Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы затрымалі 9 маладафронтаўцаў і Алеся Пушкіна


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі міліцыі затрымалі дзевяцёх актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, як толькі яны ад’ехалі ад Аршанскага вакзала ў бок Крапівенскага поля.

Маладафронтаўцаў завялі ў пастарунак міліцыі, патлумачыўшы ім, што трэба высьветліць іхныя асобы.

Мастака Алеся Пушкіна супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі затрымалі на падыходах да поля беларускай вайсковай славы. Мастак пачаў іграць на гітары і спяваць на дарозе, на тым месцы, дзе яго спынілі міліцыянты, і сабраў такім чынам натоўп людзей.

На месцы імпрэзы ўжо сабраліся некалькі дзесяткаў чалавек. Павал Севярынец апавёў, што блізу Крапівеньскага поля заўважаныя кіраўнікі Віцебскай гарадзкой і абласной міліцыі.

Тым часам затрыманых у Магілёве на чыгуначным вакзале грамадзкіх актывістаў, якіх міліцыянты прымусілі сысьці зь цягніка “Магілёў – Ворша”, адпусьцілі з пастарунку, дзе яны правялі каля дзьвюх гадзін. Міліцыянты агледзелі іх асабістыя рэчы і спраўдзілі пашпартныя дадзеныя. Затрыманьне міліцыянты патлумачылі тым, што маладыя людзі нібыта падобныя да наркакур’ераў. Цяпер актывісты едуць цягніком да Воршы.
XS
SM
MD
LG