Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 01.09.2007 - 07.09.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Расея не плянуе разьмяшчаць ядзерную зброю ў Беларусі. Такіх плянаў няма. ...У Беларусі ёсьць свой статус, замацаваны Канстытуцыяй. На гэтым, я лічу, пытаньне вычарпанае".

Сяргей Лаўроў, міністар замежных справаў Расеі – у адказ на просьбу пракамэнтаваць інтэрвію пасла Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, у якім дыплямат намякнуў на магчымасьць разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

"Беларусь – за аб''яднаньне намаганьняў эўрапейскіх дзяржаў у стварэньні магутнай і канкурэнтаздольнай Вялікай Эўропы з удзелам найбліжэйшых неэўрапейскіх партнэраў".

Валер Варанецкі, намесьнік міністра замежных спраў Беларусі – з выступу на міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай Эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва

“Францыя, Нямеччына і Вялікабрытанія зразумелі, што Беларусь – гэта не расейская губэрня, і што патрэбная іншая стратэгія ў дачыненьнях зь Менскам: больш кантактаў і паступовае “размываньне” рэжыму, бо ранейшая палітыка што да Беларусі скончылася поўнай паразай”.

Томас Гомбарт, супрацоўнік францускага Інстытуту замежных спраў – у інтэрвію польскай газэце “Dziennik”.

“Эўразьвяз не дазволіць аўтарытарнаму кіраўніцтву Беларусі перабіраць, у якіх сфэрах супрацоўнічаць”.

Крыстыяна Гоман, прэсавы сакратар Эўракамісіі – ў інтэрвію “Свабодзе” пра тое, што Эўразьвяз ня пойдзе на больш шчыльнае эканамічнае супрацоўніцтва зь Менскам, пакуль у Беларусі не адбудуцца зрухі да дэмакратызацыі.

“Не ператварайце звычайную справу ў палітычную. Мы судзілі б тут нават сябра незарэгістраванага таварыства хамячкоў”.

Пракурор – на працэсе над моладзевым актывістам Іванам Шылам.

“Краіна, якая нараджае такіх людзей, як Іван, сапраўды вартая свабоды. Гэта і прыгожа, і духова моцна, і якасна, і прафэсійна – тое, як яны змагаюцца. У гэтым адчуваецца тая вера і сіла, якой і блізка няма ні ў вачох правадыра на БТ, ні ў вачох міліцэйскіх начальнікаў, ні ў вачох тых БРСМ-аўцаў і сацыяльных пэдагогаў, якіх запіхалі сёньня ў залю суду”.

Павал Севярынец, палітык, былы палітвязень – у перадачы “Начная Свабода” пра суд над маладафронтаўцам Іванам Шылам і яго паплечнікамі ў Салігорску й Нясьвіжы.

“Створаны велізарны мэханізм падаўленьня, і ён павінен даваць нейкія вынікі – кагосьці трэба караць. Пры гэтым цэнтар прыняцьця рэпрэсіўных рашэньняў зьмяшчаецца ўсё ніжэй, а цэнтар прыняцьця адваротных рашэньняў, аб адмене рэпрэсіяў, падняўся ўжо да ўзроўню самога Лукашэнкі”.

Мікола Статкевіч, палітык, былы палітвязень – у перадачы “Ранішняя экспэртыза”.

“Наконт сябе магу сказаць, што ў апошнія суткі перад судом для мяне гэта былі вельмі цяжкі дзень і ноч таксама, а пад раніцу прыйшло такое адчуваньне, што насамрэч гэта ня суд па крымінальнай справе, а іспыт на трываласьць. Ясная справа, што на іспыт я вырашыла прыйсьці ў сьвяточным строі”.

Наста Азарка, моладзевая атывістка, асуджаная на гэтым тыдні да штрафу – у перадачы “Начная Свабода” пра працэс над ёю.

“Я хацела б гаварыць пра адказнасьць эліты. З усіх школьных праграмаў выкінутая ўся сапраўдная беларуская літаратура: Быкаў, Бураўкін, Законьнікаў, Арлоў – наш сьвет. І што адбываецца – дзе нашая інтэлігенцыя, дзе пратэсты? За царскім часам было нейкае паняцьце гонару, якое сёньня зусім зьнікла. А па правілах гонару, якія б выратавалі годнасьць нацыі, міністар адукацыі, міністар культуры павінныя былі сысьці ў адстаўку, мусілі быць нейкія заявы пісьменьнікаў – аднак нічога гэтага няма... Што ж адбываецца з намі? Гэтае пытаньне кожны павінен задаць сабе”.

Сьвятлана Алексіевіч, пісьменьніца – у перадачы “Госьць на Свабодзе”

“Як Вы ставіцеся да Бога?”

Пытаньне, зададзеная слонімцу Юрыю Масюку афіцэрам КДБ, які высьвятляў, ці не ўваходзіць спадар Масюк у незарэгістраваныя хрысьціянскія арганізацыі.
XS
SM
MD
LG