Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народ на “Свабодзе”


Радыё Свабода Пра што пісалі ў лістах, тэлефанавалі, паведамлялі праз СМС слухачы “Свабоды” на мінулым тыдні.

Пра сыстэму адукацыі ў Беларусі

Кастусь Сырэль, Ушачы: “Наш Аляксандр Рыгоравіч – бы казачны Дзядуля Мароз ці Стары Хатабыч, толькі барады бракуе. Дзе ён зьявіцца – там па шчупаковаму загаду ўсё расьцьвітае. А дзе, прабачце за выраз, бардак – там яго днём з агнём не сустрэнеш.

Вось хай бы ён наведаў Ушацкую школу. Рамонт тут цягнецца ўжо чатыры гады, не спыняючыся і ў час заняткаў. Трэба толькі зьдзіўляцца цярплівасьці і самаадданасьці ушацкіх настаўнікаў, што чатыры гады працуюць у такіх умовах; а таксама здольнасьці вучняў, што яшчэ ўмудраюцца неяк паступаць у ВНУ. Бацька аднаго зь сёньняшніх адзінаццаціклясьнікаў мне сказаў: "Якія веды можа атрымаць мой сын, калі ў час урока ў суседняй клясе працуе адбойны малаток, а ў школе чатыры гады стаўбуном стаіць пыл?" Так, прыехаў першага верасьня на першы званок зь Віцебску нейкі начальнік з аблана, вельмі ўжо прабачаўся за гэты перманэнтны рамонт: грошай, маўляў, бракуе. Прабачце, ня веру! На нікому не патрэбныя прэзыдэнцкія домікі грошы цякуць ракой. Карацей кажучы, паабяцаў гэты начальнік да Новага году прывесьці школу ў належны выгляд. Але ягонымі абяцанкамі веды не заменіш. Як дзецям вучыцца, як потым паступаць?”

Пра стабільнасьць у дзяржаве

Галіна Александроўская, Магілёў: “Стабільнасьць – гэта калі ў дзяржаве ўсе слаі насельніцтва задаволены ўзроўнем свайго жыцьця. Чалавек павінен жыць у адпаведнасьці са сваімі здольнасьцямі. А ў Беларусі стабільна жывуць толькі тыя, хто ляяльны да ўлады (гэта недзе 25-30 працэнтаў насельніцтва).

Стабільнасьць – гэта калі своечасова выплочваюцца заробкі, пэнсіі, дапамогі, калі ў дзяржаве няма палітычных зьняволеных, перасьледу іншадумцаў, калі вядзецца сумленная палітычная барацьба, калі не фальшуюць выбары і няма парушэньняў правоў чалавека. А ў сёньняшняй Беларусі стабільна квітнее толькі жабрацтва.

Усім вядома, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі былі сфальшаваныя. Гэта прызнаў нават сам Лукашэнка. Ніводная дзяржава на Захадзе не прызнае Лукашэнку за легітымнага прэзыдэнта. А вы на Радыё Свабода чамусьці называеце яго прэзыдэнтам.

Як вы думаеце, чаму Казулін у турме слаба ідзе на папраўку? Бо калі ён слухае Радыё Свабода, то, я ўпэўнена, яго маральна прыгнятаюць вашы звароты да дыктатара як да прэзыдэнта Беларусі. Давайце дадзім з дапамогай “Свабоды” Казуліну тыя віртуальныя лекі, якія яму відавочна дапамогуць – пазбавім Лукашэнку прэзыдэнцкага статусу, і будзем называць яго дыктатарам”.

Пра навуку

Аляксандар Корж, Гомель: “На словах у нас у дзяржаве ўсё для чалавека, а ў сапраўднасьці – якраз наадварот.

Асабіста я стаўлюся да сучаснай беларускай навукі зь яе адміністратыўным механізмам кіраваньня, як да жэньшэневага крэму, у якім утрыманьне жэньшэню – адна дзесяцітысячная частка, а ўсё астатняе – інэртны і бескарысны вазэлін.

Добрую справу робіць Іна Кулей, якая па сутнасьці ратуе генафонд краіны ў цывілізаваным навучаньні моладзі за мяжой. Гэтак і трэба рабіць, пакуль нашы дзеці не ператварыліся ў той самы інэртны вазэлін для змазкі сучаснай “луканомікі”. Але ратаваць трэба ня толькі тых, хто яшчэ вучыцца, але і тых, хто гатовы ўжо нешта прапанаваць, а ў сваёй краіне яго ідэі не запатрабаваныя.

Я пражыў вялікае жыцьцё, а дажываць даводзіцца ў часы, якія нагадваюць сабой эпоху, што даўно мінула. Агульнай масе насельніцтва ў нас абяцаюць сьветлую будучыню, і толькі невялікі працэнт жыве ў сьветлай рэчаіснасьці. А чаму сьветлай павінна быць будучыня, а ня сёньняшні дзень? Калі ўлада ня можа нічога прапанаваць сёньня, яна проста вешае локшыны на вушы свайму лёгкавернаму народу”.

Пра стаўленьне да жанчын

Анатоль Жэрдзеў, Гомель: “У нас з часоў бальшавізму стаўленьне да жанчыны зусім не эўрапейскае. Стала звычаем, што ў грамадзкім транспарце мужчыны сядзяць, нават не саромеючыся, хоць побач стаіць жанчына. Таталітарызм і высакародныя адносіны да жанчыны несумяшчальныя, бо даведзеная да рабскага стану жанчына будзе і дзяцей выхоўваць такімі ж.

Хто слухае Радыё Свабода, ведаюць аб звальненьні маці Паўла Севярынца – настаўніцы, да якой не было ніякіх прэтэнзіяў, пакуль яе сын ня стаў апазыцыянэрам. Уладам добра вядома, якую ролю адыгрываюць сапраўдныя жанчыны ў выхаваньні сапраўдных мужчын. І калі б хтось спытаў: “Што галоўнае ў захаваньні бясьпекі дзяржавы?”, то мой адказ быў бы такі: “Абарона гонару і годнасьці тых, хто выхоўвае дзяцей, а гэта найперш – жанчыны”.

Паліўна-энергетычныя, харчовыя ды іншыя праблемы – другасныя, бо ўсё залежыць ад культуры грамадзтва: ці гэта ёсьць культура халуйства, ці – культура свабодных, добра адукаваных і выхаваных людзей”.

Пра літаратуру

Міхаіл Гнуты, Магілёў: “Я вельмі ганаруся нашым славутым пісьменьнікам Уладзімерам Караткевічам. Было б добра больш даведацца пра жыцьцё гэтага таленавітага аўтара, бо для мяне ён, безумоўна, найлепшы зь беларускіх пісьменьнікаў, дзякуючы якому ў нас яшчэ жыве беларушчына”.

Пра назвы праўладных арганізацыяў

Уладзімер Грыневіч, вёска Вішнявец Стаўбцоўскага раёну: “Спачатку маладыя прыхільнікі палітыкі Лукашэнкі называлі сябе БПСМ (патрыятычны саюз моладзі). Потым літара “п” кудысьці зьнікла. Чаму? Можа, таму, што так званымі “патрыётамі” яны былі на народныя грошы?

А вось цяпер па ўсёй Беларусі начальства стварае суполкі новай прапрэзыдэнцкай арганізацыі пад назвай “Белая Русь”. Зноў жа цікава: чаму белая, а не чырвона-зялёная? У іх жа на ўсё белае ці бела-чырвонае вочы наліваюцца крывёю – як у быкоў падчас карыды”.

Пра дасягненьні беларускай улады

Ігар Пастноў, Віцебск: “Занадта далёкія сёньняшнія апазыцыянэры ад народа. Ды і вашы свабодаўскія рэпартажы зроблены нібы з далёкай краіны, людзьмі, якія ня бачаць жыцьця Беларусі. А вы ж паглядзіце на нашы квітнеючыя гарады! Якая прыгажосьць! Паўсюль новабудоўлі.

Я – урач. На ўчастках штодня нараджаюцца двое-трое немаўлят. Многія мае знаёмыя атрымалі льготныя крэдыты, пабудавалі цудоўныя кватэры. Некаторыя зьехалі ў аграгарадкі. Атрымліваюць вельмі няблага (даяркі, сьвінаводы ды іншыя). І катэджы ім даюць. У гарадах узводзяць шыкоўныя шматпавярховыя дамы для шматдзетных і малазабясьпечаных сем’яў.

Параўноўваючы з Расеяй, у якой і нафта, і газ, магу сказаць, што мы жывем лепш. Яны раструбілі, як вялікае дасягненьне, што далі ўчастковым урачам па 10 тысяч расейскіх рублёў. А ў нас участковы ўрач ужо даўно атрымлівае ў сярэднім мільён беларускіх рублёў (гэта 12 тысяч расейскіх). А калі падпрацоўваць, дык можна зарабіць і болей. Маці атрымлівае пэнсію 300 тысяч, дык 100 тысяч на ашчадную кніжку адкладвае. Маміна сястра ў расейскім горадзе Кацельніч Кіраўскай вобласьці атрымлівае 3 тысячы рублёў, пры гэтым ні пра якія сацыяльныя праграмы нават ня чула. Словам, у сярэднім жывем някепска. А бамжа і п’яніцу можна знайсьці нават у самай пасьпяховай і багатай краіне.

А вы ўсё вышукваеце недахопы. То настаўнік недзе павесіўся, ня вытрымаўшы праверак; то прадпрымальніка аштрафавалі. За “Народную Волю” заступаецеся. Але давайце гаварыць неангажавана. Уявім, што ў ЗША зьявілася газэта пад назвай “Апазыцыя Беламу дому” і пачала высьмейваць ды зьневажаць Джорджа Буша. А сьмяяцца ж ёсьць з чаго. Усім вядома, што ён нярэдка трапляе ў розныя камічныя сытуацыі, словы блытае. Што б чакала такую газэту? Суд і пазбаўленьне ліцэнзіі”.

Спадарыня: “Колькі гадоў лукашысты боўтаюцца ў гэтым карыце, і ніхто ня можа адагнаць. Маёнткі, машыны, на гарбах усё з натуры за чужыя мазалі. За сталом седзячы, п’ючы каву. А з чым – пытаньне. Словы лукашыста: “Не такім капелюшы здымалі! Раз плюнуць! Прыціскаць, каб іншым не хацелася!” Як можа чалавек сказаць, а нават падумаць?! Гэта не жыцьцё, а пекла”.

Пра беларускую мову

Фэлікс Шкірманкоў, Слаўгарад: “Рыхтую яшчэ адзін зборнік паэзіі. Тэматыка – тая ж, што і ў папярэдніх кнігах: Беларусь, беларусы і іх лёс.

Ёсьць у адным з маіх вершаў такія радкі:

“…І толькі беларуса не пазнаць, На мове роднай ён ня будзе размаўляць, Бо прыклад паўсядзённы мае – Сам прэзыдэнт на рускай размаўляе І вельмі падазрона ставіцца да тых, Хто не адрокся каранёў сваіх. Таму паўсюдна сёньня ў краіне Адметнасьць беларуса – мова – гіне”.

Уладзімер Зьвернік, рускі чалавек, народжаны ў Маскве: “Паслушнаму вызначэньню аднаго са слухачоў “Свабоды” зацятая бальшавічка-лукашыстка, нягледзячы на сваё вясковае беларускае паходжаньне, абазваўшы беларускую мову “гадасьцю,” моцна абразіла ўвесь наш народ. Але ж Бог ёй судзьдзя. Дарэчы, пра судзьдзяў і іншых службоўцаў. Хочацца параіць сапраўднаму беларускаму патрыёту гамельчуку Сяржуку Сямёнаву зьвярнуцца ў пракуратуру са скаргай на тую “судзьдзю,” якая “ўкатала” яму амаль што мільённы штраф. А па-другое – на таго памежніка-мытніка, які ў стылі бальшавічкі-лукашысткі асабіста абразіў маладога хлопца, склаўшы на яго пратакол за патрабаваньне блянку дэклярацыі на беларускай мове. Падстава – грубае парушэньне абодвума чынушамі закона Рэспублікі Беларусь аб абавязковым ужываньні двухмоўя ў нашай краіне. Яны ня мелі права паводле гэтага закону: першае – адмовіць маладзёну ў ягонай законнай просьбе, а другое – прысудзіць яму такі велізарны штраф. Гэта яны парушылі беларускае заканадаўства, а не Сяржук Сямёнаў. І тут вельмі добра ўзгадаць словы Паўла Севярынца ў берасьцейскім судзе аб тым, што ў свой час такіх людзей будуць судзіць так, як яны судзяць нас самі”.

Пра дабрабыт

Спадарыня: “Я хачу сказаць, што пэнсіі ў нас налічаныя нядобра, несправядліва. Налічвалі наступным чынам: хто не рабіў ні на заводзе, ні ў калгасе, атрымліваюць па 350 тысяч пэнсіі. І я ведаю, што гэта несправядліва яны зрабілі так. А хто рабіў, па 40 гадоў стажу, ня толькі мне, шмат людзей так пакрыўдзілі, далі малыя пэнсіі. А цяпер ужо пускаюць чуткі, што падвысілі на 7%. Хто мае 350, то дадуць на два кіляграмы каўбасы, а ў каго менш пэнсія, значыць мала прыбавіцца. Можа, на 12 тысяч якіх… Вось як круцяць нас… мы просім Вас, шаноўная “Свабода” і высокапастаўленыя людзі, здымайце гэтую ўладу. Вярніце нам прэзыдэнтамі Шушкевіча і Пазьняка. Яны зрабілі добра і будуць рабіць добра. Я ўжо мільёны раз званю да Вас і адное і тое ж гавару”.

Пэнсіянэр, вэтэран працы: “Хачу даць параду нашаму ўсенароднаму “бацьку”. Дарагі “бацька”! Навошта пазбаўляць ільготаў пэнсіянэраў, інвалідаў для вырашэньня фінансавых праблемаў? Проста вазьмі аркуш паперы, напішы загад сваім “цэрбэрам,” каб у пэўны тэрмін вынішчылі ўсіх пэнсіянэраў і інвалідаў. І тады будуць сродкі для будаўніцтва новых бібліятэкаў, новых лядовых палацаў. Дзякуй, “бацька”.

Спадарыня: “У мяне такое меркаваньне. Усё, што пагражае Беларусі ў эканамічным пляне – падвышэньне коштаў, яшчэ больш нізкі ўзровень жыцьця і гэтак далей – Прыбалтыка і краіны Ўсходняй Эўропы перажывалі 15 год таму. Пераходзячы на рынкавую эканоміку. Падманваючы Расею і выдыгаючыся перад ёю, Лукашэнка клапаціўся і думаў толькі пра сябе: катаўся на каньках, гуляў у футбол, адпачываў у Сочы і гэтак далей. Пакуты і беды простага беларускага народа яго зусім не турбавалі. Бязьмежны эгаізм гэтага чалавека скалечыў лёс Беларусі і яе насельніцтва. Яго абмежаваны розум апіраецца на хлусьню і падман. Такому чалавеку нельга давяраць лёс нашай Беларусі.

Вельмі прыемна было пачуць пра вылучэньне нашага Станіслава Шушкевіча ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі. Калі б увесь гэты час заміж Лукашэнкі быў Станіслаў Шушкевіч, жылі б мы лепш. Магчыма, ня так, як хацелася б, але лепш, чым цяпер”.

Спадарыня: “Я хацела запытацца ў чыноўніка, які прыдумаў надбаўку пэнсіі ў адсотках, з чаго ён сыходзіў, калі прапаноўваў такую сыстэму? У якой дзяржаве Эўропы і сьвету існуе прыбаўка да пэнсіяў у адсотках? Калі б усе пэнсіі былі аднолькавыя, прыбаўка ў адсотках мела б нармальныя адносіны. Але таму што каэфіцыенты працоўнага стажу розныя, то і пэнсіі таксама розныя. А таму і прыбаўкі ў працэнтных адносінах несправядлівыя. Калі я змагу пачуць адказ на маё пытаньне? Няхай паслухаюць мой адказ радыёслухачы “Свабоды”, іх гэта тэма таксама зацікавіць. І я не выключаю таго, што са мною яны будуць салідарныя”.

Яцкевіч Аляксандр Анатольевіч, Віцебск: “Вельмі хацелася Вам патэлефанаваць, але падвысіў тарыфы, і я ня ведаю, што будзе. Мне ж ня толькі да Вас, а па ўсёй Беларусі хочацца тэлефанаваць, па магчымасьці. І яшчэ шмат куды. Гэта адно. Другое. Ведаеце, у нашай дзяржаве самыя лепшыя пэнсіі. Калі дзіця-інвалід атрымлівае напачатку свайго жыцьця якіх-небудзь сто тысяч, дык і ў 15 год – сто тысяч. Гэта самае лепшае раўнапраўе, я лічу. Мяне паставілі ў такія ўмовы, што я нічога не раблю і не магу рабіць нармальна. Як той казаў, калі сабаку няма чаго рабіць, дык самі ведаеце што. Вы адзіная аддушына ў мяне. Вам можна патэлефанаваць і проста падзяліцца. Я творчы чалавек, я працаваў творча ўсё сваё жыцьцё. І мяне нейкая малпа, прабачце, перакрэсьліла, усё жыцьцё, выкрасьліла з жыцьця, выкрасьліла зь дзяржавы. Праз два гады 60 гадоў мне будзе, калі дажыву”.

Пра вылучэньне Станіслава Шушкевіча на Нобелеўскую прэмію міру

Міхась Барута: “Учора ў праграме “Панарама” вядучы ўспомніў пра вылучэньне кандыдатуры Станіслава Шушкевіча на Нобэлеўскую прэмію, абвінаваціў яго ў распадзе Савецкага Саюзу, зьвязваў яго імя зь нейкай карэйскай сэктай, добра што яшчэ не з Аль-Каідай, а таксама сказаў, што той паедзе атрымліваць заробак ад гэтай сэкты. Час ведаць лукашэнкаўскаму падпявалу, што не Шушкевіч разваліў Савецкі Саюз, а Савецкі Саюз зваліўся пад цяжарам сваіх злачынстваў. А Шушкевіч і іншыя толькі зафіксавалі факт гэтага развалу. І няхай ён не клапоціцца пра заробак Шушкевіча. Станіслаў Станіслававіч атрымлівае заробак, чытаючы лекцыі ў прэстыжных унівэрсытэтах заходніх краінаў, куды гаспадароў таго вядучага і на парог не пускаюць”.

Спадарыня: “ Я хачу падзякаваць Леху Валэнсу і ўсяму польскаму ўраду за тое, што ён вылучыў Шушкевіча на прэмію, што ён яго памятае. Дзякую Вам. Дай Вам Бог здароўя. Таксама дзякую ўсім беларусам, якія падтрымалі Шушкевіча”.

Ільля Копыл, Менск: “Як і трэба было чакаць, дзяржаўныя СМІ абрынуліся на шаноўнага Станіслава Шушкевіча. Уладзе не да спадобы, што сусьветная грамадзкасьць выказала пакуль што толькі намеры па заслугам ацаніць дзейнасьць Станіслава Станіслававіча. Тая брыдота, якая была паказана па БТ, абражае Беларусь, абражае беларускі народ. Аўтарам такіх тэлеперадач ня месца на тэлебачаньні. Яны неадукаваныя, амаральныя асобы, невукі. Станіслаў Станіслававіч, не зьвяртайце ўвагі на гэты бруд, беражыце сябе, беражыце сваё здароўе. Ваш досьвед, Вашы веды, Ваш сусьветны аўтарытэт будзе патрэбен новай дэмакратычнай Беларусі”.

Спадар: “Я хачу выказацца наконт таго, што вылучаецца Шушкевіч на Нобэлеўскую прэмію... Ён раскідаў Савецкі Саюз. За чатыры гады ён расьцягнуў усю Беларусь. Расьцягнуў так, што за талёны куплялі панталёны, выдаў усім кніжкі. А цяпер яму Нобэлеўскую прэмію”.

Спадар: “Мяне вельмі зацікавіла, што Вы пазытыўна ацэньваеце сытуацыю з тым, што Шушкевіча вылучаюць на Нобэлеўскую прэмію. За што?! За тое, што ён разваліў Савецкі Саюз?! За тое, што ён вывеў ядзерную зброю?! Ядзерная зброя была Голубам міру! І калі там усе такія разумныя сядзіце, я Вас прашу..."

Часлаў Пазьлевіч: “Я таксама вылучаю Шушкевіча Станіслава Станіслававіча на кандыдатам у ляўрэаты на атрыманьне маёй пэнсіі. У законе Аб пэнсійным забесьпячэньні ад 17 красавіка 1992 году ён падзяліў беларусаў на “сваіх ды чужых”. Зарабіўшы пэнсію ў Беларусі і выехаўшы за мяжу, чалавек ня мае права яе атрымліваць. За гэта яму вялікі “дзякуй”. Падпісаў закон старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь С.Шушкевіч”.

Спадар: “Што можна гаварыць пра людзей і чыноўнікаў, калі ўлады пруць на лепшага беларуса ў нашым асяродзьдзі беларускім – Станіслава Шушкевіча. Згодзен са слухачом “Свабоды,” які казаў, што дыназаўры яшчэ ня вымерлі, а жывуць сярод нас”.

Пра суды над моладзевымі актывістамі

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “На судзе над Іванам Шылам пракурор зачытаў зьмест тэлефонных размоваў Івана са сваімі сябрамі. Вось да якой ганьбы дайшлі сёньня ўлады”.

Спадарыня Бялькевіч, Салігорск: “Паважаная “Свабода”, прапаную на прэмію заміж Шушкевіча вылучыць начальніка салігорскай міліцыі Захарчука. Па яго камандзе сёньня яго падначаленыя зьбівалі моладзь каля будынку суда, вырывалі з рук нацыянальную сымболіку, дзяўчат цягалі за валасы, хлопцаў – за ногі галавою аб асфальт. Вось гэта сапраўдная заслуга перад жыхарамі Салігорску і ўсёй Беларусі. Дзякуй”.

Спадар: “Пытаньне аштрафаваным апазыцыянэрам. Дзе Вы бераце мільёны на штрафы? У Вас багатыя сваякі, добрыя знаёмыя або шчодрыя іншаземцы? Таму што штрафуюць адных і тых жа асобаў. Бо ёсьць падазрэньне, што многія з Вас у змове з уладай. І такім чынам доіце наіўных “прастачкоў” для папаўненьня бяднеючай дзяржаўнай казны”.

Спадар: “Па сучасным меркам у Беларусі ня трэба быць ні рабочым, ні калгасьнікам, ні інжынэрам, ні вучоным, ні ўрачом і ні хімікам. Ідзіце, беларусы, у армію ці ў міліцыю, а яшчэ лепш у АМАП! Любіце прэзыдэнта, як сабака гаспадара, і тады ўсімі вамі любімы прэзыдэнт падзеліць бюджэтныя грошы, як вядомы па “Вясельлю ў Малінаўцы” Папандопула. І будуць вам і заробкі, і пэнсіі ў тры-пяць разоў большыя, чым астатнім працаўнікам гораду і вёскі. Але толькі не забывайцеся, спадары ваенныя і мянты, што па камандзе гаспадара “фас!” трэба нават матку родную не пашкадаваць, ня тое, што нейкага там Севярынца ці Казуліна. Усіх, хто бацьку перашкаджае, – ці ў турму, ці пад асфальт! Запомніце, спадары мянты, што чым зьлей сабака, тым даражэй яна гаспадару. А прэзыдэнт у нас вечны, як аўтамабіль “Запарожац”. Так што бязьбеднае існаваньне ўсім, у каго няма ні розуму, ні гонару, ні сумленьня, забясьпечана”.

Ларыса, Менск: “Кожны дзень уключаю “Свабоду” і толькі чую: судзяць дзяцей. Па пяць, па шэсьць чалавек. Няўжо няма іншай працы ў міліцыі, АМАПУ і ў судзьдзяў?! Вось балбочам: дзеці – шчасьце, дзеці – радасьць, дзеці – сьвет у ваконцы. І яшчэ. Якія б яны ні былі, – вялікія, разумныя, моцныя, – ім заўжды патрэбная наша абарона і дапамога. Але ў дадзеным выпадку, я маю на ўвазе гэтыя арышты, яны не знаходзяць ніякай абароны. Час нашаму кіраўніцтву падумаць над тым, што, можа, патрэбна прыслухацца да голасу маладых і нешта зьмяніць у сваіх дзеяньнях. Я асабіста ня бачу нічога крамольнага ў іх выказваньнях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG