Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Датэрміновыя выбары ў Польшчы адбудуцца 21 кастрычніка


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскі Сэйм прагаласаваў за самароспуск – цяпер у краіне 21 кастрычніка адбудуцца датэрміновыя выбары.

“Такім чынам ухвалены закон у справе самароспуску парлямэнту Рэчыпаспалітай”, – заявіў сьпікер сэйму Людвік Дорн, пасьля таго як за скрачэньне тэрміну працы парлямэнту прагаласавала пераважная большасьць дэпутатаў, у тым ліку і ад кіруючай цяпер партыі “Права і справядлівасьць”.

Самароспуск парлямэнту – гэта наступства палітычнага крызісу, які пачаўся ў ліпені, калі ўрадавую кааліцыю пакінулі партыі Самаабарона і Ліга польскіх сем’яў. Кабінэт Яраслава Качыньскага страціў большасьць у Сэйме, неабходную для эфэктыўнай працы.

“Гэта будзе добрым урокам для выбаршчыкаў, якія, як мне падаецца, пачалі вельмі крытычна глядзець на палітычныя працэсы і больш цаніць вагу ўласнага голасу”, – заявіў адзін зь лідэраў буйнейшай апазыцыйнай партыі “Грамадзянская плятформа” Багдан Здраеўскі.

На дадзены момант цяжка прагназаваць, хто выйграе наступныя выбары. Паводле дадазеных апошніх апытаньняў, “Права і справядлівасьць” і “Грамадзянская плятформа” маюць амаль што аднолькавую падтрымку – прыкладна па 30% выбаршчыкаў.

Таксама як і кіруючая цяпер “Права і справядлівасьць”, “Грамадзянская плятформа” вельмі актыўна выказваецца ў падтрымку дэмакратычных пераменаў у Беларусі. Палітыкі гэтай партыі Браніслаў Камароўскі, Робэрт Тышкевіч, Багдан Кліх ды іншыя неаднаразова ўздымалі пытаньні, зьвязаныя з сытуацыяй у Беларусі, як у польскім Сэйме, так і ў Эўрапарлямэнце.

Польшча: абвешчана пра датэрміновыя выбары, 9.08.2007
XS
SM
MD
LG