Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 7 верасьня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва.

На форумах парталу абмяркоўваюць навіну: менскі гадзіньнікавы завод “Прамень” могуць прадаць замежнаму інвэстару. Пра гэта заявіў агенцтву БелТА намесьнік міністра эканомікі Алег Мельнікаў. Ён заявіў таксама, што трэба знайсьці інвэстара й паставіць яму шэраг умоваў, напрыклад адносна захаваньня працоўных месцаў. Вось як на гэтыя заявы рэагуюць удзельнікі форумаў:

“Прабачце, яго ўсё ж прададуць на злом альбо ў яго ўкладуць грошы інвэстары для пераўзбраеньня вытворчасьці?”

“Зноў офшоры-оншоры... няхай абвесьцяць тэндэр... Дарэчы, шаноўныя, завод – дзяржмаёмасьць, то бок нашая з вамі ў тым ліку. Ён за нашыя падаткі функцыянуе... Што гэта за прыватызацыя такая?” “Звар’яцець. Спачатку знойдзем інвэстара, потым будзем дыктаваць яму ўмовы. Як уяўлю, хочацца сьмяяцца й плакаць. Возьмем Абрамовіча за хобат, навяжам яму гвалтам завод, а потым будзем пхаць яго тварам у паперку, прыгаворваючы: “Глядзі, гэта нашыя ўмовы”. Годзе, калі б інвэстары перад дзьвярыма таўкліся...”

“Ідыёцкая гэта прыдумка – абавязваць захоўваць усе працоўныя месцы. Калі я як інвэстар хачу ўдасканаліць вытворчасьць, я стаўлю новы аўтаматычны комплекс. Гэта значыць, што 70 адсоткаў працоўных месцаў мне не патрэбныя. А з такімі ўмовамі мне папросту мадэрнізаваць вытворчасьць ня выгадна”.

У суполцы “Жывога журналу” нехта Al_t_er піша: “Хто-небудзь калі кантактаваў зь людзьмі, выявы якіх зьмешчаныя на ўсіх гэтых агітплякатах “ЗА што-небудзь”? Цікавіць іхнае стаўленьне да таго, што іхныя фізіі фігуруюць на такіх неадназначных палотнах. Хоць наўрад ці яны ў нечым прызнаюцца, але раптам?..” Чальцы суполкі дзеляцца меркаваньнямі:

“Іх, мяркую, у фаташопе генэруюць”.

“Ведаю я адну такую дзяўчыну. Фота скарыстана бязь ейнага ведама”.

“Ім паралельна, мяркую. Там збольшага нейкія бабці старыя ў нацыянальных строях альбо першаклясьнікі зь лінейкай у зубах. Напэўна, нечыя сваякі з тых, хто ўвогуле ўсімі гэтымі нацыяналістычнымі праектамі займаецца. БРСМаўцы таксама па зямлі ходзяць і дыхаюць адным з вамі паветрам. Проста ўва ўсіх па-рознаму мазгі закручаныя”.

На сайте зьявіўся такі запіс: “У 10-й школе ў Горадні, як выяўляецца, ня толькі ангельскую мову пачынаюць вывучаць зь першай клясы, але й нямецкую як другую – зь пятай. А найважнейшая задача школы – “прышчапленьне вучням асноўных каштоўнасьцяў, перакананьняў, ідэяў, якія адлюстроўваюць сутнасьць беларускай дзяржаўнасьці й фармаваньне актыўнай грамадзянскай пазыцыі моладзі ў станаўленьні моцнай дзяржавы”.

На сайце адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні вось што сказана пра школу: “Нашыя шэфы: Гарадзенскі лікёра-гарэлачны завод”. Як кажа блогерка , “з такімі шэфамі й БРСМ ня страшны. А іншых і шукаць ня трэба...”

На сайце можна знайсьці артыкул пра тое, што ў Брытаніі ўнівэрсытэцкія дыплёмы пачалі абясцэньвацца: няма сэнсу атрымліваць вышэйшую адукацыю, калі выпускнік коледжу зарабляе нават болей.

Аўтар артыкулу Даша Слабчанка праводзіць паралелі зь беларускай рэчаіснасьцю: “Такая ж самая праблема стаіць і ў нас. Толькі ніхто не заклапочаныя яе вырашэньнем. Дый маштабы розныя. Дакладна становішча настаўніка гісторыі ў Вялікабрытаніі будзе лепшым у параўнаньні з такім самым спэцыялістам у Беларусі. На жаль, пралічыць вяртаньне інвэстыцыяў у адукацыю немагчыма, бо часта будучыя заробкі залежаць не ад якасьці атрыманай адукацыі, а ад сувязяў. Але, напрыклад, кандуктар у аўтобусе атрымлівае 700 тысяч на месяц, і яму ня тое што вышэйшая, сярэдняя адукацыя не патрэбная, а малады выкладчык унівэрсытэту можа разьлічваць прыблізна на тысяч 400, ды яшчэ звольняць на лета, каб не плаціць адпускных”.

* * *

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG