстрыйскіх журналістаў, ужо два гады таму кіраўніцтва “Telekom Austria” агучыла сваю цікавасьць да беларускага рынку: “Мы думаем таксама і пра Беларусь, Румынію, Расею і Ўкраіну”.

“Нягледзячы на ўсю сумнеўную палітычную рэпутацыю Беларусі, аўстрыйскія прадпрымальнікі ўбачылі ў гэтай краіне эканамічна пэрспэктыўны рынак. Ужо ў 2005 г. на 9,7 мільёнаў беларусаў прыходзілася прыкладна 4,1 мільёны мабільнікаў”, падаюць “Kurier” ды іншыя выданьні.

Аглядальнікі венскіх газэт, а таксама тэлебачаньня ORF мяркуюць, што фігурантам угоды зь беларускага боку ўсё ж стане апэратар сотавай сувязі “Velcom”. Літаральна тры тыдні таму кантрольны пакет акцый гэтай фірмы быў прададзены кіпрскай кампаніі “SB-Telecom”. Ня выключана, што “SB-Telecom” зьяўляецца ўсяго толькі прамежкавым зьвяном у ланцугу набыцьця беларускага сотавага апэратара новым уладальнікам.

VELCOM гаворыць "good bye" 21.08.2007
XS
SM
MD
LG