Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Менску: “Будзе дзяржава адных прыбіральшчыц...”


Любоў Лунёва, Менск Мінакі на менскіх вуліцах адказвалі на пытаньне Радыё Свабода “Ці справядліва беларускі пэнсійны фонд разьмяркоўвае пэнсіі?”

Студэнт: “Страшна нават думаць, што давядзецца жыць на такую пэнсію. Можа, пакуль я дажыву да пэнсіі, нешта зьменіцца”.

Мінак: “Крыху несправядліва. Крыўдна, канешне – працуеш, працуеш... Я вось працую ўжо 50 гадоў. Я прафэсар-гінеколяг. Пэнсія 300 тысяч. Міліцыянт ці які-небудзь там спэцназавец атрымлівае чорт ведае якія грошы... Калісьці ставілі пытаньне перад прэзыдэнтам у Акадэміі Навук – зраўняйце пэнсію прафэсара з палкоўнікам. Не з генэралам нават, а з палкоўнікам... Паабяцалі, але ж не зраўнялі”.

Бабулька: “У прафэсара такая?! А я думала, што там кала мільёна... Не?... Тады ня ведаю. Канешне ж, цяжка. Кватэра якая дарагая! А я ж вось бутэлькі зьбіраю”. (заплакала)

Мужчына сталага ўзросту: “У дадзены момант пэнсія не дастатковая, каб жыцьцёвы ўзровень адпавядаў хаця б узроўню больш-менш разьвітых краінаў. Праца творчых работнікаў яшчэ не дастаткова аб’ектыўна ацэньваецца”.

Мужчына: “У нас да пэнсіі яшчэ трэба ўмудрыцца дажыць. Калі б пэнсія даставалася тым, хто застаецца пасьля тых, хто памёр, то яшчэ б быў бы сэнс”.

Мужчына сталага веку: “На Захадзе чамусьці пэнсіянэры атрымоўваюць асалоду ад жыцьця, вандруюць і г.д. А мы адпрацавалі – і цяпер толькі можам дома сядзець, ці на дачы – не далей. Гэта несправядліва”.

Мужчына: “На гэтую пэнсію можна толькі ледзь-ледзь трымацца. Каб толькі не памерці ад голаду”.

Жанчына-пэнсіянэрка: “Канешне, гэта жахліва, калі прафэсар атрымлівае 300 тысяч пэнсіі. Гэта нікуды ня годна”.

Пэнсіянэр: “Несправядліва. Вось я маю 44 гады працоўнага стажу і атрымліваю, прабачце мяне, 350 тысяч... Гэта несправядліва”.

Жанчына: “У нас вельмі кароткі пэнсійны ўзрост. Людзі паміраюць рана. Які б ты ня меў аклад, у Беларусі існуе столь, вышэй за якую ты не атрымаеш. Гэта крыўдна, таму што хтосьці адпрацаваў, ня думаўшы пра адукацыю, а хтосьці сядзеў і грыз граніт навукі. Узнагароды ці падзякі ад дзяржавы не атрымаў. Паўстае пытаньне: “А навошта тады?”. Будзе краіна адных прыбіральшчыц, напрыклад. Беларусы заслугоўваюць большага”.
XS
SM
MD
LG